Грамадства

«Лукашэнка акружыў сябе сілавікамі». Экс-дыпламаты разважаюць, як сыход Макея адаб’ецца на сістэме

Якія змены можна чакаць у працы МЗС? Як Уладзімір Макей уплываў пасля выбараў на выбудоўванне знешняй палітыкі Беларусі? Разважаюць былыя дыпламаты Валер Кавалеўскі і Павел Слюнькін.

«Кантакты з Захадам былі, але нічога не давалі»

Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах Валер Кавалеўскі з Уладзімірам Макеем непасрэдна не працаваў. 

«У той час, калі я быў у МЗС, Макей працаваў памочнікам у Адміністрацыі Лукашэнкі. Былі пэўныя супольныя сувязі, але шчыльных адносінаў не», — кажа ён. 

Кавалеўскі лічыць, што Макей у першую чаргу — страта для рэжыму Лукашэнкі, а не для краіны.

«Варта адзначыць, што пасля 2020-га роля Макея ў прыняцці рашэнняў рэзка знізілася, — расказвае ён. —

Фактычна знешняя палітыка Беларусі знікла, Макей выконваў цырыманіяльную ролю, яго меркаванне не ўлічвалася. Разам з тым гэта чалавек, які меў аўтарытэт на Захадзе да 2020-га. Яго ўспрымалі з пэўным узроўнем даверу, але пасля выбараў ён знік».

Валер Кавалеўскі лічыць, што персона, якая прыйдзе на пасаду міністра замежных спраў, будзе праводзіць абсалютна лукашэнкаўскую палітыку.

«Станоўчых прагнозаў у мяне няма, — кажа ён. — Пасля 2020-га ў Макея некалькі разоў на год атрымлівалася выязджаць за межы Беларусі, не ў Расію, Цэнтральную Азію, а ў краіны Заходняй Еўропы, але гэтыя кантакты нічога не давалі. Большасць з іх заставаліся непублічнымі, бо еўрапейскія міністры замежных спраў саромеюцца сустракацца з чалавекам, які з’яўляецца галоўным дыпламатам дыктатара. 

Ніякіх прыкмет нармалізацыі адносінаў паміж дыктатурай і дэмакратычным Захадам на сёння няма. Макей ніяк не мог карыстацца астаткам свайго аўтарытэту, сувязямі для таго, каб выраўняць адносіны з Захадам, бо з таго боку існуе абсалютнае непрыняцце рэжыму Лукашэнкі пасля 2020-га, а гэта вельмі адбіваецца на тым, што могуць рабіць дыпламаты».

«Знешнюю палітыку цяпер задаюць умовы, а не чалавек»

Былы супрацоўнік МЗС Павел Слюнькін лічыць, што сыход Макея на знешнюю палітыку ніяк уплываць не будзе, бо яна фарміруецца не столькі чалавекам, які ўзначальвае ведамства, колькі ўмовамі, у якіх існуе. 

«Цяпер умоў для зменаў няма, калі ніводзін з бакоў (ні Захад, ні рэжым Лукашэнкі) не гатовы ісці на істотныя крокі, саступкі, — кажа ён. — Напрыклад, рэжым Лукашэнкі можа вызваліць палітзняволеных, але пры гэтым ён не спыніць рэпрэсіі і не зможа гарантаваць, што расійскія войскі сыдуць з тэрыторыі Беларусі. Проста не існуе перамоўнага парадку дня. У гэтым праблема. Каго ні прызнач, гэты фактар не зменіцца, пакуль бакі самі не захочуць моцна змяніць свае падыходы». 

Павел Слюнькін кажа, што ў залежнасці ад таго, каго прызначыць Лукашэнка новым міністрам замежных спраў, можна будзе прыкладна здагадвацца, якія задачы ён ставіць перад МЗС. 

«Калі сілавіка, русафіла, які будзе прасоўваць ідэі «Захад — вораг», «Мы з Расіяй», — гэта дасць нам разуменне, як Лукашэнка бачыць цяпер знешнюю палітыку. Калі кар’ернага дыпламата, які б асабліва не выказваўся па-антызаходняму, то гэта, безумоўна, будзе сведчыць пра тое, что МЗС у дзеючых умовах паспрабуе кантактаваць з Захадам. А можа быць увогуле нечаканая фігура, якая б спалучала адначасова і тое, і другое», — разважае ён. 

Павел Слюнькін таксама называе адметнасць фігуры Уладзіміра Макея. Па-першае, ён адначасова меў вайсковы досвед і дыпламатычны.

«Ён з Лукашэнкам размаўляў як вайсковец. Усе аўтарытарыі любяць, калі падначаленыя стукаюць абцасамі. І Лукашэнка таксама, а Макей гэта ўмеў рабіць, прэзентаваў сябе як лаяльнага выканаўцу.

Калі ён сустракаўся з замежнікамі — уключаў таленавітага дыпламата, які мог размаўляць на некалькі мовах, ведаў, што ад яго хочуць пачуць, умеў растлумачыць.

Я гэта адзначаю, таму што прысутнічаў з ім на некаторых перамовах. Да 2020-га замежнапалітычнае развіццё фармулявала МЗС і часткова ўнутрапалітычнае таксама — лібералізацыя, рэформы. Пасля выбараў — сілавікі ў трэндзе», — расказвае Слюнькін.

Павел мяркуе, што сярод кандыдатаў на пасаду міністра замежных спраў шанцы ёсць у першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Максіма Рыжанкова і намесніка міністра Сяргея Алейніка. 

«Трэцяя фігура — чалавек, які мае вайсковы досвед і адначасова валодае замежнымі мовамі. Гэта таксама тэарэтычная замена. Лукашэнка ўсюды папрызначаў сілавікоў, яму важна, каб яны яго акружалі. І гэта адлюстроўвае тое, як ён цяпер бачыць сітуацыю», — кажа ён.

Чытайце таксама: 

Сталі вядомыя кандыдатуры на замену незаменнага міністра

У Мінску развітваюцца з Уладзімірам Макеем ШМАТ ФОТАЎ

Абяцаў, што расійскія войскі не застануцца пасля вучэнняў, хацеў быць пакараным за вернасць і разводзіў курэй. 10 фактаў пра Уладзіміра Макея

Каментары

Цяпер чытаюць

Над шэрым кардыналам Нацбанка згусціліся хмары? Затрымалі яго сябра, былога выканаўчага дырэктара Банка развіцця5

Над шэрым кардыналам Нацбанка згусціліся хмары? Затрымалі яго сябра, былога выканаўчага дырэктара Банка развіцця

Усе навіны →
Усе навіны

Мінсувязі: У дрэннай мабільнай сувязі вінаваты вашы вокны2

Z-ваенкары паведамляюць пра штурм Гуляйполя14

Расіяне едуць у Беларусь на святы: браніраванне гатэляў падскочыла10

Першая краіна свету забараняе сацсеткі для дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў. Як гэта будзе працаваць6

Вызвалілі палітзняволеную маці чатырох дзяцей. Яе мужу прысудзілі 24 гады калоніі3

Шары з кантрабандай з Беларусі даляцелі да Латвіі7

«Яго не існуе». У адміністрацыі Трампа пацвердзілі спыненне працы DOGE, якім кіраваў Маск2

Кіраўніца місіі дэмсіл: За Украіну загінула каля ста беларускіх добраахвотнікаў22

Літоўскія фуры праз мяжу ўсё яшчэ не едуць3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Над шэрым кардыналам Нацбанка згусціліся хмары? Затрымалі яго сябра, былога выканаўчага дырэктара Банка развіцця5

Над шэрым кардыналам Нацбанка згусціліся хмары? Затрымалі яго сябра, былога выканаўчага дырэктара Банка развіцця

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць