Культура

Уладзімір Сцяпан: У іх свая мерка літаратуры — колькасць базавых

Уладзімір Сцяпан — майстар кароткай псіхалагічнай прозы і стваральнік трагікамічнага «сапраўднага вяскоўца». Ён не лічыць сябе рэалістам, аднак героі і дэкарацыі Сцяпана — пранізліва трапныя і пазнавальныя.

У 2019 годзе за зборнік апавяданняў «Хвалі» яму прысудзілі Нацыянальную літаратурную прэмію — дзяржаўную ўзнагароду; адначасова з тым Сцяпан адмовіўся ад супрацоўніцтва з «Советской Белоруссией». Цяпер пісьменнік на пенсіі і жыве ў вёсцы, пішуць «Свободные новости».

Пагаварылі з Уладзімірам пра апошніх рэалістаў і меранне кніжкамі, пра праблемы дзяржаўных выдавецтваў і прэміі, сварку з Глобусам і лепшых пісьменнікаў краіны.

— Шведскія крытыкі назвалі Васіля Быкава апошнім рэалістам. Але калі глядзець на беларускую літаратуру пасля Быкава, бачна, што рэалізм яшчэ жывы — той жа Федарэнка, ці Алена Брава, ці вы. На ваш погляд, гэта натуральнае развіццё рэалістычнай літаратуры ці вы ўсе — прадстаўнікі выміраючага віду?

— Калі параўнаць з іншым мастацтвам, напрыклад, жывапісам, бачна, што рэалістычнае мастацтва як існавала пяцьсот гадоў таму, так і працягвае існаваць. Яго робіцца то больш, то менш, адсотак няпэўны, аднак рэалізм увесь час займае сваё месца. Але я не лічу сябе такім ужо рэалістам, збольшага гэта фантазіі — тое, што я пішу.

— То-бок, абразкі, якія вы публікуеце, не трэба лічыць дакументальнымі сведчаннямі?

— Канечне, не. Канечне, гэта выдумкі. Я штосьці падгледзеў, а ў іншым… Як кажуць, «не саврош — красіва не раскажаш». Гэта напалову прыдумана, нават больш, чым напалову. Падгледжаныя дэталі абсалюдна дакладныя, і ты пачынаеш верыць, што праўдзівая ўся карціна. Так ва ўсім мастацтве. Як казаў мой настаўнік Хаім Майсеевіч Ліўшыц, які ведаў Шагала, у жывапісе «чуть-чуть не так і всё не так». Так і ў літаратуры.

— Для вас жывапіс і літаратура суіснуюць паралельна, нароўні? Ці літаратура пераважае?

— Жывапісам, выяўленчым мастацтвам, калі скласці ўсё і ўзважыць, я займаўся больш: дзесяць гадоў, пакуль вучыўся ў мастацкім вучылішчы, інстытуце, прафесійна, кожны дзень маляваў. Нават дактары так не вучацца, як нас вучылі. І да гэтага яшчэ гурток выяўленчага мастацтва, і потым усё жыццё з ім звязанае. А літаратура прыйшла ў маё жыццё не тое каб выпадкова, але не мэтанакіравана. Я не збіраўся рабіцца пісьменнікам, журналістам. Потым, ужо ў інстытуце, з’явіўся такі асяродак, пісьменнікі, паэты, захацелася самому паспрабаваць пісаць, пайшло-паехала — і вось даехала. Цяпер я зноў пачаў займацца жывапісам.

— Можна сказаць, што вас зацягнула міжволі ў беларускую літаратуру?

— Я б не сказаў, што міжволі. Гэта ўсё ж было па ўласным жаданні. Мне проста падалося ў нейкі момант, што займацца літаратурай больш танна, чым жывапісам. Па-першае, не трэба майстэрня, не трэба фарбы купляць, палотны, эцюднікі, не трэба плаціць натуршчыкам. Для літаратуры трэба сшытак у клетачку, аловак — і можна пісаць. Напішаш ты сто карцін — а дзе іх захоўваць? Валтузні з карцінамі больш, чым з літаратурай. А цяпер увогуле проста: павесіў на фэйсбуку — і людзі чытаюць. Карцінкі таксама можна вешаць, але з жывапісам усё адно па выдатках даражэй атрымліваецца. Гэта трохі смешнае тлумачэнне, але жыццёвае.

— Бытавое і рэалістычнае, я б сказала. А вось вы кажаце, што можна публікаваць тэксты ў сацыяльных сетках. Але ёсць меркаванне, што сеціўная літаратура «несапраўдная». Пакуль кніжку не выдасі — не лічыцца.

— Здаецца, гэта Ціхан Чарнякевіч сказаў, што пісьменнікі мераюцца кніжкамі, а не фэйсбучнымі пастамі. Няма кніжкі — і пісьменніка быццам няма. Гэта, відаць, як персанальныя выставы ў мастакоў. І не заўсёды поспех выставы залежыць ад мастака. Так і з кніжкамі. Аднясеш у выдавецтва, трапіцца рэдактар дуркаваты, павыкідае тое, што табе падабаецца, што ты лічыш цікавым. Ці проста выдадуць не таго памеру кніжку, што хацеў, не таго колеру ці на кепскай паперы — і ўсё, сапсавалі свята. Кніжка атрымліваецца ўбогая. Аднак у тэксце ёсць чароўная якасць — яго немагчыма сапсаваць: дробнымі яго літарамі надрукуеш ці вялікімі, сінімі ці чырвонымі, на бруднай паперы ці на гладзенькай, крэйдавай — без розніцы для тэксту, тэкст існуе сам па сабе. Слова мае вялікую вышыню ў гэтых адносінах, яно можа вось так існаваць.

— Вы так сказалі пра «ўбогую кніжку» — падалося, гэта гісторыя з асабістага жыцця.

— Проста з кніжкамі пачынаецца валтузня: напісаў і думаеш «вось зараз яна выйдзе, будзе радасць». Аддаў у выдавецтва — а яна год не выходзіць, тры не выходзіць. На пяты прыходзіш і кажаш: «Я забіраю кнігу з выдавецтва, выдам дзе-небудзь за свае грошы». «Не-не-не, мы ўжо аддалі ў друкарню, зараз кніжка будзе!» А потым кажуць: «Ну прабач, сродкаў не было, выдалі вось так, у мяккай вокладцы, на газетнай паперы…» Для кніжкі як для кніжкі гэта не вельмі, а тэксту без розніцы, на якой ён паперы выдадзены — гербавай ці звычайнай.

— Па вашым апісанні гэта гісторыя пра «Адну капейку».

— Яно так і ёсць. Мне галаву дурылі з гэтай кнігай неверагодную колькасць часу, з аднаго выдавецтва ў другое перакідвалі, прычым начальнікі пераходзілі з месца на месца — і кніжка з імі. «Хвалі» таксама ляжалі тры гады. Два разы памянялі назву… Мне неяк не вельмі шанцуе з выданнем кніжак, і ўспамінаць не хочацца. Тым больш што цяпер пачалася іншая смешная гісторыя: Камунікат прапануе вывесіць маю кніжку, каб людзі маглі чытаць, а з выдавецтва кажуць «Не-не-не! А мы што з гэтага будзем мець? Мы яшчэ можа прададзім пейсят кніжак! Мы супраць! Мы маем правы!». Зрэшты, маюць. Але гэта не пра літаратуру, гэта пра «матэрыялізацыю» літаратуры.

— Дарэчы, пра «Хвалі». Вам за яе ў 2019 годзе далі Нацыянальную літаратурную прэмію — дзяржаўную ўзнагароду…

— Гэта было так смешна… Я сядзеў у вёсцы. Звоніць Гальпяровіч, кажа — «Ты не супраць?.. Вырашылі табе даць прэмію, такая кніжка класная». Я кажу, давайце. І, як кажа Федарэнка, «піва безалкагольнае ці не?» — з грашыма прэмія ці так?.. Не, кажуць, будзе нейкая капейчына. Ну як капейчына, то зусім добра. Не паспеў я тую прэмію атрымаць, як напісаў ліст, што не буду супрацоўнічаць з «Советской Белоруссией»… А прэмію яны ўжо не маглі ў мяне забраць.

— Удала атрымалася.

— Можна сказаць, што і ўдала. Прычым усё гэта было неяк адначасова: літаральна праз два дні пасля званка я напісаў той ліст і думаў, што магу пра прэмію забыць. Але ж не, прыехаў у нейкую ўстанову, мне далі ведамасць, я распісаўся і атрымаў грошы. Вот і ўсё. Усіх дзялоў. Як зарплату атрымаў — ніякіх пацісканняў рук, «напутственных» слоў.

 Нацыянальная прэмія сувымерная з прэміяй Гедройця?

— Яна не зусім дробненькая, у памеры добрай зарплаты, скажам так. Яе і налічваюць у колькасці базавых адзінак.

— Як штраф.

— Як штраф, так. У іх свая мерка літаратуры — колькасць базавых.

— Пасля прысуджэння Нацыянальнай прэміі ў вас здарыўся канфлікт з Адамам Глобусам. Нягледзячы на даўнюю гісторыю сяброўства, ён штосьці крытычнае пра вас напісаў, потым публікацыю выдаліў, а потым вы перапынілі стасункі. Што гэта за гісторыя?

— Было не зусім так. І не з гэтай прэміяй, а з Гедройцям… Гэта доўгая гісторыя… Мы крыху па-рознаму пачалі глядзець на літаратуру, на жыццё, і ўзаемаадносіны нашыя разышліся. Ён спрабаваў нешта абразлівае пісаць, потым перастаў, я на гэта не рэагаваў, бо мне зрабілася нецікава. Цяпер можам павітацца, калі сустрэнемся лоб у лоб, але стасункі не падтрымліваем. А сябравалі доўга, з 1973 года. Шмат рознага пра гэта можна расказаць, можна напісаць раман, але не хачу казаць пра яго нічога — ні кепскага, ні добрага.

— Вы казалі пра тое, што пісьменнікі мераюцца кніжкамі. Ці ёсць у вас памкненне выдаць збор твораў?

— У мяне такога памкнення няма, і я думаю, што гэта і не трэба. Што туды ставіць?Я напісаў 50 ці 60 здаравенных камерцыйных раманаў, і ў мяне з’явілася алергія на вялікую колькасць кніжак, на паліцу, застаўленую аднолькавымі вокладкамі з нумарамі — першы, другі, трэці… Мне здаецца, што якая-небудзь маленькая кніжачка можа пражыць нашмат больш, чым збор твораў.

Калі высялялі бібліятэку Саюза пісьменнікаў, папрасілі дапамагчы выносіць кніжкі. І я звярнуў увагу на збор твораў — з дзясятак тамоў нейкага пісьменніка Сафронава, у саф’янавых вокладках. Пачаў разбірацца, што гэта такое, высветлілася, быў такі сакратар Саюза пісьменнікаў СССР. І хто яго зараз згадвае акрамя як кепскі прыклад? А Багдановіча з адной кніжачкай мы можам згадваць кожны дзень, і гэта нам у радасць. Можам згадваць Наўроцкага і Сыса. Ёсць шматтомныя пісьменнікі, якія і цяпер неактуальныя, і былі такія, але яны знаходзіліся ў сістэме і машына на іх працавала, машына іх выдавала, нават кіно ставілася і спектаклі. А народу гэта не трэба. Вось які-небудзь Майсей Кульбак — хто яго ведаў?.. І раптам высветлілася, што ён геніяльны. Маё пакаленне будзе яго чытаць, вашае пакаленне будзе чытаць, магчыма, наступныя. Таму што гэта цікава. Таму што літаратура — гэта не пра што, а як.

Як ты раскажаш пра маці, пра бацьку, пра надвор’е, пра вёску — вось гэта цікава. А ў нас думаюць, калі я напішу пра калектывізацыю ці пра ўз'яднанне Заходняй Беларусі і Усходняй — гэта будзе добра. Гэта проста тэма, фактура. Вось так я думаю. Узяць жывапіс, у якім я больш-менш разбіраюся, — адзін і той жа яблык можна пісаць сто, дзвесце разоў, адно і тое ж дрэва можна пісаць, адзін матыў, і яно будзе кожны раз новае. Класны мастак піша адзін і той жа матыў, але ён кожны раз атрымліваецца па-рознаму, а ў кепскага мастака розныя краявіды атрымліваюцца аднолькавымі. Мінскі дом урада ці Крэмль, Нотр-Дам ці Руанскі сабор — усё атрымаецца аднолькава кепска. Браслаўшчына і Каталоншчына будуць у яго аднолькавыя, толькі замест бярозы — пальма. Законы мастацтва ўніверсальныя, іх не пераплюнеш, не аб’едзеш — што для жывапісу, што для архітэктуры, што для тэатра, што для музыкі. Калі ты пачынаеш гэта разумець, то разумееш усю гэтую вялікую машыну, якую называюць культурай і мастацтвам. На маю думку, мастацтва — гэта феномен стылю. Ён можа быць кепскі, але пазнавальны. Мы можам прачытаць два выпадковыя абзацы і здагадацца, хто гэта напісаў.

— Калі гэта майстар.

— Калі гэта майстар, так. Або прыходзім на выставу і можам не чытаць цэтлікі пад карцінамі — мы адразу, здаля бачым — гэта Пікаса, гэта Кішчанка, гэта Савіцкі. Мастацтва гэта стыль. Гэта не тэма, як многія ў нас думаюць. І не ідэя.

— Для вас ёсць у беларускай літаратуры такія майстры, якіх можна пазнаць па пары сказаў, некалькіх штрыхах?

— Ды канечне, вагон! Я пазнаю і Федарэнку, і Стральцова, і Мележа, і Чорнага, і Гарэцкага, і Наўроцкага, і Бабкова магу пазнаць, і Арлова, і Вежнавец…

— А калі казаць не пра ацэначнасць, а пра сугучнасць, пра любімае: каго вы чытаеце для сябе?

— Стральцова. Мележа. У нас не такая вялізная паліца з такой, скажам, суперлітаратурай. Магу Чорнага пачытаць. Магу Федарэнку. Або Купалу з Коласам. Тое ж, што ўсе.

— А з моладзі?

— Я б хацеў, каб пачаў пісаць па-беларуску Андрэй Дудко. Спрабую яго падштурхнуць, але ён пакуль што ўпарціцца. Ён цікавы пісьменнік, у яго ўжо ёсць свой стыль. Хаця вось гэтая вашая генерацыя — Анціпаў, Дудко, Сін… Мне цікава, але мне хочацца гэта перапісаць, зрабіць па-свойму. Класную літаратуру адрознівае тое, што яна вымагае ад цябе працягу. Прачытаў класную кніжку — і хочацца зрабіць падобнае. Тое, што рабіць нашая моладзь, мне рабіць не хочацца. Брыль неяк казаў, што любіць чытаць сваё пакаленне. Я таксама. Таму што пакаленне мае свае коды, слоўцы, ідэі, і я разумею, пра што аўтар імкнецца расказаць — і як ён імкнецца гэта зрабіць.

Каментары

Цяпер чытаюць

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу75

Грамадствадапоўнена75

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Усе навіны →
Усе навіны

Рэдкага чорнага ваўка забілі паляўнічыя ў Лідскім раёне4

У Вільні праходзіць пратэст перавозчыкаў у сувязі з блакаваннем фур беларускімі ўладамі15

Стала вядома, з кім яшчэ сустракаўся Дзмітрый Лукашэнка ў Інданезіі7

У Кіеве знайшлі мёртвым сына першага касманаўта незалежнай Украіны

Украінскі пастаянны прадстаўнік у ААН, адказваючы расійскай дэлегацыі, дзеля некалькіх словаў перайшоў на расійскую мову26

У «Паўночным Беразе» нешта добра гарыць

Зяленскі паведаміў пра існаванне трох дакументаў, якія датычацца завяршэння вайны ва Украіне

Міністэрства ЖКГ расказала, як «дармаеды» ды іх сямейнікі павінны плаціць за камуналку5

Як правільна выбраць салодкі падарунак дзіцяці і якіх дабавак трэба пазбягаць2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу75

Грамадствадапоўнена75

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць