Спорт

Абрамовіч прадае «Чэлсі», які зрабіў суперклубам. Вось чатыры лічбы, што вас шакуюць

Сусветныя санкцыі вымусілі расійскага алігарха адмовіцца ад валодання любімым актывам. Утрыманне і абслугоўванне лонданскіх «ільвоў» распачала эпоху касмічных выдаткаў у футболе і назаўсёды змяніла сусветны спорт. «Наша Ніва» падсумоўвае самыя знакавыя лічбы ў гісторыі «Чэлсі» — і шалее ад колькасці нулёў ва ўгодах.

Цягам 19 гадоў Раман Абрамовіч намагаўся зрабіць «Чэлсі» лепшым клубам свету. Калаж: thesun.co.uk

Набыў за 140 мільёнаў фунтаў, прадаў за 4,25 млрд

У 2003 годзе Раман Абрамовіч стаў першым рускім уладальнікам клуба Прэм'ер-лігі: усяго за 10 хвілін з пачатку перамоў ён ухваліў афармленне рэкорднай на той момант угоды ў гісторыі брытанскага футбола. Алігарха не збянтэжыла ні неабходнасць аддаць 59,3 млн за кантрольны пакет акцый, ні патрэба закрыць 80 млн лонданскіх пазык. Для параўнання: былы ўласнік «Чэлсі» Кен Бэйтс, што стаяў на чале «ільвоў» з 1982 года, выдаткаваў на пакупку сімвалічны адзін фунт — ды яшчэ паўтара мільёна на спраўджванне банкавых абавязацельстваў.

Сёння ж Абрамовіч перадае клуб кансорцыуму мільярдэраў у складзе Тода Баэлі (на рахунках — 4,5 млрд даляраў), Марка Уолтэра (3,9 млрд) ды Ханса-Йорга Віса (5 млрд). Кошт угоды — 4,25 млрд фунтаў. Пры гэтым 1,75 млрд пойдуць непасрэдна на развіццё «Чэлсі»: інфраструктуры, мужчынскай і жаночых каманд, акадэміі і гэтак далей. А яшчэ 2,5 млрд выдаткуюцца на дабрачыннасць, бо санкцыі забараняюць Абрамовічу атрымліваць любы прафіт па аперацыях у Брытаніі.

Выдаткаваў на трансферы 2,1 млрд фунтаў

Палітыка дзеянняў Абрамовіча на трансферным рынку акрэслівалася максімальна проста: «набываць зорных гульцоў, нягледзячы на кошты». Ужо ў дэбютным сезоне на чале «Чэлсі» ён выпісаў у Лондан сапраўдных топаў кшталту форварда Эрнана Крэспа ды паўабаронцы Хуана Себасцьяна Верона. Агульны ж чэк «закупаў»-2003/04 склаў неверагодныя 153 млн фунтаў!

Выдаткі «Чэлсі» на трансферы пры Рамане Абрамовічы. Статыстыка: footballtransfers.com

Далей канвеер па абнаўленні трансферных рэкордаў толькі набіраў моц. Паўсотні мільёнаў фунтаў за Фернанда Торэса, 70 — за Кая Хаверца, 97,5 — за Рамелу Лукаку, што зрабіла бельгійца самым дарагім форвардам у футбольнай гісторый… Расійскі алігарх не спыняўся ні перад чым, калі меў намер узмацніць «Чэлсі» гульцом, які яму прыйшоўся да спадобы. Пры гэтым часта бізнэсмен не браў ва ўвагу патрэбы трэнера — і шэрагу спартсменаў тым самым сапсаваў кар'еры. Як прыклад, украінец Андрэй Шаўчэнка: валадар «Залатога мяча», які бліскуча выступаў за «Мілан», паддаўся на ўгаворы Абрамовіча ды змяніў Італію на Англію. Аднак у Лондане з-за незапатрабаванасці не прадэманстраваў і 10 працэнтаў свайго патэнцыялу.

Усе набыткі «Чэлсі» на трансферным рынку цягам «эры Абрамовіча». Статыстыка: thesun.co.uk

Здараліся і смешныя гісторыі. Летам 2004-га алігарх патрабаваў ад падначаленых падпісаць у «Чэлсі» хаўбека Гіюлы. Скаўты «ільвоў» перакулілі з ног да галавы ўсе лігі турэцкага чэмпіянату, а таксама самых вядомых легіянераў з той краіны. Аднак патрэбнага выканаўцу не знайшлі. І толькі праз некаторы час высветлілася, што Абрамовіч меў на ўвазе Людавіка Жюлі (Ludovic Giuly), які прывёў французскі «Манака» ў фінал Лігі чэмпіёнаў-2004.

Цалкам жа баланс прафіту ды страт «Чэлсі» ў дачыненні да трансфераў складае адмоўную суму ў 1,03 млрд фунтаў. І гэта яшчэ з улікам бану на набыццё гульцоў летам 2019 года. Тады «ільвы» панеслі пакаранне за парушэнне правілаў падпісання маладых гульцоў — і маглі разлічваць выключна на тых, хто ўжо быў на кантрактах у складзе.

Самыя дарагія трансферы ў гісторыі «Чэлсі» пры Абрамовічы. Статыстыка: thesun.co.uk

Дадамо, што самым дарагім лотам, які «Чэлсі» аддаў у іншы клуб, стаў Эдэн Азар. Летам 2019 года той перайшоў у мадрыдскі «Рэал» за 98,4 млн фунтаў. Адпаведна, ніводзін продаж лонданцаў да «столі» ў 100 млн так і не дацягнуў, як Абрамовіч ні намагаўся і гэтую планку пераадолець.

За звальненні трэнераў заплаціў 112,5 млн

Абрамовіч патрабаваў ад «Чэлсі» перамагаць тут і зараз. Таму настаўнікі, што заступалі на капітанскі масток, хай сабе і мелі каласальны трансферны рэсурс, аднак працавалі літаральна да першай памылкі. За 19 гадоў кіравання расіяніна «ільвы» 15 разоў мянялі трэнераў — і выключна элітных. Напрыклад, у Заходні Лондан завітвалі Карла Анчалоці, Рафа Бянітэс, Антонія Контэ, Томас Тухель… Жазэ Мурынья і Гус Хідзінк увогуле клуб узначальвалі двойчы, аднак гэта толькі падкрэслівала, што недатыкальных у складзе «блакітных» нямашака.

Кожны датэрміновы разрыў кантракта з коўчам каштаваў Абрамовічу мільёны фунтаў. Самым балючым атрымалася з Мурынья: сумарна партугальцу кампенсаваліся выдаткі ў памеры 34,5 млн фунтаў. Агулам жа датэрміновае спыненне адносін з трэнерамі абышлося алігарху ў 112,5 млн фунтаў.

Выйграў 21 трафей — кожны з магчымых для еўрапейскага клуба

За 98 год існавання «Чэлсі» да продажу расіяніна ў клубную скарбонку дадалося ўсяго 11 трафеяў. Прычым у першынстве Англіі «ільвы» перамагалі толькі ў 1950-м. Тады як пры Абрамовічы ўжо на другі год кааперацыі разжыліся Кубкам мясцовай лігі. Надалей узнагароды здабываліся стаханаўскімі тэмпамі. Прычым лонданцам скараліся як рэгіянальныя турніры, так і Ліга чэмпіёнаў. Усяго расійскі бізнэсовец уздымаў над галавой разам з камандай 21 кубак — у тым ліку за перамогу на клубным чэмпіянаце свету ды за трыумф у Суперкубку Еўропы.

Адзіная ўзнагарода, што засталася па-за межамі ўплыву Абрамовіча, — Ліга Канферэнцый УЕФА. Аднак яе можна пакінуць за дужкамі, бо турнір дэбютаваў у кантынентальным календары толькі сёлета. Тады як расіяніна адхілілі ад клубнага кіравання яшчэ ўзімку. Таму, фактычна, у «Чэлсі» нават тэарэтычнага шанцу пазмагацца за гэты трафей пры алігарху не было.

Каментары

Цяпер чытаюць

На Купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей11

На Купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей

Усе навіны →
Усе навіны

Карпянкоў заявіў, што 90% навабранцаў хочуць служыць па кантракце18

Расія выставіла Украіне восем умоў21

Трамп не стаў лічыць Пуціна перашкодай на шляху да міру8

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч расказаў, як працаваў разам з будучым Папам Львом XIV1

Ціханоўская пра ўдар па маршрутцы ў Сумскай вобласці: Відавочна, што Расія не хоча міру4

У панядзелак павінна стаць цяплей

Эйсмант пра перамовы ў Стамбуле: Мы не напрошваліся на ролю пасярэдніка, але калі неабходна — арганізуем15

Пад Оршай злавілі гіганцкага залатога карася7

Пяць гадоў таму памёр Юрый Зісер3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На Купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей11

На Купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць