На мастака Алеся Пушкіна завялі крыміналку за «рэабілітацыю і апраўданне нацызму»
За партрэт пасляваеннага антысавецкага партызана Яўгена Жыхара.

Пракуратура Гродна 26 сакавіка распачала крымінальную справу супраць кіраўніка прыватнай установы «Цэнтр гарадскога жыцця» Паўла Мажэйкі і мастака Алеся Пушкіна, а таксама іншых асоб «за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму», — паведамляе телеграм-канал ведамства.
Прычынай стала тое, што 19 сакавіка на выставе карцін Пушкін змясціў партрэт удзельніка пасляваеннай антысавецкай партызанкі Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы.
Жыхар, піша пракуратура, падчас нямецкай акупацыі прайшоў навучанне ў спецпадраздзяленні Абвера і ў 1944-м быў закінуты ў Полацкую вобласць. «З 1946 года ён узначаліў атрад з былых паліцаяў і іншых здраднікаў, якія на працягу 9 гадоў у Пастаўскім раёне здзяйснялі забойствы міліцыянтаў, партыйных і дзяржаўных службовых асоб, падпалы адміністрацыйных будынкаў і дыверсіі на чыгунцы».
Паводле пракуратуры, падчас выставы Пушкін характарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, і гэта стала падставай для крыміналкі.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары