Моды1616

«Я б ціхенька сабе вышывала, дык улада не дае!». Стыль жыцця Ніны Багінскай

Маленькая, далікатная жанчына з бел-чырвона-белым сцягам у руках, без якой не абыходзіцца амаль ні адно значнае масавае мерапрыемства ў горадзе. Яна стала амаль што яго сімвалам. Яе энергіі хапае на ўсё, і нават крыху больш: шыць, вязаць, даваць парады дзецям і ўнукам, збіраць зёлкі, вырошчваць зеляніну і, самае галоўнае, адстойваць свае правы. За вольныя погляды актывістку ў свой час выгналі з інстытута, а яе лецішча ў мінулым годзе было арыштавана за штрафы, якія ёй выпісвалі за ўдзел у акцыях. Спадарыня Ніна смяецца і кажа, што сядзела б дома і вышывала сабе спакойна, але ўлада не дае: «Час ад часу ў нас адбываецца такое, што не выказаць сваё «не» проста нельга».

Менавіта такой Ніну Багінскую ведаюць многія.

Як з сапраўднай грамадзянкай сваёй краіны большасць з ёй ужо пазнаёмілася, але нам цікава было капнуць крыху глыбей і дазнацца пра яе жаночую сутнасць. Спецыяльна для чытачоў «НН» Ніна Багінская падзялілася сакрэтамі прыгажосці і здароўя.

Драўляныя рамкі засталіся яшчэ ад дзеда.

Дом 70-гадовай гаспадыні Ніны быццам сапраўдны музей. На сценах — мноства фотаздымкаў, шмат з іх яшчэ дарэвалюцыйныя, з якіх на гасцей крыху з гонарам глядзяць яе продкі. Драўляныя рамкі — справа рук дзеда па бацькавай лініі, Васіля Яромчанкі: ён працаваў майстрам па мэблі. Рукасты дзед таксама зрабіў стол з люстэркам, які і зараз выдатна выконвае свае функцыі ў пакоі. Тое, што тут шануюць гісторыю, бачна не толькі па захаваных рэчах. Спадарыня Ніна на зубок ведае падрабязнасці жыцця сваіх родных.

Коўдра шылася са старых гальштукаў, халатаў і іншых рэчаў.
Імянныя ручнікі ёсць у кожнага члена сям'і.

Старэйшая сястра Ніны Галіна нарадзілася яшчэ ў Слуцку, а яна разам з пагодкай Натай ужо ў пасляваенным Мінску: бацька Рыгор быў добрым будаўніком, працоўных рук у сталіцы не хапала, таму сям’і прапанавалі пераехаць.

«Бацька карміў чатырох жанчын, нялёгка яму было. Нам пашанцавала, што нейкі час яму выпісвалі тканіну на паліто, і з гэтага маці рабіла адзенне нам. З бабуліных сукенак шылі новыя ўборы, са старых бацькавых штаноў — спадніцы. Пазней нейкія рэчы па талонах можна было набыць у краме «Торгсин». Для маёй сястры там нават выкапалі амерыканскае паліто. Што тычыцца абутку, то тут больш спадзяваліся на сяброў ці родных з-за мяжы. Але доўгі час мы ганялі ў звычайных валёнках з галёшамі ці ў бурках. Як вы маглі зразумець, у нас шмат рабілі сваімі рукамі. І я вельмі рада, што таксама ў свой час скончыла ткацкія і кравецкія курсы».

Фотаздымак са студэнцкіх часоў.

«Гэта мой штодзённы гарадскі строй. Прычым кашулю насіў яшчэ нябожчык муж Анатоль: я прафесійна займалася веласпортам, а ён быў маім трэнерам. Мне падабаюцца такія доўгія фальклорныя спадніцы з геаметрычным узорам, прычым не толькі на мне, але і на моладзі. Яшчэ да ўлюбёных рэчаў можна аднесці вышыванкі і ўвогуле ўсё натуральнае, звычайнае».

«Унучка кажа, што я не сучасная і старарэжымная. Паверце, я магу хадзіць і ў шортах, аднак трэба, каб рэчы адпавядалі ўзросту, мне здаецца».

Спадарыня Ніна з мужам.

«Камізэльку спляла сама: тут змешчаны арнамент з сімвалам сонца і сталасці. Спадніца пашытая пад канец 70-х гадоў, яна мянялася разам з модай: спачатку была міні, потым мідзі і, нарэшце, максі. Да кожнай з такіх у мяне прадугледжаны асаблівы пояс. Кашуля пакупная — падарунак ад маёй свякрухі. Гадзіннік на руках — вытворчасці «Луч», у мяне раней быў іншы, з выявай «Пагоні», але, на жаль, зламаўся, і адрамантаваць яго ўжо нельга было».

«Мяне не цягне да новых рэчаў: пакуль старыя выконваюць свае функцыі, навошта нешта яшчэ? Я такі вечны падлетак, не сфармаваны па традыцыйным жаночым тыпе».

«Сукенка ў кветкі — мая любімая, з кітайскай ці японскай тканіны, ужо і не прыгадаю. Яе дызайн я самастойна прыдумала ў пачатку 90-х гадоў: у камплект да сукенкі ідзе паясок і кветка-брошка. У такой добра хадзіць на спатканні, але я сама больш вучыцца ўвесь час хацела, а не з хлопцамі гуляць».

«Чорна-чырвоны ўбор рабіла адмыслова на баль-маскарад у інстытуце, дзе я працавала геолагам. Да яго ішлі таксама чорныя туфлі на абцасах. З павязкай у алімпійскія кольцы я спрабавала перадаць вобраз факела. Варта дадаць, што першае месца за касцюм тады аддалі мне».

«Гэты жакет каштоўны тым, што рабіўся спецыяльна да паездкі ў Сухумі, куды я ехала разам з іншымі веласпартсменамі. У кішэні тут яшчэ павінна быць белая насоўка. Як ні дзіўна: яго зараз можа апрануць і мая ўнучка, гэтакае рэтра».

Парады ад спадарыні Ніны маладым дзяўчатам

  • Заўсёды рабіце фізічныя практыкаванні, нават калі нешта баліць ці вы хварэеце. Я для сябе абрала сістэму здароўя Нішы. Хаця б у ляжачай паставе, на падлозе ці ложку. Паціху трэба сябе прымушаць рухацца, не ленавацца. Пенсіянеры, якія не выходзяць з дому, самі абралі такі пасрэдны шлях існавання.

  • Спіце на цвёрдым: мой ложак — гэта драўляны шчыт, які стаіць на пяньках.

  • Не злоўжывайце касметыкай і мылам — ад іх псуецца і старыцца скура. У маладосці я таксама малявала бровы і стрэлкі на вачах. Ад гэтага мяне аднойчы адгаварыла знаёмая сяброўка-касметолаг, і вось ужо шмат гадоў я гэтага не раблю.

  • Есці і піць ваду трэба павольна. Менш бегайце да лекараў і замест таблетак ужывайце больш прыроднага: траўку, садавіну.

  • Чалавек павінен быць спакойным: кантралюйце свае эмоцыі. Калі нешта бурліць унутры — з’ешце марожанае, напрыклад, расслабцеся.

Каментары16

Цяпер чытаюць

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме13

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме

Усе навіны →
Усе навіны

«Усё — хлусня і маніпуляцыі». Спецыялісты рэзка адказалі на істэрыю вакол рэканструкцыі Чырвонага касцёла3

Украіна навучылася лепш супрацьстаяць расійскім «Кінжалам»

Марк Рутэ абвясціў пра запуск спецыяльнай праграмы НАТА для абароны ўсходняга флангу альянсу2

Трагедыя пад Бярозай: як 30 гадоў таму збілі паветраны шар з амерыканцамі1

Фіналістак конкурсу «Міс Беларусь — 2025» вывелі на сцэну ў касцюмах з цытатамі Лукашэнкі39

У Грузіі затрымалі грузавік з украінскім гексагенам. Ён нібыта быў прызначаны для аперацыі «Павуцінне-2»7

Рэпер Murovei выпусціў беларускамоўны альбом10

Былы палітвязень Уладзімір Мацкевіч зрабіў ФОТА са сваімі вучнямі7

Для журналіста Ігара Ільяша пракурор запатрабаваў 4 гады зняволення

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме13

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць