Калі б Андрэй Горват працаваў садоўнікам у нашага багатага сучасніка — назавём яго Б. — і ягоная дачка ў 15 гадоў ад Б. зацяжарыла, ці б Андрэй лічыў гэта «нармальным», малазначным фактам біяграфіі? Ці замілоўваўся б тым Б., бронзавымі львамі ў ягоным драздоўскім катэджы, «аазісам вытанчанай культуры і цывілізацыі»? Пра гэта я задумаўся, чытаючы кнігу Андрэя Горвата «Дом», піша Мікола Бугай.

Горват піша, што 16-гадовая Альберта, дачка садоўніка, нарадзіла ад Эдварда Горвата, галоўнага героя кнігі. Андрэй Горват ніяк гэтага факта не ацэньвае, не развівае. Прачытваецца гэта нібы: «бывае і так». Ну нарадзіла і нарадзіла. («Неўзабаве Альберту адправілі вучыцца кухарскай справе (здаецца, у Францыю). Вярнуўшыся, яна працавала ў доме кухаркай, а ў 1913 годзе з усёй сям'ёй пераехала ў Мінск».)
Варта адзначыць, што ў снежні 1912 года ў Нароўлю прыязджае ў якасці гувернанткі старэйшай дачкі, Эдварда, Аляксандры, Эльфрыда Туснэльда Пэрль. Простае супастаўленне датаў падказвае, што патрыманая Альберта стала 46-гадоваму Эдварду непатрэбнай, калі прыбыла рыжская немка, і ўсю сям'ю садоўніка сплавілі ў губернскі цэнтр.
«Дом захоўваў і іншыя таямніцы, якія прываблівалі няпрошаных гасцей», спакойна працягвае аўтар.

Маё параўнанне Эдварда Горвата з нейкім сучасным Б. перабольшанае, але не настолькі, як некаму можа падацца. Не толькі таму, што адзін меў, а другі мае прывілеяваны доступ да дабротаў. Па сваім псіхатыпе Эдвард таксама не такі далёкі ад нашых Б.: такі ж «вясёлы, энергічны, які любіў жыццё, балі» (успамінаюцца цяперашнія балі) «і мужчынска-жаночыя справы». Спрэчнай паспяховасці бізнэс-хватка таксама яднае гэтых людзей. Пра Эдварда Андрэй піша, што гэта тыпаж «вялікага арыгінала, поўнага нечаканых ідэй». «Мемуарысты расказвалі, — адзначае Андрэй Горват, што нягледзячы на вялікі вопыт падарожжаў … «было ў ім нейкае невылечнае варварства, якое праяўлялася ў стылі яго жыцця».
«Адныя толькі ўспаміны, як ён прыбіраўся штораніцы, чаго вартыя. … камердынер Тэадор перад люстэркам завіваў Эдварду валасы, укладваў ягоныя бровы спецыяльным прасам, старанна рабіў яму манікюр і ўціраў масу адэкалону. Таксама былі доўгія спрэчкі, якія абіраць гальштукі, квяцістыя камізэлькі і манжэтныя запінкі да іх, пасля чаго Казя павінен быў выбраць прыдатную ружу ў бутаньерку».
Мне тон кнігі Горвата — цудоўна напісанай, не спрачаюся — нагадаў песню групы «Белы арол» на словы Віктара Пеленягрэ перыяду, калі ў Расіі пачалі рамантызаваць апошнія часы Расійскай Імперыі: «И вальсы Шуберта, и хруст французской булки. Любовь, шампанское, закаты, переулки. Как упоительны в России вечера».
«Ідылія» Пінігіна па Дуніну-Марцінкевічу ў Купалаўскім была поўная тонкай іроніі і двухсэнсоўнасці, якія самі сабою страхуюць ад спрашчэння. У Горвата гэтага няма. «Дом» ідэалізуе тыя часы і тых людзей — а там няма чаго ідэалізаваць.
Як кныра адэкалонам ні націрай, ён кныром застанецца.
Некаторыя Б., прынамсі, форму трымаюць, а «дзядзька Эдзя» «быў вельмі поўны», «па прычыне сваёй паўнаты перасоўваўся даволі павольна». Яму было цяжка хадзіць, то ён пабудаваў сабе сетку труб, каб даваць каманды прыслузе свісткамі. І вось такі чалавек авалодвае дачкой свайго слугі, якому і дзявацца, магчыма, не было куды.
Я не бачу «ідылыі» ў тым мінулым, якое рэканструюе Горват.
Багацце ці ўлада самі сабою не робяць чалавека вартым і годным. Як самі сабою і не робяць чалавека нявартым і нягодным. Розныя людзі распараджаюцца багаццем і ўладай па-рознаму.
Сярод насельнікаў палацаў ХІХ, ХХ і ХХІ стагодддзяў часта сустракаліся і паскудныя, пустыя людзі, якія жылі за кошт несправядлівага, манапалізаванага ці прывілеяванага доступу да тых ці іншых рэсурсаў. 150—200 гадоў назад найперш за кошт валодання зямлёю і рабамі (прыгоннымі ў выпадку Горватаў папярэдніх пакаленняў). Цяпер — да сыравіны, да права займацца нафтай, тытунём, акумулятарамі, сонечнымі электрастанцыямі, дый да той самай зямлі — толькі ўжо ў выглядзе ўчасткаў пад сталічную забудову.
Багацце ці ўлада сама сабою не робіць чалавека і шчаслівым. Ядзвіга Горват (з Аскеркаў) магла стаць шчаслівай, бо нарадзілася на мерзлаце сібірскай ссылкі, а мела долю вярнуцца ў родны край — не кожнаму з выгнаннікаў так шанцуе. Аднак Ядзвіга наўрад ці была шчаслівая з такім чалавекам, як Эдвард — які не лічыў патрэбным быць з жонкай, каля жонкі нават у час яе доўгай, невылечнай хваробы, а бавіў той перыяд з каханкай.
Эдварда нельга назваць педафілам. У тыя часы ў сэксуальныя адносіны ўступалі раней, чым цяпер. Але для мяне Эдвард Горват адназначна — няшчасны чалавек, які зламаў жыццё Альберце — і мабыць не адной Альберце. Няшчасны, бо не кахаў жонкі, бо жыў для сябе, а не для іншых людзей і заканамерна скончыў банкрутам.
Каб паставіць сябе на месца гістарычнага ці палітычнага персанажа, мы можам супаставіць яго з людзьмі яго часу ці яго поля, якія жылі ў тых жа ўмовах і мелі тыя ж магчымасці ці абмежаванні.
Ці займаўся Эдвард дабрачыннасцю? Андрэй Горват не ўспамінае пра гэта і я не бачу пра гэта звестак — не займаўся нават у часы вайны, калі вакол было не будзённае, а экстрэмальнае гора. А многія яго сучаснікі займаліся. Альфрэд Нобель быў сучаснікам Эдварда Горвата. Іншая сучасніца, Алаіза Пашкевіч (Цётка), памерла, дапамагаючы ахвярам Першай сусветнай.
Ці спрабаваў Эдвард палепшыць становішча рабочых ці сялян? Не, няма пра гэта сведчанняў.
Нароўля не была раем для найманых работнікаў. А многія людзі з прывілеяваных слаёў паспяхова паляпшалі жыццё рабочых — не толькі ў Скандынавіі часоў Эдварда Горвата, але і ў Беларусі, пачынаючы ад Храптовіча і Бжастоўскага ў даўнюю пару.
«У палацы Горвата ўсё было еўрапейскае (хоць навокал тым часам — Расейская Імперыя), але цывілізацыйныя арыентацыі гаспадароў палаца былі толькі на Захад», — піша Сяргей Дубавец. Ды абсалютна не! Эдварду Горвату было выгодна і выгадна ў царскай імперыі — латыфундысту, дэпутату і суддзю. Ён ніколі, ні ў чым і нічым не падтрымаў сілаў, якія спрабавалі тую імперыю трансфармаваць ці рэфармаваць — наблізіць сістэму да той, якая на той момант ужо існавала ў перадавых краінах Еўропы.
У расійскага прапагандыста Салаўёва — усё еўрапейскае: катэдж на возеры Кома, «Мэрсэдэс», іспанская плітка ў сталовай і французскае віно ў ведзярцы, але гэта ніяк не вызначае яго «цывілізацыйнай арыентацыі».
Ці падтрымліваў Эдвард беларускі нацыянальны рух, ці разумеў справядлівасць яго? Не. А ягоныя сучаснікі Вайніловіч, скажам, ці Магдалена Радзівіл беларускаму руху спачувалі (за што яе сваякі — падобныя, відаць, да Эдварда па сваіх каштоўнасцях і інтарэсах — лічылі Магдалену прыдурачнай).
Калі мы ставім пытанне, чаму Беларуская Народная Рэспубліка не адбылася, то адказ на яго — каранямі ў падзеях ХVІII і ХІХ стагоддзяў, але і ў тым, што Эдвард Горват і такія, як ён, у адрозненне, скажам ад літоўскіх братоў Вілейшысаў, былі сляпыя і глухія як да патрэб уласнага народу, так і да нацыянальнага пытання.
«А што яны [апалячаныя арыстакраты] зрабілі для свайго народа, для ператварэння люду, народанасельніцтва ў нацыю, халопаў — у грамадзян?» — пісаў у нядаўнім сваім тэксце Анатоль Сідарэвіч. З гэтым нельга не згадзіцца.
Калі мы ставім пытанне, чаму бальшавікі перамаглі ў Беларусі на выбары ва Устаноўчы сход 1918 года, то прычынай не толькі тое, што нацыянальныя сілы былі расцярушаныя і разрэзаныя фронтам, а і таму, што людзі ненавідзелі «стары рэжым», увасоблены ў такіх Эдвардах. Не за цукеркі ж, якія ён даваў сваёй дачцэ ад садаўнічанкі, было яго любіць.
Рамантызацыя ці гераізацыя кагосьці проста таму, што той чалавек, хай то Горват, хай то Баскаў, быў воляю лёсу заможны ці надзелены ўладай — гэта няправільна і шкодна, бо збівае і нашы маральныя арыенціры. Тое адносіцца і да шляхты з нашых зямель.
Складаная тэма — і багацці роду Горватаў. Па-першае, іх сабраў не Эдвард. Эдвард то акурат-такі добра гуляў, «меў шырокую натуру і пышны жэст» і перад смерцю заканамерна згалеў. Набытак сабралі Ігнат Горват у часы Кацярыны ІІ і Аляксандра І, а пасля дзеці Ігната, сярод якіх Атон. І прычына ўзбагачэння Горватаў была подленькая: яны паслядоўна не ўдзельнічалі не толькі што ні ў якім з паўстанняў супраць Расійскай Імперыі, але і ні ў якім вальналюбным пачынанні.
Ігнат Горват не далучыўся да Касцюшкі, і яго маёнткі не былі секвестраваныя. Аналагічна паводзілі сябе і наступныя пакаленні сям'і ў 1830-м і 1863-м. Яны былі кансеквентна лаяльныя да расійскіх уладаў. І так увайшлі ў групу самых багатых латыфундыстаў беларуска-літоўскіх губерняў.
Можа быць, лаяльнасць і была ў тых умовах рацыянальным выбарам — можа быць. Але гэта таксама маральна складаная і шалёна цікавая тэма: Горваты ўзбагачаліся, пакуль імперскія ўлады канфіскоўвалі маёнткі тагачасных Бабарыкаў і Белавусаў.
Ганна Янкута звярнула ўвагу, што пра Эдварда Горвата ёсць згадка ў нядаўна перакладзеных (і выбітна напісаных) «Шчанячых гадах» Мельхіёра Ваньковіча:«Наш сваяк, Эдвард Горват з Нароўлі (над Прыпяццю) расказваў, як праз колькі месяцаў пасля вяселля паехаў дзяліць лугі ў самыя глухія куткі сваіх фальваркаў … Увечары адна за адной прыходзілі маладыя пары, якія пабраліся цягам года, мужы адступалі з нізкім паклонам, а жанчыны заставаліся з недвухсэнсоўнай мэтай. Апавядаючы пра гэта, пан Горват дабрадушна і прыемна ўздыхае ды збянтэжана тлумачыцца: — Ды ты разумееш, — я ж маладажон; нібыта і — недарэчы; але як тут адмовіць — не выпадае».
Гаворка тут ідзе пра 1890-я гады. Гэта быў час, калі такія паводзіны былога феадала былі ўжо вельмі нехарактэрныя. Так сябе паводзіў мала хто з арыстакратаў нават на ўсход ад Беларусі. Гэта, я думаю, сямейная традыцыя саміх Горватаў.
Антон Брыль знайшоў у архівах дакумент, што ў 1844 годзе Горваты (дзеці Ігната — дзяды Эдварда) абвінавачваліся ў жорсткім абыходжаннем з сялянамі. «Скардзіліся ў тыя часы рэдка, бо гэта не надта дапамагала — часцей за ўсё справядлівасці спрабавалі дабіцца, калі была ўжо зусім бяда», — мяркуе Янкута.

Вяртаючыся да пытання, ці Андрэй Горват тымі самымі вачыма глядзеў бы на свайго цёзку і папярэдніка па палацы над велічнай Прыпяццю, калі б ён быў яго ахвярай. Мы часта пазіраем на далёкіх ад нас людзей — далёкіх у часе ці далёкіх у прасторы — ужо не як на людзей, а як на акцёраў на сцэне жыцця і гісторыі.
Баскавы, Алексіны не выклікаюць у нас ніякай сімпатыі, бо мы іх ведаем, бачылі. Мы чулі, як іншая Эльфрыда юрліва абяцала каханку «Масандру» (вытанчанасці гэтаму колу бракуе, але інстынкты ў іх тыя ж, як у тых, хто піў Chambertin Grand cru на тэрасе над Прыпяццю).
Дзяўчынка з мамай, забітыя расійскай ракетай у Кіеве, выклікаюць у нас слёзы.
Эдвард Горват жа не выклікае ў аўтара агіды, бо ён для яго — сцень часоў зайздросна дасавецкіх. Ён для аўтара не нашчадак, які прасраў спадчыну, не багатыр, які не заўважыў, што побач жывуць Луцкевічы, Максім Гарэцкі і Янка Купала, не мужчына, які накпіўся з дзяўчынкі і «спрабаваў» сялянак, але лічыў сябе дастойным пасады міравога суддзі. Ён для аўтара не творца свайго лёсу (і лёсаў іншых людзей), а персанаж.
Так як і сям'я, якая загінула ў Газе, не выклікае ў кагосьці з нас слёз, бо мы ведаем, як пахне ў Кіеве ў маі, мы ўяўляем сябе, са сваім малым, на Асакарках у тым доме, у які жахнула ракета, але мы не ведаем, як пахне ў Газе і не ўяўляем сябе там; мы глядзім на кадры з Палесціны як на эпізоды з камп'ютарнай стралялкі.
Аддаленасць у часе ці прасторы выклікае тэатралізацыю ўспрымання — а разам з ёю здараецца і дэгуманізацыя. На сцэне ўсё не насамрэч, усё панарошку. Але калі азызлы пан авалодвае 15-гадовай дзяўчынкай — гэта сапраўдная кроў, сорам і траўма, з якой яна жыла да канца сваіх дзён.
Нецікава, калі пішам пра наша складанае мінулае ў духу неасентыменталізму. Але не нецікава, а кепска, несправядліва — але, зрэшты, у наш час і нецікава таксама, калі мы пішам гісторыю вачыма Эдварда Горвата і яго прыяцеляў. Справядліва было б пабачыць тую гісторыю вачыма Альберты — вось яна, стаіць, няшчасная, на фота злева. Вачыма яе бацькоў, вачыма жонкі Эдварда. Вачыма тых рабочых, якія выйшлі ў Нароўлі на дэманстрацыю ў 1917 годзе. На фота з яе злева бачым транспарант «Вечная памяць загінулым барацьбітам за свабоду» — мяне ўражвае і тое, як беларусы і яўрэі выйшлі на тую плошчу разам.

Максім Гарэцкі ў «Дзвюх душах», дарэчы, не баяўся сацыяльных, палітычных пытанняў.
* * *
У адрозненне ад Альберты, пра немку Эльфрыду ў «Доме» гаворыцца шмат: з ёю Эдвард ажэніцца пасля смерці жонкі, а яе канец жыцця будзе драматычны — расстраляюць эсэсаўцы на вяселлі дачкі яе падчаркі Аляксандры, у замужжы Ваньковіч, разам з падчаркай, яе мужам і гасцямі.
* * *
Мой адказ: не, не ўпаіцельны былі ў Нароўлі вечары. Гэты палац быў не толькі месцам салодкіх сноў і вячэраў з ласосем, ён быў яшчэ і месцам жорсткай эксплуатацыі і сэксуальных дамаганняў, і аб'ектам нянавісці для людзей ніжэйшага роду, якія воляй сацыяльнага паходжання залежалі ад Горватаў. Канец гэтага свету не ўпаў на яго з неба, ён там выспяваў.
«Радзіва Прудок», «Шэпт» і «Па што ідзеш воўча?» увосень пакажуць у Польшчы
Ці можна вярнуць разбуранае 100 год таму? Дубавец — пра «Дом» Горвата
«Хочацца, каб мы жылі не з нуля». Уладальнік сядзібы Горватаў расказаў пра рэстаўрацыю, захаваныя каштоўнасці і «Белую пані Нароўлі»
Энігматычны пісьменнік з Палесся Андрусь Горват пераплавіў выпрабаванні 2020-х у кнігу «Дом»
Каментары