Эканоміка33

Вайб-праграмаванне зменіць ролю распрацоўшчыка, RLVR, і калі лопне бурбалка. Беларус-інжынер у галіне ШІ, які працуе ў ЗША, расказаў, што нас чакае ў 2026

Андрусь Храпавіцкі родам з Глыбокага, вучыўся ў Полацку, а цяпер працуе ў ЗША — ужо 6 гадоў у галіне штучнага інтэлекту і вялікіх баз звестак. «Наша Ніва» папрасіла яго ацаніць, якія змены адбудуцца ў наступным годзе ў сферы штучнага інтэлекту і як гэта паўплывае на розныя аспекты жыцця.

Робат дырыжуе аркестрам у кітайскім горадзе Цзяньсі, 28 снежня 2025 года. Photo by Liu Zhankun/China News Service/VCG via Getty Images

На тытульным фота да гэтага артыкула — робат, які дырыжуе аркестрам у кітайскім горадзе Цзяньсі 28 снежня 2025 года. Гэта частка новай рэальнасці. Куды ўсё рухаецца ў найбліжэйшай будучыні?

Бесперапыннае навучанне

Бесперапыннае навучанне зноў з’явілася на парадку дня. Пад бесперапынным навучаннем маюцца на ўвазе сістэмы штучнага інтэлекту, якія могуць працягваць вучыцца пасля запуску, а не заставацца нязменнымі пасля аднаразовага навучання.

У тэорыі гэта дазваляе мадэлям адаптавацца да новых звестак, паводзін карыстальнікаў і змен у асяроддзі. Ёсць некалькі цікавых ідэй, але пакуль ніводная з іх не гатовая для шырокага і надзейнага выкарыстання. Каб сапраўды праверыць перспектыўныя падыходы, патрэбныя значныя бюджэты, складаная інфраструктура і строгі кантроль, каб мадэль не «навучылася не таму, чаму трэба».

Закрытыя і адкрытыя AI-лабараторыі

Амерыканскія AI-лабараторыі ў значнай ступені сталі закрытымі. Гэта значыць, што найбольш перадавыя даследаванні і мадэлі больш не публікуюцца адкрыта. Найноўшыя тэхнікі трэнінгу францірных мадэляў — самых магутных і дарагіх — сёння значна менш даступныя грамадскасці, чым год таму. Гэта, напрыклад, заўважна па публікацыях і галоўнай канферэнцыі галіны — NeurIPS.

Цікава, што на фоне большай закрытасці амерыканскіх лідараў рынку, кітайскія лабараторыі цяпер перанялі эстафету выпуску ў свет мадэляў з адкрытымі вагамі ці нават цалкам з адкрытым кодам. Адкрыты код азначае, што праграмнае забеспячэнне даступнае ўсім. Адкрытыя вагі — што саму навучаную мадэль можна сцягнуць і выкарыстоўваць.

DeepSeek-момант і RLVR

DeepSeek-момант меў вялікі ўплыў на 2025 год. Ён паказаў, што невялікія каманды, выкарыстоўваючы разумныя метады, могуць дасягаць вынікаў, якія раней патрабавалі велізарных рэсурсаў.

З’явіўся значны прагрэс у RLVR — навучанні з падмацаваннем з верыфікаванымі ўзнагародамі. Гэта метад, калі мадэль атрымлівае «ўзнагароду» за правільныя дзеянні, а правільнасць можна аўтаматычна праверыць.

Пакуль гэта лепш за ўсё працуе ў матэматыцы і праграмаванні. У 2026 годзе мы, імаверна, убачым пашырэнне гэтага кірунку постнавучання ў фізіку, хімію і іншыя навукі. Дапамога навуковым даследаванням — адна з галоўных мэт, але магчыма, для рэальнага прарыву спатрэбяцца новыя метады навучання мадэляў.

Андрусь Храпавіцкі. Фота з сацыяльных сетак

Звесткі і ўласнасць

Збор звестак з верыфікаванымі ўзнагародамі для бізнэс-задач — складаная справа.

Большасць спецыялізаваных звестак — прыватная ўласнасць кампаній і ахоўваецца імі, бо гэта дае ім канкурэнтную перавагу. Не так і проста пераканаць бізнэс-лідараў падзяліцца такімі звесткамі, напрыклад, з OpenAI ці Anthropic.

Мадэлі сярэдняга памеру

Вялікі патэнцыял у выкарыстанні мадэляў сярэдняга памеру з адкрытымі вагамі і іх навучанні ўнутры кампаній.

Такія мадэлі дастаткова магутныя, але значна таннейшыя ў выкарыстанні. Гэта становіцца ўсё больш эканамічна мэтазгодна.

Агенты

2026 год без сумневу застанецца годам агентаў. Агенты ШІ — гэта сістэмы, якія могуць планаваць дзеянні, выкарыстоўваць інструменты і выконваць задачы.

У 2025 годзе вялікі поспех мелі агенты для праграмавання. У 2026 годзе мы ўбачым іх пашырэнне ў іншыя сферы.

Для многіх кампаній аптымальным выбарам могуць стаць невялікія мадэлі, якія будуць умець лепш узаемадзейнічаць з інструментамі (праглядаць файлы, шукаць інфармацыю, выконваць функцыі, пісаць код і г.д.).

Выкарыстанне вылічэнняў падчас інферэнсу

Павелічэнне вылічальных рэсурсаў падчас інферэнсу (моманту, калі мадэль дае адказ) мае вялікі патэнцыял.

То-бок замест таго, каб спрабаваць дасягнуць як мага лепшых вынікаў пры трэніроўцы мадэляў, мае шмат практычнага сэнсу працаваць над мадэлямі, што могуць апрацаваць большы кантэкст (большую колькасць слоў), лепш інтэгруюцца з інструментамі і больш разумна выкарыстоўваюць рэсурсы.

Пры гэтым будзе працягвацца нарошчванне інфраструктуры буйнымі кампаніямі. У гэтым плане 2026 год можа быць яшчэ больш гарачым, чым мінулы.

Vibe coding і тэставанне

Vibe coding, вайб-праграмаванне, паступова выцясняе традыцыйнае праграмаванне.

Гэта падыход, калі распрацоўшчык задае кірунак, а ШІ бярэ на сябе асноўны аб’ём працы ў напісанні кода ці нават хутчэй цалкам піша яго згодна з зададзеным планам. Гэта робіць тэставанне значна больш важным. Кампаніям патрэбна інвеставаць у аўтаматычныя тэсты і праверку якасці. Мяняецца і сама роля распрацоўніка. Як пажартаваў вядомы даследчык у галіне ШІ Андрэй Карпаці, новай мовай праграмавання стала ангельская мова.

Адпаведна, старыя фарматы тэхнічных інтэрв’ю становяцца ўсё менш карыснымі.

Бурбалка і агульны штучны інтэлект

ШІ-бурбалка на фондавым рынку супраўды існуе. Магчыма, яна нават лопне ў 2026 годзе. Але нават у гэтым выпадку прагрэс прадоўжыцца. Рынак перагрэты, пэўныя карэктывы рана ці позна адбудуцца, але новай ШІ-зімы, я думаю, не чакаецца. Як і агульнага штучнага інтэлекту ў наступным годзе чакаць усё яшчэ ранавата.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • Совхоз Городец
    02.01.2026
    Ничено не понятно, но интересно...
  • Питон
    02.01.2026
    Совхоз Городец, все что хотел сказать этот прекрасный парень это то что на ИИ доилки для зас..ных кароу пока хватит, но ждать когда ИИ будет действительно самостоятельно думать, а не принимать решения на основании обучения, скоро не стоит
  • Саша і Сірожа тожэ
    02.01.2026
    У Хітразачосанага таксама ё штучны інцялект. Іму неверагодныя кажны раз падкідваць ідэі як ішчо за картоху можна ніх..ра ня дзелаць... А прыватызацыю зрабіць междусабойчыкам)))

Цяпер чытаюць

Адвакат Канавалава, расстралянага за тэракт у метро, упершыню расказаў, што адбывалася падчас следства75

Адвакат Канавалава, расстралянага за тэракт у метро, упершыню расказаў, што адбывалася падчас следства

Усе навіны →
Усе навіны

Цыклоны «Улі» і «Хаўер». Хто больш магутны4

Грэнландцы адзіным фронтам выступілі супраць прэтэнзій Дональда Трампа17

Дзеячы эміграцыі пасварыліся з нагоды спісаў запрошаных на прыём да прэзідэнта Польшчы86

У Кіеве адключана электрычнасць, спынена падача вады і цяпла10

У Мінску адкрылася новая крама ўцэненай тэхнікі. Што там прадаецца?1

Былога зенітчыка з Бабруйска асудзілі за палітыку. Ён актыўны вернік-баптыст3

42‑гадовы французскі акцёр хоча эўтаназіі пасля няўдалай аперацыі5

Што будзе з каналам «Жыццё-маліна»? Каманда адказала10

Пад Бабруйскам з-за снегу абрынуўся каркас цяпліцы ляснога гадавальніка

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адвакат Канавалава, расстралянага за тэракт у метро, упершыню расказаў, што адбывалася падчас следства75

Адвакат Канавалава, расстралянага за тэракт у метро, упершыню расказаў, што адбывалася падчас следства

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць