Трагедыя пад Бярозай: як 30 гадоў таму збілі паветраны шар з амерыканцамі
Парушэнне паветранай прасторы Беларусі стала даволі распаўсюджанай з’явай ва ўмовах вайны. Трыццаць гадоў назад, калі ў наша неба заляцеў паветраны шар, усё скончылася трагедыяй.
Увечары 9 верасня 1995 года ў Швейцарыі распачалася штогадовая прэстыжная гонка Гордана Бэнэта па паветраплаванні. Спаборніцтва, названае ў гонар амерыканскага мільянера, праводзілася з пачатку дваццатага стагоддзя, і яго правілы былі максімальна простымі — экіпажы паветраных шароў адначасова стартуюць у адным месцы, і перамагае той, які прызямліцца апошнім.

Гэта выглядае даволі нескладанай задачай, але за дзесяцігоддзі правядзення мерапрыемства зазнала некалькі трагічных інцыдэнтаў — так, у 1923-м маланка забіла пяць яго ўдзельнікаў, а праз 60 гадоў яшчэ двое загінулі пасля таго, як карзіна адарвалася ад шара.
У дзевяностых для аматараў паветраплавання наступіла новая эра — на карце Еўропы з’явілася мноства новых краін. І праз іх стала лягчэй пракладваць свае маршруты, не баючыся жалезнай заслоны. У 1995-м як мінімум тры пары ўдзельнікаў гонкі Гордана-Бэнэта планавалі ляцець праз Беларусь. Адзін з экіпажаў складаўся з дасведчаных амерыканскіх пілотаў Алана Фрэнкеля і Джона Сцюарта-Джэрвіса.

Для 55-гадовага Фрэнкеля гэта былі ўжо шостая гонка. Ён працаваў прафесійным лётчыкам у грузавой трансатлантычнай авіякампаніі, а паветраплаванне было ягоным хобі. На шары мужчына абляцеў многія краіны свету, у тым ліку Аўстралію і Японію.
У старэйшага за яго на 13 гадоў Сцюарта-Джэрвіса была куды больш захапляльная біяграфія. Ён нарадзіўся ў Англіі, і ў 15 гадоў запісаўся добраахвотнікам у каралеўскі марскі флот. Каб яго ўзялі, хлопцу давялося схлусіць пра свой узрост. Ён браў удзел у баях на поўначы Атлантыкі і ў паўднёва-ўсходняй Азіі, а пасля другой сусветнай вайны марак перавучыўся на лётчыка. У 1956-м, падчас другой араба-ізраільскай вайны, самалёт Джона Сцюарта-Джэрвіса збілі над Міжземным морам. Пілот выжыў толькі дзякуючы экіпажу французскага карабля, які падабраў яго на борт.

Але катастрофа не пазбавіла мужчыну прагі рызыкі. У 60-х брытанец пераехаў у ЗША, навучыўся кіраваць верталётам і працягнуў вайсковую кар’еру. Ён нават некалькі месяцаў пражыў у джунглях, а калі яму было ўжо за 60 — захапіўся палётамі на паветраных шарах.
Фрэнкель і Сцюарт-Джэрвіс пазнаёміліся ў канцы 80-х на вечарынцы на амерыканскіх Віргінскіх астравах, дзе абодва жылі. Вайсковае мінулае і супольныя інтарэсы хутка зрабілі іх камандай, і ў 1995 годзе яны вырашылі разам узяць удзел у гонцы Гордана Бэнэта. Некаторыя разглядалі пару ў якасці фаварытаў спаборніцтва. Ніхто не мог падумаць, што гэты ўзлёт стане апошнім для былых лётчыкаў.

Экіпаж планаваў свой палёт у паўночна-ўсходнім напрамку праз Германію, Польшчу і Беларусь, а далей — наколькі хопіць паліва, рэсурсаў і жадання. Першыя два дні ўсё ішло па плане — Фрэнкель і Сцюарт-Джэрвіс адзначалі ў журнале палёту каардынаты і час перасячэння граніц.
З яго вядома, што пасля ўзлёту на поўначы Швейцарыі іх шар даволі хутка дасягнуў граніцы з Германіяй. Над гэтай краінай экіпаж ляцеў на працягу наступных 35 гадзін, пакуль раніцай 11 верасня не ўвайшоў у паветраную прастору Польшчы. Удзельнікі гонкі перагаворваліся паміж сабой па рацыі, і з гэтых размоў было зразумела, што амерыканцы былі рашуча настроеныя змагацца за перамогу.
Апошні запіс у бартавым журнале быў зроблены ў 8 гадзін 30 хвілін 12 верасня — паветраны шар перасёк заходнюю граніцу Беларусі. Пілоты былі спакойныя, бо арганізатары заверылі ўдзельнікаў, што маюць дазвол на пралёт над усімі краінамі іхняга маршруту. Але ўжо праз гадзіну ўсё трагічна памяняецца.

У 9:34 беларускія пагранічнікі заўважылі невядомы аб’ект у небе і перадалі інфармацыю войскам супрацьпаветранай абароны. Праз 10 хвілін шар стаў адлюстроўвацца на радарах — ён ляцеў на вышыні 2 тысячы метраў з хуткасцю 20 кіламетраў на гадзіну. На працягу амаль дзвюх гадзін за ім проста назіралі, пакуль той не наблізіўся да сакрэтнай вайсковай часці пад Бярозай, якая не была пазначаная на картах. Там расіяне захоўвалі стратэгічныя ракеты — тады з Беларусі яшчэ не паспелі вывезці ядзерную зброю.
Дзяжурныя, якія забілі трывогу, звязаліся з камандуючым Вайскова-паветранымі сіламі Валерыем Касценка. Той спачатку падумаў, што ў Беларусь заляцеў чарговы метэаралагічны зонд і даў прыказ падняць у неба верталёт, каб агледзець аб’ект. Праз некаторы час генералу даклалі, што шар не адказвае на радыёзапыты і візуальныя сігналы, а ўнутры людзей не назіраюць.

Касценка даў загад на збіццё. У 11:52 экіпаж верталёта выпусціў некалькі кулямётных чэргаў і ўжо праз дзве хвіліны адсправаздачыўся аб знішчэнні аб’екта. Паветраны шар, напоўнены амаль тонай гаручага газу, імгненна ўспыхнуў і пачаў падаць. Дзве з паловай гадзіны пасля сярод абломкаў знойдуць целы Алана Фрэнкеля і Джона Сцюарта-Джэрвіса.

У той жа дзень вайсковаму верталёту давядзецца вылятаць на перахоп яшчэ аднаго паветранага шара — але на гэты раз вайскоўцы заўважылі людзей унутры карзіны і іх аварыйны радыёсігнал. Таму другой трагедыі ўдалося пазбегнуць.
Пілоты прызямлілі свой шар у полі побач з Давыд-Гарадком, пасля чаго паўтары гадзіны блукалі ў пошуках дарогі і людзей. Мясцовыя прывялі замежнікаў да аддзялення міліцыі, дзе іх пакармілі… і затрымалі. Міліцыянеры з дапамогай звычайнай настаўніцы англійскай мовы тлумачылі гасцям, якія літаральна зваліліся на іх з неба, што выдатна разумеюць — замежнікі не злачынцы, але трэба разабрацца, як тыя апынуліся ў Давыд-Гарадку. Ні пра нейкія міжнародныя гонкі, ні пра збіты непадалёку паветраны шар людзі ў міліцыі не ведалі.
Быў яшчэ і трэці экіпаж, які ўляцеў у Беларусь з паўночнага захаду. Яго ўдзельнікі адзінымі загадзя спрабавалі звязацца з авіядыспетчарамі ў Мінску. Пілоты атрымалі адказ, прычым не па-англійску, як таго патрабуюць правілы авіяцыі, а па-руску, таму на ўсялякі выпадак працягвалі дакладваць пра свае каардынаты кожныя 30 хвілін, пакуль не селі ў раёне Ваўкавыска з-за кепскага надвор’я. Там іх падабрала каманда, пасля чаго ўсе разам спакойна пераночылі ў гасцініцы і паехалі да мяжы з Польшчай, не маючы ніякай інфармацыі пра трагедыю з калегамі.

Пра яе афіцыйныя ўлады заявяць толькі на наступны дзень, 13 верасня. У кароткім паведамленні не будзе ніякіх спачуванняў. Мінабароны Беларусі выкажа шкадаванне з нагоды таго, што адбылося, і будзе апраўдваць дзеянні вайскоўцаў. Па афіцыйный інфармацыі, з паветраным шарам неаднаразова спрабавалі звязацца, але пілоты не рэагавалі ні на сігналы, ні на папераджальныя стрэлы.
Яшчэ праз суткі прэс-канферэнцыю склікаў прадстаўнік Рады бяспекі Юрый Сівакоў. Ён назваў расстрэл шара з амерыканцамі дзікім няшчасным выпадкам, а далей пачаў тлумачыць логіку вайсковага кіраўніцтва Беларусі. Сівакоў заявіў, што Фрэнкель і Сцюарт-Джэрвіс ляцелі без апазнавальных знакаў аднатоннага шэрага колеру і не адказвалі на сігналы пілотаў верталёта.
Беларускі чыноўнік нават выказаў цынічную здагадку, што замежнікі ў кабіне былі без прытомнасці ці наогул памерлі яшчэ да збіцця з-за недахопу кіслароду і праблем са здароўем, якія былі звязаныя з доўгім пералётам і адсутнасцю сну.
Сівакоў прызнаў, што за некалькі месяцаў да трагедыі ў Беларусь прыйшоў запыт ад арганізатараў гонкі Гордана Бэнэта. Усе афіцыйныя структуры — ад Мінабароны да КДБ — далі свой дазвол на выкарыстанне паветранай прасторы краіны. Але з адной умовай — непасрэдна перад спаборніцтвамі трэба было даслаць яшчэ адну заяўку з канкрэтным часам і маршрутам пралёту удзельнікаў.

У выніку беларускія ўлады прыйшлі да высновы, што і прыказ генерала Касценкі, і дзеянні верталётчыкаў былі апраўданыя. Усім датычным да збіцця, дарэчы, падарылі па гадзінніку і падзякавалі за пільнасць, неглядзечы на тое, што лётчыкі былі шакаваныя.
Амерыканскі бок, у сваю чаргу, быў абураны. Прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША назваў тое, што адбылося, непрымальным здарэннем і заклікаў да поўнага расследавання ўсіх дэталяў катастрофы. Таксама ў дзярждэпе назвалі здзекамі затрыманне ўдзельнікаў іншага экіпажа. Тых двое сутак трымалі пад вартай, аштрафавалі на 30 даляраў за адсутнасць візы і прымусілі пакінуць Беларусь.
Аляксандр Лукашэнка падчас трагедыі знаходзіўся з візітам у Малдове і, даведаўшыся пра інцыдэнт, назваў яго памылкай. Таксама Лукашэнка заявіў, што не мае да падзей ніякага дачынення. Па яго даручэнні стварылі дзяржаўную камісію па расследаванні, а ён асабіста папрасіў прабачэння, але не ў родных загінулых, а ў прэзідэнта ЗША Біла Клінтана.

Падобна, такой рэакцыі было дастаткова для амерыканцаў, бо ўжо праз месяц кіраўнік Беларусі адправіўся за акіян з візітам. Менавіта ў кастрычніку 95-га было зроблена знакамітае фота Лукашэнкі з сям’ёй Клінтанаў, дзе госць пазіраваў у гальштуку-бабачцы.
Што тычыцца вынікаў расследавання, то міжнародная камісія ў маі 1996 года прыйшла да высновы, што ў трагедыі вінаватыя і вайскоўцы, і арганізатары гонкі, і загінулыя амерыканцы. У справаздачы сцвярджалася, што пілоты Мі-24 не прынялі ўсіх мер, каб высветліць, што за паветраны аб’ект перад імі, і не спрабавалі ўстанавіць радыёкантакт на міжнароднай экстранай частаце. У той жа час, гэтага не зрабілі і Фрэнкель са Сцюартам-Джэрвісам.
Арганізатараў гонкі Гордана Бэнэта абвінавацілі ў тым, што яны не далі ўдзельнікам інфармацыі пра частоты, якімі карыстаюцца наземныя службы Беларусі. Таксама расследавальнікі дапусцілі, што ў Швейцарыі маглі няправільна зразумець беларускія афіцыйныя ведамствы. У першы дзень гонкі ў Беларусь даслалі палётныя планы ўсіх удзельнікаў, але без меркаванага часу і месца ўваходу на тэрыторыю Беларусі. Адказныя службы дакументы не зарэгістравалі, але швейцарцаў пра гэта не апавясцілі.
Вынікі ўскрыцця целаў загінулых пілотаў паказалі, што тыя пасля трох сутак палёту былі ў кепскім фізічным стане. Эксперты дапусцілі, што амерыканцы спалі ў момант гібелі і не чулі шуму верталётаў і стрэлаў.

Праз год пасля трагедыі на яе месцы актывісты ўсталявалі памятны камень са словам «Прабачце». Ад беларускай дзяржавы выбачэнняў і кампенсацыі сваякі загінулых амерыканскіх пілотаў так і не дачакаліся.
Трагедыю Лукашэнка чамусьці вырашыў згадаць восенню 2010 года падчас прэс-канферэнцыі з расійскімі СМІ. Адказваючы на банальнае пытанне пра тое, як пабудаваны яго працоўны дзень, Лукашэнка пачаў расказваць пра адказнасць, якую яму даводзіцца браць выключна на сябе. І ў якасці прыкладу прывёў даўнюю гісторыю, як ён асабіста, знаходзячыся ў Малдове, загадаў знішчыць паветраны шар, які лятаў над ядзерным аб’ектам і не рэагаваў на сігналы:
«Мы ўсё зрабілі па сусветных стандартах. Мы амерыканцаў адразу паклікалі, давайце разам будзем расследаваць. Мы ж не хацелі вашых там грамадзянаў знішчыць. Тым больш прызналі, што яны загінулі да таго, як збілі гэтыя шары. Гэта значыць, яны, відаць, высока ўзляцелі, кіслароду не хапіла і загінулі. І яны таму не рэагавалі на нашыя запыты».
Развагі Лукашэнкі пра сваю рашучасць і збіты паветраны шар тады не ўвайшлі ў тэлеверсію прэс-канферэнцыі, іх проста выразалі. Магчыма, праз разыходжанні з афіцыйнымі вынікамі расследавання той трагедыі і першапачатковай пазіцыяй Лукашэнкі.
Каментары