Пасля шасці гадоў зняволення выйшаў на свабоду пінскі палітвязень Ігар Салавей
Яго пасадзілі за падзеі жніўня 2020 года ў Пінску.

Выйшаў на волю палітвязень Ігар Салавей. Ён адсядзеў увесь тэрмін цалкам — шэсць гадоў.
Ігару 42 гады. Ён родам з Піншчыны, вучыўся ў Польшчы па праграме Каліноўскага на палітолага-журналіста. У 2006 годзе атрымаў 10 сутак за «Плошчу». Быў актывістам руху «За свабоду».
Затрымалі Салаўя 3 верасня 2020 года па справе аб масавых беспарадках у Пінску. Суддзя Маскоўскага раёна Брэста Яўген Брэган прысудзіў яго да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па ч. 2 арт. 293 КК — разам з Салаўём тады асудзілі яшчэ 13 пінскіх палітвязняў.
У студзені 2022 года Ігару змянілі рэжым на строгі турэмны на 2 гады — нібыта за сістэматычнае парушэнне дысцыпліны. Яго перавялі з бабруйскай калоніі №2 у жодзінскую турму. Пасля заканчэння турэмнага тэрміну Салаўя вярнулі ў калонію, а на пачатку 2025 года зноў адправілі ў жодзінскую турму, дзе ён і дачакаўся канца тэрміну.
Каментары