Меркаванні77

Гендэр-шмендэр

Галоўны трансьлятар паказаў хлопчыка. Маленькі такі хлопчык, харошы. І паказалі яго менавіта таму, што харошы і што хлопчык. Піша ў сваім блогу Сяргей Дубавец.

Галоўны трансьлятар паказаў хлопчыка. Маленькі такі хлопчык, харошы. І паказалі яго менавіта таму, што харошы і што хлопчык. Піша ў сваім блогу Сяргей Дубавец.

Што вы ўсё гендэр, гендэр... Сацыяльная роля жанчыны ў сёньняшняй Беларусі – абслугоўваць і асабліва не паказвацца. Прынамсі, такі мэсыдж мы атрымліваем з самага верху.

Вось паглядзіце. Галоўны трансьлятар паказаў хлопчыка. Маленькі такі хлопчык, харошы. І паказалі яго менавіта таму, што харошы і што хлопчык. Бо пры нашай сакрэтнасьці, дружа Ватсан, можна толькі ўяўляць, колькі там яшчэ за ўвесь час магло быць і “нехарошых”, з фіфектамі, якім проста нічога не сьвяціла. Але самая галоўная вартасьць нашага хлопчыка, дружа Ватсан, – ягоны пол. Бо калі б там, крый божа, была яшчэ і дзяўчынка, дык дзяўчынцы ўвогуле – ніякіх шанцаў. Герасім і му-му. Разумееце, пра што я? А цяпер паспрабуйце дэдуктыўна разьвіць гэтую думку.

Ніякіх шанцаў не было ня толькі ў гіпатэтычнай дачкі, але публічна была пазбаўленая права на сваё мацярынства маці харошага хлопчыка. Такім чынам, адзін за адным былі зьнівэляваныя нашы акадэмічныя інстытуты дачкі, жонкі, маці... У бітве з галоўным трансьлятарам палі ня толькі ўсе вашы, Ватсан, фэмінісцкія замарочкі, але і ўсё тое, што называецца традыцыйнымі каштоўнасьцямі. Ёсьць мужчына – казак. А ўсе астатнія – у лепшым выпадку, каля стала, у горшым – безыменныя вытворцы працягу роду. Так было, між іншым, дзе-небудзь у Сечы. Казаку забаранялася мець жонку (але дазвалялася хадзіць налева-направа), а значыць, сям’ю і маёмасьць. Менавіта Сеча, Ватсан, стала правобразам расейскага бальшавізму, які ў маладосьці сваёй ня толькі пагонаў не прызнаваў, але і маёмасьці, сям’і, жонкі. Пры актыўным заахвочваньні пладзіцца і размнажацца.

Ну, вы скажаце, дзікія норавы. Але ж неяк вылезьлі яны проста ў 21-м стагодзьдзі і ня дзе-небудзь у дэструктыўнай секце, а ў галоўным трансьлятары. А паколькі трансьлятар у нас афіцыйна – зусім ня сродак інфармацыі, а сродак прапаганды, ідэалогіі, то што з гэтага вынікае?.. Вось так, Ватсан. Галоўнае – не рабіць дзяўчынак, інакш – бракароб. Яны сапраўднаму казаку ні роду не працяг, ні на пасадзе не пераемнік.

Пра вас я, натуральна, жартую. Даруйце, калі пакрыўдзіў. Мы з вамі цудоўна ведаем, што ўсё гэта адносна нашай нацыянальнай гісторыі – выбрыкі мамалётныя. Некалі ўсё сплыве як глупства, невуцтва і амаралізм. І па-ранейшаму будуць у нас сьпяваць песьні і пра дачку, і пра жонку, і пра матулю. Гэта сёньня выбрыкі “заходзяць” у сьвядомасьць мас як парадокс, бо надта ж усё нечакана. Як пра “харошага” Гітлера ці пра вершы Быкава. Галоўны трансьлятар працуе на безальтэрнатыўнай аснове і таму нічым не гарантаваны ад выбрыкаў. Бо нішто сказанае не адцяняецца і не падсьвечваецца іншай думкай. Царква сабе мірна працягвае свае культы жанчыны – ад першай камуніі да багародзіцы, але царква не выступае ў ролі маральнага аўтарытэту да такой ступені, каб яе пастулаты чалавек мог суадносіць з тым, што бачыць у галоўным трансьлятары. Быкава ў апошнія гады жыцьця цалкам пазбавілі магчымасьці гаварыць з народам, ізалявалі. Яго калегі з найбуйнейшых пісьменьнікаў, хто мае патэнцыял маральнага аўтарытэту, усе маральна ж інтэрнаваныя. Побач з уладай засталася толькі служба сервіроўкі стала.

Калі-небудзь напішуцца навуковыя працы пра гэтыя парадоксы і спатрэбіцца шмат высілкаў, каб вярнуць у галоўны трансьлятар маці, жонку, дачку. Можа быць, у параўнаньні з сёньняшнім цыркам гэта будзе выглядаць ня так жыва і парадаксальна, і таму будуць закліканыя сапраўдныя таленты і прафесіяналы. Але ўсё гэта будзе. Бо не мяняецца характар народа за 14 гадоў, нават за 100 не мяняецца.

А ведаеце, Ватсан, чым скончылі казакі? Ды прыблізна тым самым, што і бальшавікі. Неяк зайшлі яны на Беларусь, “гульнулі” тут напоўніцу, гарады папалілі-паруйнавалі-парабавалі, людзей перабілі масава. Асабліва ім падабалася немаўлят у студні кідаць. Аж пакуль урадавыя войскі ня рушылі ім напярэймы. Ну, і пасадзілі байцоў на калы – такое ім было прыдумана “гендэрнае” пакараньне. Так бы мовіць, калі які мача да нас са сваім калом прыйдзе, той ад кала і загіне. Вось пасадзілі іх, і зноў сталі свае даўнія песьні сьпяваць. І пра дачку, і пра жану, і пра маці.

Каментары7

Цяпер чытаюць

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?22

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?

Усе навіны →
Усе навіны

На Гомельшчыне ўжо пачалі адключаць ацяпленне — першымі ў краіне

У Мінску пасля рэканструкцыі адкрыўся спарткомплекс «Дынама». Кніжнага кірмаша там больш не будзе ФОТЫ1

Інфармацыя пра справаздачы Крамлю яшчэ больш зменшыла перадвыбарчыя рэйтынгі партыі Орбана5

«Я заўсёды ведаў, што яны папяровы тыгр». Трамп заявіў, што разглядае магчымасць выхаду з НАТА12

«Усе гундзелі, бурчэлі». Лукашэнка расказаў, што ў войску былі незадаволеныя, што навучаць іх запрасілі вагнераўцаў7

МЗС Беларусі «пакуль не бачыць гатоўнасці літоўскага боку да сур'ёзнай размовы»

У жыхара Калінкавічаў знайшлі ў крыві рэкордныя 10 праміле алкаголю3

Расійскія ўлады абавязалі адправіць кантрактнікамі ў войска не менш за 2% студэнтаў9

Пракуратура завяла крымінальную справу з-за нявыплаты падаткаў. Імаверна, гаворка пра Tez Tour

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?22

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць