Культура44

Карціна, аўтарам якой лічылі Сергіевіча, не яго. Затое дзве ягоныя знайшліся ў вёсцы

Пры канцы студзеня Павел Севярынец разам з рэжысёрам Аляксеем Туровічам нечакана знайшлі сапраўдны нацыянальны беларускі скарб — дзве карціны аднаго з найславутых мастакоў Беларусі XX стагоддзя Пётра Сергіевіча. Але разам з гэтымі карцінамі яны адшукалі і яшчэ адну, тэхніка якой таксама нагадвае руку Сергіевіча, але подпіс «C.Znamierowski’66» яўна скіроўвае не да яго.

Два партрэты, якія доўгі час захоўваліся ў доме Шутовічаў у вёсцы Шутавічы на Смаргоншчыне. На партрэце злева — Янка Шутовіч. 
Гэты подпіс стаіць на адваротным баку партрэта Янкі Шутовіча. 

Усе тры карціны захоўваліся ў вёсцы Шутавічы на Смаргоншчыне ў доме, дзе калісьці жылі Шутовічы.

Янка Шутовіч вядомы тым, што ў свой час быў рэдактарам міжваенных часопісаў «Калоссе» і «Студэнцкая думка», а таксама апошнім дырэктарам слыннага Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча.

Яго дзядзька Віктар Шутовіч — славуты ксёндз, які вёў падпольныя парафіі і займаўся асветніцтвам.

«Мы раней ужо былі ў Шутавічах і ведалі, што дом Шутовічаў купіў прадпрымальнік, — распавядае Севярынец. — Сам дом стаіць пусты, а гаспадар ужо гадоў з дзесяць у прыбудове робіць мэблю. Калі мы прыехалі, ён якраз быў на месцы. Даведаўшыся, што мы па справе Янкі Шутовіча, спадар Станіслаў сказаў, што мае яго партрэт».

Цікаўным гасцям гаспадар паказаў карціну з выявай сталага чалавека [на першым фота справа — НН], дзе ўнізе злева паверх фарбы выведзена быццам зваротным бокам пэндзля «C.Znamierowski’66». Гаспадар запэўніў, што на партрэце — Янка Шутовіч.

«Мы сфатаграфавалі карціну і пайшлі аглядаць дом, — працягвае Севярынец. — Пакуль хадзілі, нас пагукаў памочнік спадара Станіслава і запрасіў зірнуць на яшчэ адзін партрэт. Мы пайшлі глядзець і ўбачылі на адваротным баку надпіс «П.Сергіевіч, 195* (апошняя лічба сцёртая)». Сталі аглядаць памяшканне і заўважылі трэцюю карціну, пейзаж, на адвароце якога таксама пазначана «П.Сергіевіч, 1961».

Калі з пейзажам усё зразумела, то да партрэтаў ёсць пытанні. Калі на першым, падпісаным Сергіевічам, намаляваны Янка Шутовіч, то хто на другім? Выглядае, што гэта два розныя чалавекі. І што значыць «C.Znamierowski’66»? Быў такі мастак ці, можа, да карціны мае нейкае дачыненне рэдактар і выдавец Уладзіслаў Знамяроўскі?

На думку беларускага краязнаўцы Міхася Казлоўскага, магчыма, на партрэце сапраўды намаляваны Шутовіч.

«Быццам і не падобны да Янкі, але, з іншага боку, штосьці ад яго ёсць, — кажа спадар Міхась. — Шапка-стаўбун, як на партрэце, у Янкі Шутовіча была, яшчэ ў 30-я гады такую насіў, нават здымкі захаваліся. Былі ў Шутовіча і вусы, не вельмі пышныя. Але гаварыць, што цалкам падобны, то не».

Датычнасць да карціны выдаўца Уладзіслава Знамяроўскага краязнаўцу падаецца малаімавернай, бо пасля вайны той выехаў у Польшчу. Казлоўскі сцвярджае, што і мастака з такім прозвішчам у Заходняй Беларусі не было.

«Гэта не самадзейны мастак, бачна прафесійная рука. Па каларыстыцы вельмі падобна на Сергіевіча. Чаму напісана «C.Znamiarowski’66» — не ведаю, але звычайна мастакі пазначаюць так прозвішча і год стварэння працы, — адзначае краязнавец. — Дарэчы, у Шутавічах жыў родны брат Янкі Вінцэнт, які ў 30-я гады быў актывістам-хадэкам. Імаверна, яны да апошняга падтрымлівалі сувязь. Янка мог прывезці ды падараваць Вінцэнту гэтыя карціны. Але навошта брату ў Шутавічах партрэт Знамяроўскага?»

На думку беларускага навукоўца Арсеня Ліса, няма ніякіх падстаў казаць, што гэта Уладзіслаў Знамяроўскі, знакаміты журналіст і беларускі выдавец, які ў 1920 годзе аднавіў «Нашу Ніву».

«Здаецца, у партрэце ёсць штосьці ад Шутовіча і ў поглядзе, і ў форме твару. Але ўсё ж наўрад ці гэта ён, — кажа Ліс. — Чалавеку на партрэце гадоў 60, можа крыху болей. Янка Шутовіч, вярнуўшыся з турмы, наўрад ці ў гэтым узросце выглядаў бы так. Дый Шутовіч быў прасцейшы. Тут жа твар больш вытанчаны і інтэлігентны».

Спадар Ліс схільны меркаваць, што гэта ўсё ж аўтапартрэт мастака Знамяроўскага, звесткі пра якога калісьці трапляліся навукоўцу на вочы.

Чэслаў Знамяроўскі. Фота czeslawznamierowski.com

І сапраўды, у Вільні большую частку жыцця працаваў мастак Чэслаў Знамяроўскі (1890—1977). Ён нарадзіўся ў невялікай вёсцы Зацішша ў Латгаліі — гэта на ўсходзе Латвіі, непадалёк ад мяжы з Беларуссю, у беднай, але вельмі творчай сям’і. З дзяцінства ён быў акружаны прыродай, і менавіта яна стала галоўнай тэмай яго творчасці.

Аўтар: Чэслаў Знамяроўскі. Фота poishartcorner.wordpress.com

Знамяроўскі вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу, дзе на яго найбольш паўплывала творчасць Аркадзя Рылова і Ісаака Левітана. Пазней ён працягнуў адукацыю ў Віленскім універсітэце Стэфана Баторыя, куды пайшоў, каб мець магчымасць вучыцца ў вядомага мастака Фердынанда Рушчыца і яго асістэнта, які вёў майстэрню пейзажа і мёртвых натур Аляксандра Штурмана.

«Возера». Аўтар: Чэслаў Знамяроўскі. Фота wikipedia.org

У 1933 годзе Знамяроўскі стварыў першае Віленскае таварыства незалежных мастакоў, якое адыграла важную ролю ў гісторыі мастацтва.

У 1965 годзе мастак атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтва Літоўскай ССР. 

Фота czeslawznamierowski.com

Знамяроўскі пісаў і партрэты, але галоўнай тэмай яго творчасці былі пейзажы. За 50 гадоў ён стварыў больш за тры тысячы работ. Многія з іх захоўваюцца ў музеях Літвы, Латвіі, ЗША, Швецыі, Германіі і ў прыватных калекцыях.

Чэслаў Знамяроўскі падпісваў свае работы «C.Znamierowski», ставіў дату і пазначаў горад.

Подпіс на трэцяй адшуканай карціне ў Шутавічах вельмі падобны на тыя, што Знамяроўскі пакідаў на іншых сваіх работах. Незразумела толькі, хто ж на самім партрэце?

Што рабіць з нечакана адшуканымі культурнымі скарбамі, іх гаспадар пакуль яшчэ не вырашыў.

«Калі набываў гэты дом, прапанавалі забраць і гэтыя карціны разам з ім. Так яны тут і вісяць ужо гадоў дзесяць», — распавёў спадар Станіслаў.

Навіне, што гэта творы знакамітых мастакоў, ён, канечне, узрадаваўся: «А мо пашанцавала! Бог даў кавалачак шчасця».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

Цяпер чытаюць

Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны выступіў з беспрэцэдэнтнымі пагрозамі на адрас Лукашэнкі, якога назваў «гаўляйтарам»34

Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны выступіў з беспрэцэдэнтнымі пагрозамі на адрас Лукашэнкі, якога назваў «гаўляйтарам»

Усе навіны →
Усе навіны

Украіна прызначыла адказнага за супрацоўніцтва з Беларуссю3

У Крупках ужо тры тыдні шукаюць жанчыну. У суботу арганізуюць маштабныя пошукі

Стала вядома пра вызваленне палітзняволенага Сяргея Сандалюка — раней ён быў адным з галоўных турэмшчыкаў Беларусі

Памёр ксёндз Ян Сарэла1

Новы герой у Расіі: Дзіма з Ішыма выйшаў з бара, а прачнуўся за 300 км — у Цюмені, у вагоне з вугалем12

Першая чарга кальцавой лініі мінскага метрапалітэна дойдзе толькі да Вяснянкі2

Пастар Грэм паабяцаў заўтра памаліцца за Лукашэнку42

Унучка наркама замежных спраў СССР скончыла жыццё самагубствам праз напад Расіі на Украіну2

Лукашэнка сустрэўся з пратэстанцкім пастарам Франклінам Грэмам14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны выступіў з беспрэцэдэнтнымі пагрозамі на адрас Лукашэнкі, якога назваў «гаўляйтарам»34

Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны выступіў з беспрэцэдэнтнымі пагрозамі на адрас Лукашэнкі, якога назваў «гаўляйтарам»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць