Спорт3838

Пачалася самая дарагая алімпіяда ў гісторыі

На Сочы патрацілі каля $50 мільярдаў.

Алімпійскія гульні інтрыгуюць тым, хто з сусветных лідараў прыедзе ў Краснадарскі край, а хто прабайкатуе. Барак Абама, Ангела Меркель, Франсуа Аланд, Дэвід Кэмеран, Даля Грыбаўскайце не прыедуць на Гульні. Затое будзе Аляксандр Лукашэнка, якога два гады таму не паклікалі ў Лондан, і Віктар Януковіч.

Расійскія СМІ спрабуюць падаць, што байкот сусветнымі лідарамі Алімпіяды праходзіць праз тое, што ў Расіі забароненыя «аднаполыя шлюбы». Звыклы перавод стрэлак! Тое самае, напрыклад, робіць Лукашэнка, калі кажа, што Еўропа патрабуе ад Беларусі дазволу на гей-шэсці. Гэтак прыватнымі аспектамі замяняюць пытанні карупцыі, дэмакратыі і свабодаў.

Алімпіяда — гэта асабісты праект Пуціна. Увесь час кіравання гэтага чалавека прайшоў пад словамі «Расія ўстае з кален». У Сочы гэта павінна быць замацавана афіцыйна — устала. Пуціну гэтага вельмі б хацелася.

Аднак пакуль паведамленні з Сочы поўныя абсурду. Як тыя два ўнітазы без перагародак, што так насмяшылі і напалохалі свет.

Гэтая Алімпіяда будзе самай дарагой у гісторыі чалавецтва. Нават летнія Алімпійскія Гульні ў Пекіне абышліся танней. А параўноўваць з іншымі Зімовымі гульнямі ўвогуле не выпадае. Агулам на Сочы патрацілі каля 50 мільярдаў даляраў. Фантастычныя грошы.

А яшчэ прагрымеў «выдатны» пароль да сочынскага «вай-фая» — «berlin1936». Гэта ў 1936 годзе Алімпіяду ў Берліне адчыняў Адольф Гітлер.

«Сочы — горад духоўнасці і дабра! Такім слоганам сустрэў нас горад! За два дні з трох крамаў нас спрабавалі падмануць у трох. На прэтэнзіі адказалі словамі: «А што, вы думалі, у казку патрапілі?» Цэны на таварах аказваюцца не сапраўдныя, а чэкавы апарат раптам ламаецца і, як потым аказваецца, сума прабітага стала ў 10 разоў большай, чым цана набытага! Добра мы, хоць ведаем, як разабрацца, а вось бедныя замежнікі, напэўна, і не заўважаць, што іх падманулі», — так незадоўга да Алімпіяды апісвае сочынскія рэаліі беларуская біятланістка Надзея Скардзіна.

Другое важнае пытанне, якое хвалюе свет. Ці будзе Алімпіяда ў Сочы бяспечнай, ці не спраўдзяцца самыя чорныя прагнозы?

Бяспека на Алімпіядзе будзе неймаверная. Зноўку ж даходзіць да абсурду — у Алімпійскую вёску нельга праносіць прадукты ў шкле. Спартсмены будуць абавязкова праходзіць праз металашукальнік.

Усё ж трэба сказаць некалькі словаў уласна пра спорт. Беларусь на Алімпіядзе прадставіць рэкордна нізкая колькасць атлетаў — 27. Хакеісты падарылі пуцёўку Славеніі. Некалі беларус Ігар Жалязоўскі браў срэбра ў каньках на Алімпіядзе ў Ліліхамеры, а сёння канькабежцы нават не змаглі заваяваць ніводнай ліцэнзіі. Няма нашых і ў фігурным катанні.

Калі казаць проста, то наш інтарэс зводзіцца да двух пунктаў праграмы — жаночага біятлона і мужчынскага фрыстайла (хай прабачаць іншыя ўдзельнікі беларускай дэлегацыі).

У біятлоне мы маем унікальную Дар’ю Домрачаву — саму хуткую біятланістку свету.

Калі Дар’я добра адстраляецца, то медалёў павінна быць многа. У Надзеі Скардзіны — іншы плюс, яна выдатны стралок, а вось бегае яна павальнавата. У інтэрнэце жартуюць: вось бы неяк аб’яднаць хуткасць Домрачавай і трапнасць Скардзіны. Можа, нешта і ўдасца ў эстафеце.

Фрыстайл — гэта ўвогуле беларускі феномен.

Некалі ў СССР гэты від спорту сталі развіваць якраз у Беларусі, на базе акрабатычнай школы. Дзякуючы геніяльнаму трэнеру Мікалаю Казеку, поспехі аказаліся ашаламляльнымі. Чатыры Алімпіяды запар (!) мы бралі медалі ў гэтым відзе праграмы. Сёлета незвычайна моцныя кітайцы, расейцы перацягнулі нашага Цімоха Сліўца, але ўсё адно Аляксей Грышын, Дзмітрый Дашчынскі, Антон Кушнір у ліку галоўных прэтэндэнтаў на медалі.

Беларуская дэлегацыя ў Сочы

Біятлон (10 спартсменаў) —Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна, Людміла Калінчык, Настасся Дубарэзава, Надзея Пісарава; Сяргей Новікаў, Яўген Абраменка, Юрый Лядаў, Уладзімір Чапелін, Аляксандр Дарожка.

Фрыстайл (7) —Аляксей Грышын, Дзмітрый Дашчынскі, Антон Кушнір, Дзяніс Осіпаў; Ала Цупер, Ганна Гуськова, Вольга Капусціна.

Лыжныя гонкі (6) —Сяргей Далідовіч, Аляксандр Лазуткін, Міхаіл Сямёнаў, Аляксей Іваноў; Алена Саннікава, Валянціна Камінская.

Горныя лыжы (2) —Юры Данілачкін; Марыя Шканава.

Шорт-трэк (2) —Максім Сяргееў; Вольга Талаева.

Каментары38

Цяпер чытаюць

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры9

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры

Усе навіны →
Усе навіны

У Мядзведжыне татальна высякаюць лес. Афіцыйная версія — ратуюць ад караеда10

Трамп назваў Дэмакратычную партыю галоўным ворагам ЗША пасля Ірана15

Дырэктараў пачнуць штрафаваць за вялікія зарплаты7

Навукоўцы: хімікаты ў нарошчаных валасах могуць павышаць рызыку раку грудзей

Колькасць палітвязняў у Беларусі ўпершыню за чатыры гады знізілася да 897 чалавек2

УСУ заявілі пра знішчэнне ў Бранскай вобласці расійскіх ЗРК «Бук»1

У Мінску ўвялі максімальны кошт праезду ў маршрутках2

У Слонімскім раёне да вядомай валанцёркі чыноўнікі без папярэджання прыйшлі палічыць сабак, якіх яна ўтрымлівае за ўласны кошт5

На Падляшшы экспрэс «Зубр» збіў трох белавежскіх зуброў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры9

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць