Аварыя здарылася ў Баранавічах, у новым мікрараёне. Выцягнулі праз 14 гадзін, бо быў выходны.
ДТЗ адбылося прыкладна ў гадзіну ночы 14 мая. Жыхар Баранавічаў Артур на аўтамабілі «Шкода» ехаў па вул. Дамейкі. Паводле яго словаў, хуткасць ён не перавышаў, рухаўся па сваёй паласе, ажыўленага руху ўжо не было.
Раптам зямля стала плаўна сыходзіць з-пад колаў, і машына нахілілася набок — Артур трапіў у катлаван, выкапаны па ўсёй шырыні вуліцы, глыбокі і ніяк не пазначаны.На шчасце, хлопец не пацярпеў. Але ён перажыў страшэнны стрэс, яго цэлы дзень трэсла. Досыць пабачыць фота, каб зразумець, чаму.
У суботу, 11 мая, яны праводзілі работы па ўрэзцы вадаправода на Бараўкі-3, мікрараёна, які ў хуткім часе будзе забудоўвацца новымі шматпавярхоўкамі.Катлаван пакінулі пасля сябе будаўнікі БУ-145.
Па словах майстра, які кіраваў працамі, магчымасці скончыць урэзку ў суботу не было і яму пакінулі да серады.Паколькі вул. Дамейкі знаходзіцца на ўскраіне новага мікрараёна і ажыўленага руху там няма, будаўнікі паспадзяваліся, што нязручнасцяў катлаван не даставіць. Праўда, кажа майстар, усімі неабходнымі знакамі яго абазначылі: і стужачкі нацягнулі, і «трыкутнікі» з пазначэннем «будаўнічыя працы» з двух бакоў паставілі, і нават бярвёны для мацнейшай надзейнасці з боку вул. Багрыма раскідалі.
А вось Артур сцвярджае, што ніякіх знакаў побач не было, а ўначы падчас залевы нават на нізкай хуткасці гэту яму, хай і шырокую, разгледзець было немагчыма.Абазначэння, якія будаўнікі расстаўлялі, мабыць, расцягнулі дзеці, лічыць майстар. Сапраўды, побач з ямай - разарваныя стужачкі і плітка, якая падпірала металічныя знакі-трыкутнікі. Саміх знакаў побач не відаць.
Машыну выцягнулі толькі праз 14 гадзін пасля ДТЗ. Доўгі час, кіроўцу не ўдавалася знайсці кран, каб дастаць машыну.
У святочны дзень да службы эвакуацыі было не датэлефанавацца, як, зрэшты і да будаўнічых арганізацый, у якіх маецца падобнае абсталяванне.У рэшце рэшт, кран прадаставіла будаўнічае ўпраўленне № 145, работнікі якога і раскапалі злашчасны катлаван.
Па словах Артура ў аўтамабіля пасля падзення ў яму пашкоджаны кузаў і залітая электрыка. На днях машыну накіруюць у СТА, каб падлічыць шкоду, а затым Артур збіраецца падаваць пазоў на пакрыццё шкоды ў суд.
Чытачы паведамляюць, што катлаван сапраўды стаяў слаба абазначаны.
Каментары