Архіў

З усёй краіны

На вучобу з пропускам

У аршанскай CШ №18 пры канцы навучальнага году ўвялі прапускны рэжым — пры ўваходзе ўсталяваныя спэцыяльныя турнікеты, празь якія можна прайсьці толькі пасьля прад’яўленьня адпаведнага пропуску з фатаздымкам. На думку адміністрацыі, гэта паспрыяе ўзмацненьню грамадзкага парадку і дысцыпліны, ня пусьціць у навучальную ўстанову пабочных асоб. Абсталяваньне для кантролю было прывезена ў школу з былога рэжымнага прадпрыемства радыёзаводу «Чырвоны кастрычнік» (цяпер РУП «Лёс»). Яно ўжо даўно ўстарэла ды зусім не ўпрыгожвае школьнага вэстыбюлю, дзе маецца цудоўны зімні сад з фантанам. Да таго ж абсталяваньне мае малую прапускную здольнасьць, таму раніцай вучні і пэдагогі часам вымушаны станавіцца ў чаргу. Здараецца, што турнікеты «заціскаюць» дзяцей, асабліва вучняў малодшых клясаў, пэўную праблему яны ўяўляюць і для кабет мажной камплекцыі. Канчатковы вэрдыкт новаўвядзеньню павінны вынесьці спэцыялісты МНС, якія лічаць, што наяўнасьць прапускной сыстэмы можа прывесьці да парушэньняў правілаў проціпажарнай бясьпекі.

Паэтка-ідэоляг

Ворша — бадай, адзіны буйны горад у краіне, дзе бракуе сапраўдных майстроў, паводле слоў Уладзімера Караткевіча, прыўкраснага пісьменства. Паэтаў ды паэтак хапае нават зь лішкам. Але афіцыйна прызнаных творцаў, сяброў Беларускага саюзу пісьменьнікаў, на

140-тысячны горад усяго адзін. Гэта «статыстычная адзінка» трымаецца некалькі дзесяцігодзьдзяў. Пасьля сьмерці празаіка Леаніда Каладзежнага сяброўства ў Саюзе мае толькі Надзея Стаховіч, былая намесьніца старшыні райвыканкаму, зь нядаўняга часу начальніца яго ідэалягічнага аддзелу. Лёс як паэткі ў яе досыць незвычайны — пачала пісаць вершы (пераважна па-расейску) у сталым узросьце, напрыканцы 1990-х. Пасьля выданьня першага паэтычнага зборніка была прынятая ў БСП. Прэзэнтацыя новай кнігі вершаў «Асяніны» («Беларускі кнігазбор», 2005) адбылася ў аршанскім музэі У.Караткевіча. Музэйшчыкі спадзяюцца, што ў Караткевічаў юбілейны год дапамога аршанскай паэткі будзе вельмі патрэбнай.

Яўген Жарнасек, Ворша

Купальле на Полаччыне

У ноч на 23 чэрвеня наваполацкі гісторыка-культурны клюб «Княжыч» на беразе маляўнічага возера Наўліца наладзіў Купальле. Сябры клюбу займаюцца адраджэньнем беларускіх аўтэнтычных сьвятаў, таму ладзілі Купальле паводле ўсіх старажытных правілаў: і вогнішча запальвалі з дапамогаю крэсіва, і шост з купальскім колам быў пасярод кастра, і варажбу на вянках праводзілі, і ў расе на досьвітку качаліся.

«Княжычы» ўпарта, ужо дзявятым разам, сьвяткуюць Купальле ў дні летняга сонцастаяньня, як тое рабілася ў даўнія часы, у пару росквіту жыватворных сілаў прыроды. Пад адкрытым небам адбываўся спэктакль па п’есе, якую напісаў сам беларускі народ.

Васіль Кроква, Полацак

Горацкія рэаліі

У Горацкім раёне з 17 279 чалавек занятага насельніцтва 664 — індывідуальныя прадпрымальнікі. У іх працуюць па найме 243 чалавекі. У фэрмэрскіх гаспадарках працуе 31 чалавек. Цікава, што прафэсію «служка рэлігійнага культу» ў раёне маюць 22 чалавекі.

Эдуард Брокараў, Горкі

Бялыніцкая статыстыка

Колькасьць жыхароў Бялыніцкага раёну складае 22,4 тыс. чалавек. У саміх Бялынічах жыве 9,9 тыс., што на тры адсоткі меней, чым летась. У параўнаньні з адпаведным леташнім пэрыядам колькасьць насельніцтва ў раёне скарацілася на 3,9%.

Базыль Ліцьвіновіч, Бялынічы

Помнік у Ільлі

Архітэктар зь Вялейкі Анатоль Капцюг распрацаваў праект помніка-капліцы паўстанцам-каліноўцам. Дакладней, па фатаздымках, што захаваліся, архітэктар узнавіў помнік, узьведзены ў 1930 г. у мястэчку Ільля. Тутака 16 траўня 1863 году ў жорсткай бойцы быў разьбіты аддзел паўстанцаў і забіты яго камандзір Вінцэнт Козел-Паклеўскі. Забітыя паўстанцы пахаваны недалёка ў лесе.

Сяргей Макарэвіч, Вялейка

Каментары

Цяпер чытаюць

Другі сын Калаўра атрымаў высокую пасаду1

Другі сын Калаўра атрымаў высокую пасаду

Усе навіны →
Усе навіны

Што з 23‑гадовым добраахвотнікам і былым палітвязнем Ціханам Клюкачом? Вось што вядома на гэты момант2

Вялікабрытанія дазволіла імпарт дызельнага і авіяцыйнага паліва з расійскай нафты

У Беларусі створаць турыстычны сімвал краіны6

Спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан пагаліўся налыса, бо яўка на выбарах склала менш за 5000 чалавек19

«Ужо і па Еўропе небяспечна падарожнічаць». Беларуска, якую затрымалі ў Італіі па запыце Мінска, вярнулася да сям’і ў Польшчу

У Маскоўскай вобласці пачаўся гіганцкі пажар — дым і полымя відаць за дзясяткі кіламетраў4

Англійскі футбольны клуб дыскваліфікавалі за шпіянаж за супернікамі1

Паслухайце песню «Зямля бацькоў», якую на «Фестывалі надзеі» выконвалі тройчы16

Нацыянальны мастацкі музей набыў слуцкі пояс даўжынёй больш за чатыры метры4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Другі сын Калаўра атрымаў высокую пасаду1

Другі сын Калаўра атрымаў высокую пасаду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць