Грамадства

«Ужо і па Еўропе небяспечна падарожнічаць». Беларуска, якую затрымалі ў Італіі па запыце Мінска, вярнулася да сям’і ў Польшчу

Карына Зданевіч-Спыхальска — беларуска, у якой ёсць і польскае грамадзянства, — вярнулася ў Польшчу пасля трох з паловай месяцаў вымушанага знаходжання ў Італіі. Там яе затрымалі па ноце Інтэрпала. Запыт у міжнародную паліцыю накіравалі беларускія ўлады, якія шукаюць жанчыну па эканамічным артыкуле. Але Карына ўпэўненая, што ўся справа ў яе палітычнай актыўнасці 2020 года. Яна расказала Most пра затрыманне і вяртанне дадому.

Карына Зданевіч-Спыхальская

Праблемы з Інтэрпалам былі і раней

Пра тое, што беларускія ўлады шукаюць Карыну, яна даведалася больш за два гады таму. У лютым 2024 года яна прыляцела на Балі, але на памежным кантролі раптам узніклі пытанні.

«У вас праблема з Інтэрпалам», — апісвае Карына тую размову з памежнікамі. — Восем гадзін у аэрапорце я прачакала, але мяне развярнулі — не пусцілі на Балі».

Затым з’явілася праблема з уездам у Турцыю, якую да гэтага жанчына наведвала спакойна. У маі 2025 года яна прыехала туды з мужам і дзецьмі. Сям’ю прапусцілі, а яе не.

Аднойчы яе затрымлівалі і ў Польшчы. Карына згадвае, што тады ўзнікла акалічнасць, калі яна сама выклікала паліцыю. Патруль вырашыў праблему, але праз пяць хвілін паліцыянты вярнуліся. Яны спыталі жанчыну, ці ведае яна, што яе шукае Інтэрпал. Карына адказала сцвярджальна, і праваахоўнікі паведамілі, што ёй давядзецца паехаць з імі.

«Мяне дапытаў пракурор. Спытаў, з чым звязаны запыт [Беларусі]. Я сказала, што, хутчэй за ўсё, ён палітычны. Тады мяне папярэдзілі, каб не ездзіла ў Беларусь. І сказалі: «Будзьце асцярожныя ў іншых краінах». Праз 15 хвілін мяне выпусцілі», — узгадвае Карына.

«Было вельмі цяжка без дзяцей»

Тым не менш у Шэнгенскай зоне да гэтага года праблем у Карыны не было. Толькі летась яна сем разоў была ў Парыжы, два гады таму прыязджала ў Італію.

Апошні раз у краіну яна таксама ўехала без праблем, а вось на зваротным шляху, пры сканаванні білета ў аэрапорце, спрацавала сістэма. Жанчыну затрымалі.

«Ужо і па Еўропе небяспечна падарожнічаць», — звяртае суразмоўца ўвагу на рызыкі для людзей, якія знаходзяцца ў той жа сітуацыі, што і яна.

Першыя пяць дзён пасля арышту Карына правяла ў турме ў Бергама, а затым яе адпусцілі пад абавязацельства аб яўцы. Тры з паловай месяцы яна не магла пакідаць Італію і жыла ў знаёмых. Пазней меру стрымання анулявалі, і 18 мая Карына здолела вярнуцца ў Польшчу, але ўсё яшчэ абавязаная прыязджаць у Італію на слуханні сваёй справы.

Дома ў Польшчы беларуску чакалі двое дзяцей — двух і чатырох гадоў.

«Было вельмі цяжка без дзяцей», — апісвае апошнія месяцы Карына.

Справа эканамічная ці палітычная?

Увесь той час, пакуль запыт афіцыйнага Мінска абмяжоўваў перамяшчэнне Карыны, яна спрабавала высветліць, у чым справа. Яшчэ падчас першых праблем на Балі ёй стала вядома, што яе шукаюць па эканамічнай справе. Але падрабязнасцяў даведацца не ўдалося. Пазней на запыт жанчыны ёй адказалі, што Беларусь схавала інфармацыю.

Цяпер жа, калі суд Італіі павінен быў вырашыць, ці выдаваць Карыну, акалічнасці сталі праясняцца. Беларуску шукаюць у сувязі з давядзеннем да наўмыснай эканамічнай няздатнасці (банкруцтва). Яна кажа, што ў прадстаўленых дакументах значыцца, што яна вінная банку 60 тысяч еўра. Паводле яе слоў, раней сума складала 6 тысяч еўра.

Карына тлумачыць: некалі ў Беларусі ў яе сапраўды было ІП, якое пайшло ў працэдуру банкруцтва. Было гэта яшчэ ў 2017 годзе. Тады жанчына ўжо жыла ў Польшчы, а справай займаліся беларускія адвакаты.

«Зараз я разумею, што павінна была атрымаць нейкі канчатковы дакумент аб банкруцтве. Я яго не атрымала. Але іншыя адвакаты мне казалі, што ён ёсць», — расказвае Карына.

Тым не менш да 2020 года Беларусь яе не шукала. Запыт накіравалі толькі ў верасні 2020 года, а ў базу Інтэрпала яе ўнеслі праз год. Ордар суразмоўца звязвае са сваёй актыўнасцю пасля прэзідэнцкіх выбараў, калі яна падтрымала пратэсты. Тады яна выходзіла на мітынгі ў Варшаве, а таксама размяшчала пасты ў сябе ў сацсетках.

Пасля арышту ў Італіі Карына звязалася з офісам Святланы Ціханоўскай. Там дапамаглі і напісалі ліст з тлумачэннем сітуацыі.

«Мне сказалі, што гэта яшчэ вельмі добра, што мне напісалі эканамічнае злачынства. Таму што некаторым прыпісваюць гандаль наркотыкамі. І гэта па-іншаму разглядаецца ў Еўропе».

Па завяршэнні справы Карына мае намер дабівацца свайго выключэння з базы Інтэрпала.

Каментары

Цяпер чытаюць

Брат беларускай каралевы прыгажосці трапіў у рэанімацыю ў Азербайджане8

Брат беларускай каралевы прыгажосці трапіў у рэанімацыю ў Азербайджане

Усе навіны →
Усе навіны

«І загарэліся ўсе чырвоныя лямпачкі, якія толькі ёсць». Пачобут распавёў, як яго правяралі на мяжы пры ўездзе ў Беларусь27

Мужчына зрабіў званок з Беларусі праз сетку літоўскага аператара. Як гэта атрымалася?3

26‑гадовага гамельчука асудзілі на 5,5 года калоніі за «паклёп і знявагу Лукашэнкі»3

Былы пасол Расіі атрымаў участак для катэджа ў Драздах. Ён будзе суседам Качанавай2

На беларускія экраны вярнулася інтэлектуальная гульня «Брэйн-рынг»6

Колькі заставалася сядзець палітвязням, вызваленым 16 верасня? Некаторым з іх — яшчэ па восем гадоў

«Па-першае, не Коля, а Мікалай». Ботаў вывелі на абарону Колі-лейтэнанта33

У ЗША з міграцыйнай турмы вызвалілі беларуску, у якой быў рак шчытападобнай залозы

Новы ці ўжываны? Колькі каштуюць Geely і Belgee з прабегам і ці моцна яны страчвалі ў цане5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брат беларускай каралевы прыгажосці трапіў у рэанімацыю ў Азербайджане8

Брат беларускай каралевы прыгажосці трапіў у рэанімацыю ў Азербайджане

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць