Архіў

Сяргей Балахонаў

ЭРАГЕННЫЯ ЗОНЫ ГОРАДУ Г.

«Победи Ярополк Всеслава у Голотичьска»

Галацічаск — прывідны горад, лякалізаваны толькі на старонках летапісаў і ў фантазіях навукоўцаў. Апошнім часам, ня могучы адкаснуцца ад насланьня ірацыянальнасьці, ты ўсё больш і больш схільны бачыць у летапісным Галацічаску родны Гомель. Так і ўяўляецца глухаваты кіеўскі манах, які трохі не дачуў і занатаваў абы-што, каб нядбалы перапісчык перакруціў тую абыштоську яшчэ мацней. Першая згадка пра Менск распавядае пра яго разбурэньне. Першая згадка пра Гомель прыхавала Гомель у непанятках. Гэтыя непаняткі перасьледуюць гамельчукоў дасюль, і тыя проста вымушаныя ўсюды мудрагеліць, набіваючы сабе ўяўную цану.

Вальтэр рэклямуе

Рэклямнікі часьцяком перабіраюць меру. То ў плюгкасьці, то ў арыгінальнасьці. У гомельскіх рэклямных блёках міжволі спатыкаешся аб спасылку на Вальтэра, які нібыта раіў прыхільнікам белага і чырвонага піць, але не запівацца. Гэта францускі мысьляр эпохі Асьветніцтва сказаў пра францускае віно. А наш такі свойскі і міленькі ролік рэклямуе напоі тутэйшага вінзаводу. Калі б цытавалі Някляева, яшчэ можна было б зразумець: кожнаму сваё лёсу вастрыё. Ну а Вальтэр… Дзіва, што за Эклезіяста не ўзяліся. Канчаткова сваімі мудрошчамі вінзавод дабіў па-за тэлеэтэрам. Ён у нас мала не ў сярэдзіне гораду месьціцца і ў пэўнай сваёй частцы плотам неабстаўлены. Ад ходніка да заводзкае сьцяны ўсяго адзін скок любога выдатніка па фізкультуры. І вось ля ходніка зьявіліся колькі невысокіх — цяляці па прычыннае месца — слупкоў з шыльдамі. Здалёк нагадвае папярэджаньне пра падземны электрычны кабэль. Ды зблізку ты ўбачыў няхітрую прыпіску: «ОХРАННАЯ ЗОНА. 2 м» і незнарок крутнуў галавой па бакох, ці нямашака паблізу якіх-небудзь людзей з аўтаматамі Калашнікава, што пільнуюць твой крок. Пашанцавала. Пашанцавала і другі раз, калі ўбачыў надпіс, адрэдагаваны чорным маркерам нязнанага жартаўніка: «ЭРОГЕННАЯ ЗОНА. 2 м». Прывітаньне Вітаўту Чаропку.

Брунэтка зь цёмным

Псэўдазімовы real-панядзелак. Мярзотнае раньне. Дыбаеш на працу. Паперад цябе — імклівая жаночая постаць. Пад смоль фарбаваная брунэтка ў прыталеным палітоне з дарэмна высокім разрэзам сьпехам расьсякае ранішні этэр, трымаючы між указальным і вялікім пальцамі правае рукі 0,5 цёмнага піва. Ідзеш на абмін, абы толькі зірнуць на ейны твар. Зірнуў. Пладова-ягадная незнаёмка з палотнішча Хруцкага, якая ночку бавіла на нейкай карціне Босха. Не спатрэбілася быць ані Шэрлакам Холмсам, ані Вільгельмам Баскервільскім, каб зразумець, што жанчынка бязьмерна ігнаруе і чырвонае, і белае на карысьць гаркавай беленькай. «Умыла ся водкаю цуднаю ліцэ і рукі», як пісаў далёкі продак.

Сымон-дакука

На пытаньне, хто твой самы нелюбімы беларускі музыка, ты ня змог бы адказаць проста. І не з прычыны баламуцтва ці пазэрства. А адно таму, што ня ведаеш, як завуць таго пеюна й гітарыста, які дае канцэрты ў падземным пераходзе ля ўнівэрмагу — цёзкі нашага ардэнаноснага гораду. Кожны твой спуск пад зямлю, як пах дусту ці дымавое шашкі, сустракае ягоны «ціпа рокавы» вакал. Нярэдка побач мітусяцца памочнікі (пасэсійныя музыканты?) з шапкамі заміж інструмэнтаў у руках. Усе маладыя. Усе пяюць нешта расейскае, як сама Масква, і філязафічнае, як пракіслае ў пакунку малако. Але ж спыняюцца месьцічы, кладуць у шапкі свае малакроўныя грошы, просячы: «Давай нашу, вот эту». І ліецца хваляй песьня пра піцерскі дождж. Ось вона, діти, слов’янська психоделічна душа! Музыка, музыка… Сымон-дакука табе імя.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Каментары

Цяпер чытаюць

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА14

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Калі прадаць проста цяпер, грошай на закрыццё крэдыту не хопіць. Колькі страціў Belgee за год?9

Беларускі і іх кавалеры другі год запар ратуюць эканоміку «Мілавіцы», пакуль рускія і еўрапейцы купляюць усё менш7

МЗС Італіі выклікала расійскага пасла пасля таго, як Салаўёў назваў Джорджу Мелоні «шл**ай»6

Кацярына Андрэева прыняла прэстыжную ўзнагароду за стрым, праз які трапіла за краты

Эвалюцыя чалавека не спынілася. За апошнія 10 тысяч гадоў стала больш рыжых, а выпадкаў мужчынскага аблысення паменела2

Прэзерватывы Durex падаражэюць на 30% з-за вайны на Блізкім Усходзе

Прэзідэнт Аргенціны Мілей праспяваў на канцэрце ў гонар Нетаньяху4

Калі адбудуцца перамовы ЗША і Ірана і ці адбудуцца яны ўвогуле, становіцца ўсё менш зразумела1

У Аўстрыі перазнялі культавы серыял «Камісар Рэкс»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА14

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць