Архіў

«Шэрбурскія парасонікі» і старыя капелюшы

№ 37 (194), 11 — 18 верасьня 2000 г.


 

«Шэрбурскія парасонікі» і старыя капелюшы

 

Хтосьці зь вялікіх — здаецца, Мантэнь, — выдаў дарэшты простую, і разам з тым геніяльную сэнтэнцыю пра тое, што ў маладосьці мы пазіраем наперад, у будучыню, а ў старасьці азіраемся назад, спрабуючы ўгледзець у мроіве пражытых гадоў штосьці дагэтуль неспазнанае. І хаця слова «старасьць» непрыемна казыча слых і выклікае нутраны пратэст нават у людзей што ні на ёсьць сталага веку, экстрапалюючы згаданую сэнтэнцыю на ўласную асобу, кожнага разу ўздыхаеш і засяроджана чухаеш падбародзьдзе.

Нешматлікія чытачы маіх аповедаў раз за разам упікаюць аўтара за несучаснасьць, часавую закамплексаванасьць і прасторавую абмежаванасьць. І сапраўды, Ёкнапатофа мая займае невялічкі лапік зямлі дзесьці на паўночным усходзе Беларусі, а яе насельнікі й дагэтуль жывуць дзесьці прыканцы 60-х — пачатку 70-х гадоў. Аўтар, шчыра кажучы, і сам захрас у тым рамантычным часе — часе, калі чаўны-спадарожнікі баразьнілі бяскрайнія прасторы космасу, калі ў літаратурных клясыках хадзіў Пятрусь Броўка, а ў школах ішло змаганьне з кароткімі спадніцамі ў дзяўчын і даўгімі валасамі ў дзецюкоў, калі сьпявалі Вадзім Мулерман і Валеры Абадзінскі, а беларусы канчаткова здэградавалі як нацыя. Гэта былі крыху наіўныя, у меру п’яныя, крыху вусьцішныя, але дарэшты хуткаплынныя гады. І калі ў XVI-XVII стагодзьдзях, як сьведчаць гісторыкі, надарыліся Вялікія геаграфічныя адкрыцьці, дык на канец 60-х гадоў ХХ стагодзьдзя прыпалі адкрыцьці іншага кшталту. У прыватнасьці, аўтар гэтых нататак адкрыў для сябе такія фундамэнтальныя рэчы, як rock-music, апавяданьні Эрнэста Гэмінгуэя і францускае кіно.

Студзеньскім вечарам 1968-га я сядзеў у халоднай залі наваполацкага кінатэатру «Космас» і пачуваў сябе ніякавата: народу на сэанс прыйшло зусім мала, хаця на аблепленай сьнегам афішы чырвонілася спакусьлівае слова «Францыя».

У тую пару францускія фільмы круцілі зрэдку, народу ў «Космас» набівалася як завязаць, а на «Трох мушкетораў» нават прадавалі «стаячыя» білеты. Цяпер жа ў залі тырчэлі рэдкія галовы, і ў мяне, смаркатага юнака, быў той настрой, які псыхолягі назвалі б высокім узроўнем трывогі. Але вось загучала музыка, на пакрэсьленым рухавымі пісягамі экране мільганулі цітры, і нешматлікія гледачы, зразумеўшы, што патрапілі «на опэру», рушылі да выхаду.

...Студзеньскім вечарам 1968-га ў кінатэатры «Космас» круцілі «Шэрбурскія парасонікі».

Малады хлопец любіўся зь дзяўчынай, пайшоў у войска, патрапіў у Альжыр, дзе ішла вайна, дзяўчына тым часам нарадзіла дзіцёнка і пабралася з прадпрымальнікам... Францускі варыянт бамбэйскіх кінасмаркачоў, які, па ідэі, мусіў выклікаць нэрвовы сьверб у пахвіне, спачатку захапіў, потым уразіў, а ў сваіх апошніх кадрах да таго ўзрушыў маладую душу, што і цяпер, праз трыццаць два гады, ужо дарэшты зьнявераная і бяскрылая, душа кожнага разу замірае пры першых гуках легранаўскай мэлёдыі. Я й сёньня не магу ўцяміць — чым ўразіў банальнасюжэтны м’юзыкал сяміклясьніка В.Мудрова, а разам зь ім і ўсю цывілізаваную Эўропу? Шыкоўнымі валасамі К.Дэнёў? Ня менш шыкоўнай музыкай М.Леграна? Творчымі знаходкамі рэжысэра Ж.Дэмі? З дапамогаю чыстай лёгікі на гэтае пытаньне не адкажаш, а між тым «Шэрбурскія парасонікі» сталіся вяхой ня толькі ў эўрапейскім кінамастацтве, але і ў жыцьці сяміклясьніка В.Мудрова. Жыцьцё напоўнілася новым зьместам і новай эстэтыкай. Сяміклясьнік перастаў усур’ёз успрымаць савецкую літаратурную клясыку, гідзіўся, пазіраючы на тлустых савецкіх сьпевакоў, і ў кожнай дзяўчыны, зь якой знаёміўся, абавязкова пытаўся: ці бачыла яна «Шэрбурскія парасонікі»?

А яшчэ праз пару месяцаў душа мая зазнала чарговае ўзрушэньне. Сябрук, зь якім мы вучыліся ў паралельных клясах, прапанаваў завітаць да свайго стрыечнага брата. Брат вучыўся ў Маскве і прывёз адтуль кружэлку з запісам ансамбля «Бітлз».

Прыйшлі да брата сярод белага дня, але той, адчыніўшы дзьверы, паўстаў перад гасьцямі страшэнна заспаным і яшчэ больш незадаволеным. «Ізноў...» — прастагнаў студэнт і стогн гэты выдаваў на тое, што я быў далёка ня першы, хто прыцёгся паслухаць кружэлку. Сябрук матлянуў галавой, маўляў, не зьвяртай увагі, і мы прайшлі ў пакой. На прайгравальніку аграмаднай радыёлы ўжо стаяла супрафонаўская «саракапятка».

— Усе іх лаюць, а, між іншым, прыемная музыка,— заўважыў сябрук, уключыўшы радыёлу.

Пра «Бітлз» на той момант я ўжо чуў шмат розных плётак, чытаў разгромны артыкул у «Камсамольскай праўдзе» і нават бачыў «бітлух» на экране. Летась на дваровай агітпляцоўцы круцілі кіначасопіс «У краінах капіталу» і тамака мільгануў сюжэт: нечыя голыя ногі калацілі па клявіятуры піяніна, гучаў забойны музон (цяпер згадваю — гэта быў «Rock’n Roll Music» Чака Бэры), і суворы голас за кадрам тлумачыў: «А гэта — куміры заходняй эстрады, сумна вядомы «Бітлз». Паглядзеўшы кінаролік, я тады ўсур’ёз падумаў, што «куміры заходняй эстрады» злоўжываюць «Кока-колай», а ўпіўшыся да божай моцы, вычвараюцца, як могуць, на сцэне, не шкадуючы ні гледачоў, ні музычных інструмэнтаў.

...Сябрук сьцярожка апусьціў гуказдымальнік, шапятнуў францускае імя Мішэл і ў нэтрах радыёльных брынкнула гітарная струна. Я слухаў шчымлівую мэлёдыю з глыбокім перакананьнем, што сябар нешта пераблытаў, паставіў ня тую кружэлку: зьверападобныя істоты, якіх паказвалі «ў кіне» папросту не маглі сьпяваць такіх песьняў. «Мі-і-шэл, ма бэл», — гучэла з дынаміку, і нейкая цёплая хваля падымалася ў грудзёх, і мне карцела некуды бегчы, і здавалася, што гэтая песьня заўсёды жыла ўва мне ды толькі цяпер набыла голас.

Праз шмат гадоў давялося пабачыць адзін польскі фільм, героі якога, хлопцы 60-х, таксама слухалі «Beatles». Слухалі ў поўным ачмурэньні, утаропіўшы вочы на пакарабачаную «самастрэльную» кружэлку. У тых паляках я пазнаў сябе, і цёплая хваля ізноў паднялася ў грудзёх, і я парадаваўся за навачасную моладзь, якой ніхто ня крапае на мазгі і якая, хаця й зрэдку, слухае «куміраў заходняй эстрады» і іх неўміручую «Mishelle».

У траўні 1968-га прысьпеў студэнцкі бунт у Сарбоне. Я не прапускаў аніводнага выпуску тэленавінаў, кожны раз набываў у шапіку тузін газэтаў і, зразумела, сымпатыі мае былі на баку студэнтаў. Пры гэтым душу кроіла шчымлівая крыўда: француская моладзь дзень да ночы слухала «Beatles», насіла даўгія валасы і джынсы, чытала немаведама што і ўсё адно бунтавала, а ў нашым Наваполацку дзень да ночы слухалі сьпевы Вадзіма Мулермана, у цырульнях замаўлялі «кароткую стрыжку з праборам», насілі клёшы з трыма гузікамі на поясе, чыталі кніжонкі сэрыі «Подзьвіг» (літаратурны дадатак да часопіса «Сельская молодёжь») і выбівацца да цывілізацыі ніхто й ня думаў.

У сёмай клясе ў мяне зьявіліся два надзейныя сябры: Валеры Шлыкаў ды Анатоль Рыбікаў. Вучыліся мы ў адной школе, разам швэндаліся па горадзе і, урэшце, тройца наша разгарнула ў сьценах роднай агульнаадукацыйнай СШ № 2 змаганьне за высокія ідэалы біт-музыкі. Пачалося змаганьне ўвосень 1969-га акцыяй, якую мы назвалі «сядзячы страйк». Пісалі крэйдай на седале разламанага крэсла лёзунг «Hands off from Beatles!», сядалі, падчас вялікай пярэрвы, на лесьвічным маршы і гучна білі ў ладкі. Ляпнем дзевяць разоў у пэўным рытме: — ... ——, а потым гарлаем: «Эгэй!» Спынялі акцыю ў трох выпадках: 1) калі на лесьвіцы зьяўляўся дырэктар школы А.З.Герцыковіч, 2) настаўнік фізыкі й астраноміі Я.М.Крылоў, 3) настаўніца матэматыкі М.Т.Любамудрава. Дырэктару мы падпарадкоўваліся па рангу, а згаданых настаўнікаў проста паважалі.

Пачыналі акцыю ўтрох, а неўзабаве на прыступкі сталі прысаджвацца нават вучні малодшых клясаў. Адзін зь іх, па прозьвішчы Полазаў, наогул хадзіў за намі як на павадку і мы даручалі яму трымаць «лёзунг». На лесьвіцы кожнага разу ўтвараўся затор: дзяўчыны-дзесяціклясьніцы з пагардаю праз нас пераступалі, кранаючыся спадніцамі нашых вушэй, пераступалі й маладыя настаўніцы, а адна зь іх, «англічанка» па прозьвішчы Талкушкіна, пры гэтым узрушана мармытала: «Ужас, это просто ужас!»

Згадваючы нашыя «страйкі», кожнага разу думаю: бедныя настаўнікі, колькі мы вам крыві папсавалі! Аднак і мне, разам зь сябрамі, давялося паскакаць драздом па даху, прычым у літаральным сэнсе гэтых словаў. З-за тых жа валасоў. Прыйдзем з Валерам у школу, зачэшам патлы за вушы, канцы піхнем за каўнер; шыбуем па калідоры, увабраўшы галовы ў плечы, і раптам дырэктараў голас: «Шлыкаў з Мудровым! Да заняткаў не дапускаю!» Скрывелімся, вядома, рушым да выхаду — нібыта ідзем у цырульню, — а як толькі дырэктар адвернецца, прасьлізгваем, за ягонай сьпінай, у клясу. Урэшце на ўваходзе сталі выстаўляць настаўніцкі пікет, каб не пускаць нас на заняткі. Але мы й тут знайшлі выйсьце: сталі залазіць у школу па супрацьпажарнай лесьвіцы. Узьлезем на дах, прабяжымся між антэнаў і комінаў — і нырцуем у люк. Лазілі цягам месяцу, а то й болей — аж пакуль у школу не прыехала нейкая праверка. Лесьвіца ішла акурат пад вокнамі настаўніцкай — правяральцы нас угледзелі і кінуліся пераймаць: сталі ціхенька ля драбінаў, што вялі на паддашкавы люк, а Толік Рыбікаў, які спускаўся першым, ня ўгледзеў — і скочыў некаму на галаву. На доле лямант, гармідар. Мы з Шлыкавым нічога не зразумелі, перапудзіліся, спусьціліся хуценька на зямлю, злавілі нейкага першаклясьніка й загадалі выведаць: што там надарылася і наогул — якая апэратыўная абстаноўка ў школе. Апэратыўная абстаноўка, як высьветлілася, была складанай і мы ўрэшце выкінулі белы сьцяг: разьвіталіся з сваімі кудламі. Абкарналіся «пад нуль», і ня толькі наша тройца, але, на знак салідарнасьці, і яшчэ некалькі чалавек, а адзін хлопец па прозьвішчы Вазерскі нават пагаліў галаву і змазаў (дзеля бляску) палітурай. На наступны дзень у клясу завітаў дырэктар школы і, перш чым сказаць слова, цяжка ўздыхнуў. «Мне толькі што тэлефанавалі з гарадзкога камітэту партыі... — у гэтым месцы дырэктар зрабіў паўзу, чакаючы, што твары нашыя прасякнуцца законнай трывогай і, не дачакаўшыся, працягваў, — пыталіся, ці ня з нашай гэта школы выйшла шайка брытагаловых?» Запанавала зацятая ціша, якую парушыў Валеры Шлыкаў: «Дык вам не дагадзіць... Даўгія валасы — дрэнна, пастрыгліся — зноў дрэнна...» Дырэктар у адказ пацёр лоб і моўчкі махнуў рукой.

Празь месяц у школу ізноў патэлефанавалі з гарадзкога камітэту партыі. Гэтым разам пытаньне было наступным: чаму вашыя вучні ходзяць ля гаркаму ў капелюшах? Мы й сапраўды хадзілі ў капелюшах, прычым узору 50-х гадоў — з высокім верхам і выдзернутым нутром. Замест школьных тэчак у нашай тройцы былі аднолькавыя гаспадарчыя сумкі з процьмаю адмыслова прарэзаных дзірак і надпісам чырвонай фарбай: ВЕАТ (фарба, праўда, неўзабаве аблезла), а апраненыя мы былі ў вэльвэтавыя пінжакі і індыйскія джынсы «Міltons» (сапраўдныя фірмовыя джынсы ў школе меў толькі Пецька Прахаронак — яму іх даслаў родны дзядзька зь Нью-Ёрку). Кашулі таксама былі адмысловыя. Мы іх самі фарбавалі: завязвалі вузламі белыя сарочкі, укідвалі ў анілінавы фарбавальнік, пасьля разьвязвалі і атрымлівалася даволі арыгінальная расфарбоўка. Было тое-сёе і з дэмісэзону: Рыбікаў цягаў скураны (часінаў фінскай кампаніі) танкісцкі палітон, а я такі ж даўжэзны «малянкоўскі» пыльнік з патаемнымі гузікамі, які падпярэзваў пяньковай вяроўчынай. Блукаючы ў такіх строях па горадзе, часьцяком фатаграфаваліся на прыступках гаркаму (у Рыбікава быў фотаапарат «Зэніт») і партыйныя круцялі відочна ўспрымалі гэта як непавагу да «сьвятога» месца. А магчыма бачылі ў нашых асобах пародыю на сябе, бо ж яны тою парою таксама хадзілі ў капелюшах ды шэрых пыльніках.

У нашых выбрыках, як атрамант скрозь бібулу, стала прабівацца палітычная падкладка і нашу тройцу папросту абавязаны былі паставіць на адмысловы ўлік. А можа і паставілі, пасьля таго, як я вывесіў на дошцы школьных аб’яваў расклад трансьляцый канцэртаў папулярнай музыкі шэрагу заходніх радыёстанцыяў. Сярод іх былі «Voice of America», «Radio Sweden» і румынская праграма «Radio Free Europe». Дарэчы, лепш ад астатніх у нашых краёх прымалася Швэцыя. З тае нагоды я часьцяком пасылаў на «Radio Sweden» музычныя заяўкі і хаця ні Тамара Юхансан — рэдактарка музпраграм, ні ейны калега Ульф Цэдэніюс майго імя не называлі, заяўкі заўсёды выконваліся. А дзесьці напарэдадні Новага, 1971 году Віцька Бушуеў — ён вучыўся ў паралельнай клясе — па страшным сакрэце паведаміў, што двух ягоных сяброў «цягалі ў кантору» і дапытваліся: хто зь іх пісаў лісты на заходняе радыё? Мяне, праўда, гэтым разам нікуды не цягалі — лісты я не падпісваў і ўкідваў, дзеля кансьпірацыі, у суседнім Полацку. Павезьлі мяне ў КГБ толькі праз чатыры гады. І ўжо не як зацятага бітніка, а як беларускага нацыяналіста.

Вінцэсь Мудроў


Каментары

Цяпер чытаюць

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА23

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

У Варшаве на наступным тыдні адчыніцца кніжная крама фонду «Камунікат»1

Украіна папрасіла Турцыю арганізаваць саміт паміж Зяленскім і Пуціным3

Сіноптыкі паабяцалі мокры снег у наступныя дні

Масква пужае Арменію: праз збліжэнне з ЕС Арменія страціць 30% эканомікі3

Такер Карлсан выбачыўся за падтрымку Трампа9

Стваральнікі Max кажуць, што ў іх месенджары зарэгістраваліся 1,3 мільёна беларусаў7

Лукашэнка даручыў пастрожыць падрыхтоўку кіроўцаў у аўташколах16

Нацбанк выпусціў манету з 12 гранямі, якая каштуе 23 тысячы рублёў1

34‑гадовую аматарку экстрэмальнага спорту і маладую маці асудзілі па палітычным артыкуле7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА23

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць