Архіў

Алесь Аркуш. Дзесяць гадоў таму

№ 37 (194), 11 — 18 верасьня 2000 г.


 

Дзесяць гадоў таму

 

Дзесяць гадоў таму ў Полацку адбылося першае агульнакраёвае Скарынаўскае сьвята. Беларусь адзначала 500-я ўгодкі свайго слаўнага сына Францішка Скарыны. Каго толькі ні сустрэць было на вуліцах! Увесь беларускі сьвет — ад Вітаўта Кіпеля да Адама Мальдзіса, ад айца Аляксандра Надсана да айца Яна Матусевіча. Некаторых зь іх ужо няма на гэтым сьвеце, але для мяне яны жывыя разам з тым днём. Францішку пашанцавала зь юбілеем – час для сьвята быў спрыяльны. У гэты год 26 студзеня быў прыняты Закон аб мовах, паводле якога беларускую абвясьцілі дзяржаўнай, у Віцебску яшчэ ня ведалі ні пра якія «Славянскія базары» – 18 ліпеня тут пачаўся другі Фэстываль польскай песьні, а 27 ліпеня, як найлепшы падарунак першадрукару, Вярхоўны Савет Беларусі прыняў «Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі».

Я хадзіў з двухгадовым сынам па Полацку і забаўляў яго, называючы імёны людзей, якія бесьперапынна праходзілі побач. Большасьць гасьцей пазнаваў па партрэтах з кніг. Адчувалася нейкая агульная ўзьнёсласьць — эўфарыя беларускага духу. Здавалася, спаконвечны тутэйшы страх пакінуў беларусаў і яны разагнулі сьпіны. Рыхтуючыся да першага нацыянальнага сьвята, тутэйшыя ўлады былі вымушаныя зьвяртацца па дапамогу да былых гэтак званых антысаветчыкаў і нацдэмаў. Вінцэсь Мудроў, напрыклад, кансультаваў гаркамаўскіх спэцыялістаў у галіне культуры — трэ было скласьці сцэнар Скарынаўскага сьвята.

Вымысьлілі шмат розных мерапрыемстваў і відовішчаў. Па горадзе можна было праехаць на бутафорскай карэце. На цэнтральным пляцы гандлявалі вырабамі народных майстроў — у гарадзенца Алеся Аўчыньнікава (пазьней ягонымі малюнкамі мы аздобілі часопіс «Калосьсе» № 2-3) я купіў сыну дудку. Яна так і ляжыць у мяне. Колькі ўжо людзей гралі на ёй немудрагелістыя мэлёдыі, але найлепш атрымлівалася ў мастака Сяргея Цімохава.

У гэты сьвяточны дзень быў адчынены Полацкі музэй беларускага кнігадрукаваньня. Над канцэпцыяй музэю працавалі два наваполацкія дызайнэры — Ігар Куржалаў і Сяргей Дзьмітрыеў. Яны хадзілі сярод гаманлівага натоўпу як галоўныя юбіляры, асабліва выфранціўся Куржалаў – у вясельным гарнітуры зь вялікім матыльком. Усе ціснулі дызайнэрам рукі і віншавалі. Музэй уражваў. У правінцыйным Полацку зьявіўся асяродак культуры. Менавіта тут адбываюцца цяпер цырымоніі ганараваньня літаратурнай прэміі Таварыства Вольных Літаратараў «Гліняны Вялес», тут ладзяцца прэзэнтацыі кніг палачанаў, тут адбываюцца сустрэчы зь цікавымі гасьцямі.

Я сілюся ўзгадаць штосьці яшчэ – не атрымліваецца. Помняцца толькі людзі і людзі, якія прахо-дзяць міма. Вясёлыя, узбуджаныя. Гэта іх сьвята… Якое хутка скончылася.

Пазьней я даведаўся, што на наступны дзень, 8 верасьня, у маленькім гатэльным пакойчыку наваполацкага гатэлю «Беларусь» адбылося адраджэньне полацкага ўніяцтва. Айцец Ян Матусевіч пахрысьціў у грэка-каталіцкую веру каля 30 палачанаў і навапалачанаў і правёў для іх першую ўніяцкую літургію. Пазалетась айца Яна Матусевіча ня стала.

У Полацку многія забыліся пра той прыгожы Скарынаўскі юбілей. Толькі ўніяты не забыліся. 8 верасьня ўрачыстым набажэнствам яны адзначылі ўгодкі таго юбілею.

Алесь Аркуш


Каментары

Цяпер чытаюць

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА23

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

У Варшаве на наступным тыдні адчыніцца кніжная крама фонду «Камунікат»2

Украіна папрасіла Турцыю арганізаваць саміт паміж Зяленскім і Пуціным3

Сіноптыкі паабяцалі мокры снег у наступныя дні

Масква пужае Арменію: праз збліжэнне з ЕС Арменія страціць 30% эканомікі3

Такер Карлсан выбачыўся за падтрымку Трампа9

Стваральнікі Max кажуць, што ў іх месенджары зарэгістраваліся 1,3 мільёна беларусаў7

Лукашэнка даручыў пастрожыць падрыхтоўку кіроўцаў у аўташколах16

Нацбанк выпусціў манету з 12 гранямі, якая каштуе 23 тысячы рублёў1

34‑гадовую аматарку экстрэмальнага спорту і маладую маці асудзілі па палітычным артыкуле7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА23

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць