Меркаванні3232

Сціплы мільянер Павел Тапузідзіс

Грузінскі вытворца цацачных самалёцікаў стаў адным з самых набліжаных да Лукашэнкі бізнэсоўцаў. «Сціплы» мільянер у часе прэзідэнцкай кампаніі-2010 быў... старшынём выбарчай камісіі на адным з участкаў.

Ён уваходзіць у дзясятку самых уплывовых бізнэсоўцаў Беларусі. Ён уладальнік гіпермаркетаў «Карона» і ўласнік адзінай прыватнай вытворчасці цыгарэт. Усё гэта Павел Тапузідзіс — чалавек, якога мала хто бачыў у твар. Грузінскі вытворца цацачных самалёцікаў стаў адным з самых набліжаных да Лукашэнкі бізнэсоўцаў. Вы будзеце смяяцца, але «сціплы» мільянер у часе прэзідэнцкай кампаніі-2010 быў... старшынём выбарчай камісіі на адным з мінскіх участкаў.

Ніводнага інтэрв’ю ў СМІ, рэдкія фота, ніводнага з’яўлення на публіцы… Нават закрытыя ад беларусаў мільянеры Юрый Чыж і Уладзімір Пефціеў свяціліся пад прыцэлам камер.

Пакуль ягоная кампанія «Тытунь-Інвест» з дазволу дзяржавы спальвае лёгкія беларусаў, сам Тапузідзіс будуе сабе верталётны клуб і маёнтак на беразе Мінскага мора.
«Наша Ніва» расказвае пра разгалінаваны бізнэс таямнічага алігарха.

У чалавека-касмапаліта Паўла Тапузідзіса змяшаныя грузінская і грэцкая кроў. Прычым менавіта Грэцыя з’яўляецца ягоным другім домам. Першым стала Беларусь. Акурат тут малавядомы замежнік, які пачынаў з вытворчасці пластмасавых цацачных самалёцікаў, атрымаў у рукі звышпрыбытковы тытунёвы бізнэс.

У князі з дазволу дзяржавы

«Тытунь-Інвест» — мінская кампанія, якая займаецца адначасова і імпартам, і ўласнай вытворчасцю цыгарэт.

Тытунёвы рынак жорстка кантралюецца ўладамі. На ім усяго два гульцы — Гродзенская тытунёвая фабрыка, больш за 99% акцый якой належаць дзяржаве, і сумеснае амерыканска-беларускае прадпрыемства Тапузідзіса.

Квота «Тытунь-Інвест» на 2011 год складае 7,6 мільярда цыгарэт, гэта каля 28% ад агульнай колькасці цыгарэт, якія выпускаюцца ў краіне. Кампанія па ліцэнзіі робіць папулярныя сярод беларусаў маркі Winston, Camel, Monte Carlo ды іншыя. А вось імпарт ажыццяўляецца ў цеснай сувязі з Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта, а дакладней з адным з яго падраздзяленняў — гандлёвым домам «Усходні».

Кароль гіпермаркетаў

Другі профіль Тапузідзіса сугучны спецыялізацыі мільянера Юрыя Чыжа. Яны абодва зрабілі стаўку на гіпермаркеты, у першага «Карона», у другога — «Прастор».

Гандлёвыя цэнтры «Карона» працягваюць сваё шэсце па краіне.
Першы з іх быў адкрыты ў Мінску ў 2006 годзе, праз тры гады чарговы з’явіўся ў Брэсце. Летась гіпермаркет з’явіўся ў першым райцэнтры — у Бабруйску. У стадыі будаўніцтва знаходзіцца і чацвёртая «Карона», якая змесціцца ў Віцебску, а ў найбліжэйшай перспектыве — «Карона-Уручча» ў сталічным мікрараёне Вялікі Лес.

У камплекце з вялікімі крамамі прадуктаў ідуць велізарныя «Карона-тэхна». Як вынікае з назвы, там гандлююць тэхнікай.

Бізнэс Тапузідзіса не варта блытаць з аднайменным гандлёвым цэнтрам у Гродне, які належыць Лазару Нісаеву.

Прыляціць Тапузідзіс на сваім верталёце…

На сайце «Кароны» можна заўважыць рэдкую для Беларусі аб’яву — продаж і арэнда верталётаў. Лагічная сувязь паміж гэтым захапленнем Тапузідзіса і яго першым цацачным бізнэсам навідавоку.

Вось ужо трэці год у Ратамцы, што каля Мінскага мора, «Тытунь-Інвест» будуе першы ў краіне верталётны клуб. І нягледзячы на крызіс, аддзелачныя працы вось-вось скончацца. Элітныя рэстаран, гатэль, а таксама шыкоўны «гасцявы домік» за 200 метраў ад іх на самым беразе вадасховішча, у якім будзе жыць уласна гаспадар.

Глухі плот сведчыць пра тое, што Тапузідзіс не чакае выпадковых наведнікаў. Побач пабудаваны і ангар для асабістага верталёта мільянера.
Магчымасць не толькі палётаць, але і паліхачыць на маторных лодках прыцягне залатую моладзь Мінска.

Усе ўмовы ёсць і для спакойнага арыстакратычнага адпачынку. Ратамка — цэнтр коннага спорту Беларусі. Клуб яшчэ дабудоўваецца, а палётаць на чатырохмясцовым верталёце прапануецца ўжо цяпер. Для цікаўных удакладнім каштарыс. Гадзіна палёту каштуе 1 245 000 рублёў незалежна ад колькасці пасажыраў на борце (ад аднаго да трох), прычым вылятаць можна проста з тэрыторыі аэрадрома «Мінск-1».

Замак ля рэзідэнцыі

У жніўні мінулага года быў гучна анансаваны праект забаўляльнага комплекса на Нарачы, які мусіў рэалізаваць «Тытунь-Інвест».

Кіраўнік дзяржавы ўласнаручна выдзеліў пляцоўку пад аэраклуб, цэнтр водных забаў і цэнтр дайвінгу.
І тут ізноў узнікаюць паралелі з Юрыем Чыжом, якога прымушалі забудоўваць Белавежскую пушчу.

Праўда, ці дойдзе да будаўніцтва на Нарачы — адкрытае пытанне. Праект доўга праходзіў узгадненне, але ўсё адно выклікае пратэсты эколагаў і грамадскасці.

Другі запланаваны Тапузідзісам аб’ект — найвялікшы ў Беларусі гандлёва-забаўляльны цэнтр «Замак». Раней яго меркавалі назваць «Лідо». Гэта будзе «сучасны чатырохпавярховы будынак з этнічнымі элементамі беларускіх замкаў», як абяцаюць архітэктары.

Яго маюць пабудаваць на праспекце Пераможцаў у Мінску каля завода «Атлант».

Апроч прадуктовай «Кароны» тут будуць крытая коўзанка, кінатэатр-мультыплекс на тры залы, казіно і стрыптыз-клуб. І ўсё гэта — пад носам у Аляксандра Лукашэнкі.
Яго новая рэзідэнцыя будуецца за некалькі соцень метраў ад «Замка» Тапузідзіса.

Сацыяльная нагрузка

Як і многія іншыя беларускія паспяховыя кампаніі, «Тытунь-Інвест» атрымаў ад дзяржавы стратны калгас у Любанскім раёне. Але гаворка перадусім не пра яго, а пра асабістую нагрузку Тапузідзіса. Вы будзеце смяяцца, але «сціплы» мільянер не адмаўляецца і ад выканання важных палітычных задач.

У часе прэзідэнцкай кампаніі-2010 на адным з сотняў мінскіх выбарчых участкаў старшынём камісіі быў абраны… Павел Георгіевіч Тапузідзіс — «ад працоўнага калектыва бухгалтэрыі ААТ «Тытунь-Інвест».

Брат-2

Як паказвае практыка, у дзяржавы ёсць істотныя аргументы, каб не даваць расслабляцца мільянерам і трымаць іх у тонусе. У выпадку кіраўніка «Тытунь-Інвеста» найбольш гучныя гісторыі звязаныя не з самім ім, а з ягоным братам Віталём Тапузідзісам. Як сцвярджае «Ежедневнік», той не мае адносінаў да бізнэсу брата, але не раз спрабаваў прыкрывацца ягоным імем. Напрыклад, у 2006 годзе праваахоўныя органы падазравалі Віталя Тапузідзіса ў кантрабанднай пастаўцы цыгарэт у Беларусь. А ў студзені 2011 года Тапузідзіс-брат быў затрыманы па падазрэнні ў падбухторванні да дачы хабару чыноўнікам. Уладальнік мінскага рэстарана Casa Agustin Lopez, які наймаў памяшканне ў Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, перадаваў $5 тысяч за «спрыяльнае рашэнне пытання арэнды». Следства падазравала Віталя Тапузідзіса ў тым, што ён абяцаў вырашыць усе праблемы праз свае сувязі, просячы за паслугі $10 тысяч. МУС Беларусі не дае ніякіх каментароў па гэтай справе, таму

дагэтуль невядома, ці выйшаў на свабоду брат мільянера.

Каментары32

Цяпер чытаюць

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам1

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Усе навіны →
Усе навіны

У ДТЗ у Воранаўскім раёне загінула аднагадовае дзіця

Славакія вяртае ў Беларусь пасла11

Распрацаваны першы за 50 гадоў антыбіётык супраць смяротнай супербактэрыі

У Маладзечанскім раёне прадаюць лецішча з марскога кантэйнера

Колькі каштуе пуцёўка ў беларускі санаторый — сума немалая2

Пяць пытанняў, якія застаюцца пасля смерці экс-выкладчыка БНТУ Шчукіна, што ўцякаў ад міліцыі45

Ротам камуніста Сыранкова зноў укідваецца ідэя адмяніць у Беларусі прэзідэнцкія выбары29

Келаг: На перамовах у Стамбуле будуць прадстаўнікі ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі і Францыі3

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава, прысвечаная расійскім перамогам15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам1

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць