Улада6868

Еўропа патрабуе новых выбараў

Парламент ЕС адзінадушна прыняў самую жорсткую ў гісторыі рэзалюцыю па Беларусі. Заклікае да эканамічных санкцый.

Парламент ЕС адзінадушна прыняў самую жорсткую ў гісторыі рэзалюцыю па Беларусі. Заклікае да эканамічных санкцый.
Прапаноўваецца ўжыць супраць Беларусі эканамічныя санкцыі. Таксама прагучаў заклік наконт недарэчнасці хакейнага чэмпіянату ў Мінску. Дэпутаты заклікаюць спыніць усялякія кантакты з лукашэнкаўцамі, увесці візавыя санкцыі супраць іх. Еўрапарламент шкадуе з нагоды таго, што Расія прызнала апошнія выбары ў Беларусі.

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Еўрапарламента, дакумент «рашуча асуджае жорсткія рэпрэсіі з боку паліцыі і КДБ у дзень выбараў» і заклікае «правесці незалежнае і бесстаронняе расследаванне таго, што адбылося», пад эгідай Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).

Нагадаем, Еўрапарламент таксама заклікае Савет ЕС увесці забарону на выдачу віз вышэйшым беларускім чыноўнікам, а таксама прадстаўнікам судовых і праваахоўных органаў, якія маюць дачыненне да фальсіфікацый вынікаў выбараў і рэпрэсій у дачыненні да апазіцыі, актывістаў грамадзянскай супольнасці і журналістаў, а таксама замарозіць іх рахункі ў краінах Еўрасаюза.

У дакуменце падкрэсліваецца, што гэтыя санкцыі павінны дзейнічаць да таго часу, пакуль беларускія ўлады не вызваляць усіх палітычных зняволеных і затрыманых падчас акцый пратэсту і не знімуць з іх абвінавачанні.

Акрамя таго, рэзалюцыя прапануе разгледзець магчымасць эканамічных санкцый у дачыненні да беларускага ўрада, у прыватнасці замарозку любой фінансавай дапамогі, што выдзяляецца праз Міжнародны валютны фонд, Еўрапейскі інвестыцыйны банк і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.

Пры гэтым у дакуменце адзначаецца: ЕС павінен аблегчыць працэдуру атрымання віз для беларускіх грамадзян, павялічыць падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных масмедыя Беларусі. Узгадваюцца, у прыватнасці, такія СМІ, як тэлеканал «Белсат», радыёстанцыі «Еўрапейскае радыё для Беларусі» і «Радыё Рацыя». Адначасова прапануецца прыпыніць супрацоўніцтва з дзяржаўнымі СМІ. Няўрадавыя арганізацыі, якім адмоўлена ў рэгістрацыі ў Беларусі, павінны быць зарэгістраваныя ў краінах ЕС і мець магчымасць атрымліваць дапамогу ў рамках еўрапейскіх праграм.

Радыё «Свабода» змяшчае праект рэзалюцыі, выстаўлены на галасаванне. Канчатковы тэкст прынятай рэзалюцыі з папраўкамі, унесенымі падчас галасавання, будзе выстаўлены на сайце пазней.

Рэзалюцыя, Эўрапейскага парлямэнту адносна сытуацыі ў Беларусі

Эўрапейскі парлямэнт,

— маючы на ўвазе папярэднюю рэзалюцыю Эўрапарлямэнту адносна сытуацыі ў Беларусі, у прыватнасьці рэзалюцыю ад 17 сьнежня 2009 г.,

— маючы на ўвазе Рашэньне Рады 2010/639/CFSP ад 25 кастрычніка 2010 г. адносна абмежаваньняў у дачыненьні да пэўных афіцыйных асобаў Беларусі, працягнуць іх да 31 кастрычніка 2011 г.,

— маючы на ўвазе Рашэньне Рады замежных спраў ад 25 кастрычніка 2010 г.,

— маючы на ўвазе заявы Офісу дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека АБСЭ і Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ «Аб папярэдніх высновах адносна прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі» ад 20 сьнежня 2010 г.,

— маючы на ўвазе Правіла 110 Рэглямэнту,

A. У сувязі з тым, што Праская дэклярацыя саміту Ўсходняга партнэрства зноў пацьвердзіла, у тым ліку і адносна Беларусі, адданасьць прынцыпам міжнароднага закону і асноўным каштоўнасьцям, у іх ліку дэмакратыі, вяршэнства закону і павагі да правоў чалавека і асноўных свабод,

B. У сувязі з тым, што Рада 25 кастрычніка 2010 г. «заклікала ўлады Беларусі забясьпечыць правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі і нормамі дэмакратычных выбараў АБСЭ і ААН,

C. У сувязі з тым, што Беларусь прыняла на сябе абавязаньні ўлічыць рэкамэндацыі АБСЭ і яго Офісу дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека адносна ўдасканальваньня выбарчага кодэксу Беларусі з мэтай прывесьці яго ў адпаведнасьць міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў і кансультавацца адносна прапанаваных зьменаў з АБСЭ; у сувязі з тым, што парлямэнт Беларусі прыняў рэформу Выбарчага кодэксу без папярэдняй кансультацыі з АБСЭ,

D. У сувязі з тым, што Рада «ізноў пацьвердзіла сваю гатовасьць пашыраць дачыненьні зь Беларусьсю ў залежнасьці ад разьвіцьця Беларусі ў накірунку да дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і вяршэнства закону, а таксама гатовасьць дапамагаць Беларусі ў дасягненьні гэтых мэтаў."

E. У сувязі з тым, што Рада, пасьля ацэнкі прагрэсу ў Беларусі, вырашыла працягнуць абмежавальныя захады супраць пэўных афіцыйных асобаў Беларусі, але прыпыніць ўжываньне візавых санкцыяў на паездкі ў ЭЗ, да 31 кастрычніка 2011 г.,

F. У сувязі з тым, што ў адпаведнасьці з заявамі ПА АБСЭ і Офісу дэмакратыі і правоў чалавека АБСЭ «Аб папярэдніх высновах адносна прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі» пэўны прагрэс можна адзначыць у часе выбарчага працэсу, але ён азмрочаны сур’ёзнымі парушэньнямі ў часе галасаваньня і гвалтам у дзень выбараў 19 сьнежня,

G. У сувязі з тым, што больш за 700 чалавек былі зьняволеныя за іх удзел у дэманстрацыі 19 сьнежня ў Менску, бальшыня зь іх былі вызваленыя пасьля адбываньня кароткіх тэрмінаў зьняволеньня паводле адміністрацыйных прысудаў, тым часам як 24 апазыцыйныя журналісты і актывісты, у тым ліку 6 кандыдатаў у прэзыдэнты, былі абвінавачаныя «у арганізацыі масавых беспарадкаў» і ім пагражае да 15 гадоў зьняволеньня, а яшчэ 14 чалавек могуць быць асуджаныя такім жа чынам неўзабаве,

H. У сувязі з тым, што разгон міліцыяй дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 г. і далейшыя захады праваахоўных органаў супраць дэмакратычнай апазыцыі, свабоды мэдыяў і грамадзянскай супольнасьці былі асуджаныя прэзыдэнтам Эўрапарлямэнту, высокімі прадстаўнікамі ЭЗ і Генэральным сакратаром ААН,

I. У сувязі з тым, што адвакаты, якія прадстаўляюць дэмакратычных актывістаў, апазыцыянэраў і іх родных, не дапускаюцца да зьняволеных,

1. Прызнае, што адпаведна з папярэднімі высновамі ПА АБСЭ і Офісу дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека аб тым, што прэзыдэнцкія выбары 19 сьнежня 2010 не адпавядалі міжнародным стандартам свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў; прызнае, што гэтае галасаваньне сталася страчанай магчымасьцю для дэмакратызацыі Беларусі, і заклікае, у сувязі са шматлікімі сур’ёзнымі парушэньнямі, адзначанымі АБСЭ, да новых выбараў, якія б былі праведзеныя адпаведна з свабоднымі і дэмакратычнымі нормамі і стандартамі АБСЭ;

2. Асуджае ўжываньне супраць пратэстоўцаў грубай сілы міліцыяй і КДБ у дзень выбараў, асабліва жорсткі напад на У. Някляева, парушэньне правоў на свабоду сходаў і выказваньня, а таксама правоў чалавека, і выказвае заклапочанасьць спробамі ўладаў Беларусі ўзяць пад апеку Даніла Саньнікава, 3-гадовага сына кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і журналісткі Ірыны Халіп, якія абое застаюцца зьняволеныя ад 19 сьнежня;

3. Рэзка асуджае арышт і затрыманьні мірных дэманстрантаў і бальшыні кандыдатаў у прэзыдэнты, лідэраў дэмакратычнай апазыцыі і вялікай колькасьці грамадзянскіх актывістаў, журналістаў, настаўнікаў і студэнтаў, якім пагражаюць прысуды да 15 гадоў зьняволеньня; заклікае да незалежнага і аб’ектыўнага расьсьледаваньня пад эгідай АБСЭ; заклікае да неадкладнага спыненьня палітычна матываваных прысудаў;

4. Асуджае рэпрэсіі і заклікае ўлады Беларусі неадкладна спыніць усе формы гвалту, перасьледу і запалохваньня актывістаў грамадзянскай супольнасьці, рэйды, ператрусы і канфіскацыю матэр’ялаў у прыватных памяшканьнях, прадстаўніцтвах незалежных смі і офісаў грамадзкіх арганізацыяў, а таксама выключэньняў з унівэрсытэтаў і звальненьняў з працы;

5. Патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх зьняволеных у дзень выбараў і пасьля выбараў, у тым ліку і зьняволеных, прызнаных Amnesty International вязьнямі сумленьня; заклікае улады Беларусі забясьпечыць неабмежаваны доступ сваякоў, юрыстаў і мэдыкаў да зьняволеных;

6. Выказвае шкадаваньне адносна рашэньня ўладаў Беларусі закрыць офіс АБСЭ ў Беларусі і заклікае ўлады Беларусі адмяніць гэтае рашэньне;

7. Асуджае блякаду ў інтэрнэце шэрагу буйных інтэрнэт-старонак, у тым ліку сацыяльных сетак і апазыцыйных вэб-сайтаў у дзень выбараў у Беларусі; падкрэсьлівае, што цяперашні закон аб СМІ ў Беларусі не адпавядае міжнародным стандартам і таму заклікае беларускія улады перагледзець і зьмяніць яго;

8. Заклікае Раду, Камісію і высокіх прадстаўнікоў ЭЗ перагледзець палітыку ЭЗ адносна Беларусі, у тым ліку ўжыць эканамічныя санкцыі і замарозіць усю макрафінансавую дапамогу праз крэдыты МВФ, апэрацыі Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця; падкрэсьлівае, што арыентацыя на Эўрапейскую палітыку добрасуседзтва і нацыянальнай дапамогі для Беларусі павінна быць перанакіраваная і праводзіцца ў сфэры падтрымкі грамадзянскай супольнасьці; нагадвае пра істотнасьць эфэктыўнага выкарыстаньня Эўрапейскай ініцыятывы ў справе дэмакратыі і правоў чалавека;

9. Заклікае Камісію падтрымаць усімі фінансавымі і палітычнымі сродкамі высілкі грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ (у тым ліку ТВ Белсат, Эўрапейскага радыё для Беларусі, Радыё Рацыя і іншых) і недзяржаўных арганізацыяў у Беларусі, якія разьвіваюць дэмакратыю і супрацьстаяць рэжыму; бачыць неабходнасьць актывізаваць і заахвочваць сувязі беларускіх недзяржаўных арганізацыяў зь міжнароднай супольнасьцю; разам з тым заклікае Камісію прыпыніць цяперашняе супрацоўніцтва і адклікаць дапамогу дзяржаўным СМІ ў Беларусі;

10. Заклікае Эўрапейскую Камісію разьвіваць мэханізм рэгістрацыі недзяржаўных арганізацыяў, якім адмоўлена ў рэгістрацыі ў Беларусі з палітычных прычынаў, для таго, каб даць ім магчымасьць карыстацца праграмамі ЭЗ;

11. Заклікае Камісію працягваць і павялічваць фінансавую дапамогу Эўрапейскаму гуманітарнмау унівэрсытэту (ЭГУ), які месьціцца ў Вільні (Літва), павялічыць колькасьць стыпэндыяў для беларускіх студэнтаў, рэпрэсаваных за іх грамадзянскую актыўнасьць і выключаных з унівэрсытэтаў і зрабіць унёсак у канфэрэнцыю донараў «Салідарнасьць зь Беларусьсю», заплянаваную на 2/02/2011 і наступную канфэрэнцыю ў Вільні 3–4/02/2011;

12. Заклікае Раду, Камісію і Вярхоўную прадстаўніцу ЭЗ неадкладна аднавіць візавыя забароны ў дачыненьні да кіраўнікоў Беларусі і пашырыць іх на дзяржаўных чыноўнікоў, а таксама супрацоўнікаў праваахоўных органаў і сілаў бясьпекі, якія могуць быць адказнымі за парушэньні ў часе галасаваньня і пасьлявыбарчыя жорсткія рэпрэсіі і арышты прадстаўнікоў апазыцыі, а таксама замарозіць іх банкаўскія актывы; зьвяртае ўвагу, што санкцыі павінны заставацца ў сіле як найменей да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і поўнага зьняцьця зь іх абвінавачаньняў; вітае добрыя прыклады ўраду Польшчы і парлямэнту Літвы, якія ўвялі ў дзеяньне візавыя абмежаваньні для прадстаўнікоў рэжыму ў Менску і разам з тым аблегчылі паездкі ў Эўразьвяз для беларускіх грамадзянаў;

13. Заклікае Раду разглядзець магчымасьць прыпыненьня ўдзелу Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве на саміце Усходняга партнэрства ў Будапэшце, калі да гэтага ня будзе прымальнага тлумачэньня і значнага паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі, пры гэтым прыпыненьне не распаўсюджваецца на няўрадавыя арганізацыі і грамадзянскую супольнасьць;

14. Заклікае Камісію і Раду актывізаваць перамовы ў справе пагадненьня аб рэадмісіі для спрашчэньня візавага рэжыму, у тым ліку і даступных візавых збораў ў мэтах спрашчэньня кантактаў паміж людзьмі;

15. Выказвае спадзяваньне, што краіны-сябры ЭЗ не аслабяць дзеяньні Эўразьвязу двухбаковымі кантактамі зь беларускім рэжымам, што аслабіла б аўтарытэт і эфэктыўнасьць эўрапейскай зьнешняй палітыкі;

16. Выказвае меркаваньне, што спартовыя мерапрыемствы, такія як Чэмпіянат Сьвету па хакеі ў 2014, ня могуць быць праведзеныя ў Беларусі, пакуль у гэтай краіне будуць заставацца палітвязьні;

17. Выказвае шкадаваньне ў сувязі з крокамі Расейскай Фэдэрацыі, якая прызнала выбары і расцаніла рэпрэсіі як «унутраную справу», рэкамэндуе Эўракамісіі распачаць дыялёг, кансультацыі і палітычную каардынацыю з суседзямі Беларусі, якія не ўваходзяць у ЭЗ, але якія традыцыйна маюць асаблівыяя адносіны з гэтай краінай і адначасна зьяўляюцца партнэрамі ЭЗ — а менавіта, Расеяй і Ўкраінай — каб максымальна павысіць эфэктыўнасьць палітыкі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі, а таксама супрацоўнічаць у справе належнага ўраўнаважаньня рэакцыі на недахоп дэмакратыі і парушэньні правоў чалавека ў Беларусі зь неабходнасьцю пазьбегнуць яе міжнароднай ізаляцыі.

18. Даручае старшыні накіраваць гэтую рэзалюцыю ў Раду Эўропы, Эўрапейскую Камісію, Вярхоўнаму прадстаўніку, дзяржавам-сябрам ЭЗ, прэзыдэнту, парлямэнту і ўраду Беларусі, Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы і АБСЕ.

Каментары68

Цяпер чытаюць

Пашпарты беларусаў, якія галасуюць на выбарах у КР, апрацуе кампанія, у якой апошнюю ўцечку выявілі ў 2026-м, а заснавальнікі — расіяне63

Пашпарты беларусаў, якія галасуюць на выбарах у КР, апрацуе кампанія, у якой апошнюю ўцечку выявілі ў 2026-м, а заснавальнікі — расіяне

Усе навіны →
Усе навіны

Паплечнік Петэра Мадзьяра, відэа з палымяным танцам якога скарыла сацсеткі, паўтарыў яго і на інаўгурацыі ВІДЭА1

Галоўным спікерам Жаночага форуму ў Мінску стане расійскі крынджовы псіхолаг, які расказваў пра «памяць жаночых палавых губ»28

Беларускую манету прадаюць за $5500. Што за яна?

Тры дні таму на ўчастку паміж Мінскам і Баранавічамі сур'ёзна затрымліваліся цягнікі. Стала вядома чаму

У Жлобіне з даху дзевяціпавярховіка на краму абрынулася частка бетоннага парапета

Дождж дапамог стабілізаваць сітуацыю з пажарамі на мяжы Украіны і Беларусі

У Анголе знайшлі парэшткі паўтысячы чалавек. Гэта ахвяры палітычных рэпрэсій3

Як абараніцца ад мошак? Ці дапамагае ваніль?

Расіі напрыканцы мая спатрэбіцца яшчэ некалькі дзён без украінскіх атак2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пашпарты беларусаў, якія галасуюць на выбарах у КР, апрацуе кампанія, у якой апошнюю ўцечку выявілі ў 2026-м, а заснавальнікі — расіяне63

Пашпарты беларусаў, якія галасуюць на выбарах у КР, апрацуе кампанія, у якой апошнюю ўцечку выявілі ў 2026-м, а заснавальнікі — расіяне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць