фотаблог Юліі Дарашкевіч3131

Грунвальдская бітва ў Мінску: 70 затрыманых

Маразм: міліцыя ганяла моладзь, якая арганізавала бой падушкамі ў гонар 600-годдзя Грунвальда.

Вясёлая акцыя пачыналася невесела. Андрэй Кім, зусім як Ягайла 600 гадоў таму, доўга не наважваўся даць свайму войску каманду. Маразм: міліцыя ганяла моладзь, якая арганізавала бой падушкамі ў гонар юбілея Грунвальда.

Міліцыя перашкаджала: каля 70 затрыманых адвезлі ў Першамайскі РУУС Мінска. Іх забралі проста за наяўнасць падушкі. Але трыста «ваяроў» усё адно пабіліся ля станцыі метро «Усход». Разагнала мінскі Грунвальд залева. Арганізатара Андрэя Кіма заўтра будуць судзіць за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі.

Андрэй Кім, зусім як Ягайла 600 гадоў таму, доўга не наважваўся даць свайму войску каманду. Ён вёў яго ад станцыі метро «Усход» углыб зялёнай зоны. Сталі на пагорку. Следам ішоў маёр міліцыі з мегафонам і паўтараў, што акцыя несанкцыянаваная. Кім паспрабаваў дамовіцца з маёрам, але той усё паўтараў фразу пра несанкцыянаванасць.

18.30 Міліцыя вяртае ўсіх, хто ідзе ў бок Нацыянальнай бібліятэкі. Моладзь з падушкамі затрымліваюць і праважаюць у аўтобусы.

Перахопліваць моладзь пачалі ад 18-й гадзіны на выхадзе з метро «Усход». Міліцыянты ў форме правяралі рэчы. На пытанне, навошта гэта робіцца, аджартоўваліся. Трохі бліжэй да Нацыяналкі стаяць супрацоўнікі ў цывільным, якія пільней правяралі людзей з заплечнікамі і вялікімі сумкамі ды адводзілі ў аўтобусы.

19.00 Два аўтобуса ўжо з'ехалі. У трэці аўтобус загрузілі 42 чалавекі. Таксама міліцыя выяўляла цікавасць да журналістаў. Былі праінспектаваныя пасведчанне асобы і фотаапараты Сяргея Грыца, фатографа агенцтва Associated Press. Матывацыя — у кагосьці ўчора скралі фотаапарат «Кодак».

19.15 Каля уваходу станцыі метро “Усход” сабралося ля сотні чалавек. Моладзевы актывіст Андрэй Кім ладзіць конкурсы, раздае значыкі з выявай вершніка з падушкаю. Следам ён распавёў прысутным пра Грунвальдскую бітву і правёў гістарычную віктарыну. Міліцыя не чапала натоўп моладзі ля выхаду з метро. Толькі паведамляла, што акцыя несанкцыянаваная. «Мы самі будзем вызначаць дзе і калі нам біцца падушкамі», — рэагаваў Кім. Пасля ён папрасіў моладзь адысці ад метро на зялёную зону і спытаўся ў прысутных парады, што рабіць. Некалькі сотняў маладзёнаў выгукнула: «Біцца!» Але Кім цягнуў, хацеў атрымаць хоць вусны дазвол міліцыі. Міліцэйскае начальства ўнікала размоваў з Кімам у прысутнасці журналістаў.

19.30 Як стала вядома, у Першамайскі РУУС адвезлі каля 70 затрыманых. У іх бралі адбіткі пальцаў, некаторых адпускалі. З’явілася інфармацыя, што затрыманых адпускаюць з Першамайскага РУУС. Пасля заўвагі супрацоўнікаў міліцыі моладзь адышла ў бок на траву. Многія трымаюць у руках падушкі. Праваахоўныя органы працягваюць папярэджваць аб супрацьпраўных дзеяннях і забароне правядзення мерапрыемства каля метро.

Юрыст Гары Паганяйла адразу пракаментаваў маёру сітуацыю: два чалавекі з узаемнай згоды маюць права біцца падушкамі там, дзе ім заманецца. І міліцыя неправамоцная разганяць. Нуль рэакцыі з боку міліцыі.

19.45 Моладзь адышла на 200 метраў ад метрапалітэну. Падцягнуліся людзі ад бібліятэкі. Ужо можна смела налічыць некалькі соцень.

Людзі чакалі, скандавалі «Біцца!», а ўрэшце пачалі бой самі: калашмацілі падушкамі тых, хто стаяў бліжэй. Кім авалодаў сітуацыяй і прапанаваў біцца «прыгожа», падзяліўшыся на роўныя войскі — па прынцыпу цотнасці-няцотнасці даты народзінаў.

20.15 Удзельнікі падзяліліся на два войскі, вынялі падушкі, і бітва пачалася. Агульная колькасць «ваяроў» была — каля 300 чалавек. Яшчэ каля сотні назірала. Бітва ішла хвілін дваццаць, пасля наляцела залева. Мокрыя ўдзельнікі падушачнага Грунвальда пабеглі да метро. Толькі некалькі дзясяткаў самых зацятых дзялілі поле. Аднак пасля дажджу падцягнуліся гледачы ў цывільным і пачалі вылоўліваць з натоўпу арганізатараў. Забралі і Андрэя Кіма.

22.00 Да людзей, якія сабраліся ля Першамайскага РАУСу, выйшлі міліцыянты і паведамілі, што Андрэя Кіма заўтра будуць судзіць за арганізацыю несанкцыянаванага масавана мерапрыемства. Таксама яны перадалі просьбу Кіма знайсці яму адваката.

* * *

Нагадаем, 13 ліпеня Мінгарвыканкам адмовіў зарэгістраванай МГА «Гісторыка» ў правядзенні мерапрыемства, прымеркаванага да 600-годдзя вялікай перамогі ў Грунвальдскай бітве.

Ад сталічных уладаў прыйшоў стэрыатыпны адказ: «В связи с тем, что заявление МОО „Гісторыка“ о проведении массового мероприятия не соответствует требованиям части 5 ст. 5 Закона „О массовых мероприятиях“, Мингорисполком не разрешает проведение мероприятия в площадке рядом со зданием Национальной библиотеки».

Першая акцыя «Бой падушкамі», прымеркаваная 599-годдзя Грунвальдскай бітвы, прайшла ў Мінску без дазволу ўладаў 15 ліпеня 2009 года. Праз 2 месяцы, 8 верасня 2009 году, у гонар 495-годдзя Аршанскай бітвы адбылася другая ў гісторыі беларускага падушачнага руху санкцыянаваная акцыя. У другой бітве паўдзельнічала 400 чалавек.

Каментары31

Цяпер чытаюць

«Патраціла 300 рублёў — а яшчэ толькі сярэдзіна чэрвеня!» Беларусы абмяркоўваюць выдаткі на пакос травы і дзеляцца лайфхакамі6

«Патраціла 300 рублёў — а яшчэ толькі сярэдзіна чэрвеня!» Беларусы абмяркоўваюць выдаткі на пакос травы і дзеляцца лайфхакамі

Усе навіны →
Усе навіны

Суседзі зрабілі кухню ў лоджыі, і цяпер у суседзяў чуваць звон посуду

«Абзвоньваем дзяцей, унукаў». Чыноўнікі з рулеткамі пайшлі правяраць вышыню травы на ўчастках беларусаў20

Маладзечанцы цягам трох дзён назіралі за маладой качкай, якая звалілася ў калодзеж фантана ў парку1

У Беларусі заўважылі фламінга?

Стала вядома, хто з’яўляецца хэдлайнерам Сходу неабыякавых — мерапрыемства апанентаў Ціханоўскай22

Намесніка начальніка белчыгункі Дулуба будуць судзіць па двух артыкулах. Яго затрымалі за хабар, а дома знайшлі яшчэ $3 млн

«Туфлі — 400 рублёў». Выпускнікі дзеляцца, у колькі абышліся іх вобразы13

Беларусаў з жэнеўскімі пашпартамі не пусцілі ў Варшаве на самалёт у Малдову7

Шведскае тэлебачанне атрымала здымкі, якія паказваюць развіццё ядзернай базы ў Асіповічах і ў Калінінградзе5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Патраціла 300 рублёў — а яшчэ толькі сярэдзіна чэрвеня!» Беларусы абмяркоўваюць выдаткі на пакос травы і дзеляцца лайфхакамі6

«Патраціла 300 рублёў — а яшчэ толькі сярэдзіна чэрвеня!» Беларусы абмяркоўваюць выдаткі на пакос травы і дзеляцца лайфхакамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць