У адміністрацыі Дональда Трампа разглядаюць магчымасць адмовіцца ад удзелу спецпасланніка Стыва Уіткафа і зяця прэзідэнта Джарэда Кушнера ў перамовах аб спыненні вайны ва Украіне. Пра гэта Financial Times паведамілі пяць чалавек, знаёмых з планамі.

Уіткаф за час сваёй працы восем разоў наведваў Маскву і толькі адзін раз — Кіеў, аднак істотнага прагрэсу яму дасягнуць не ўдалося. Цяпер, паводле інфармацыі амерыканскіх чыноўнікаў, асноўную ролю ў так званай «чаўночнай дыпламатыі» можа ўзяць на сябе дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф. Пры гэтым ён працягне кантакты з прадстаўнікамі расійскіх і ўкраінскіх спецслужбаў.
Белы дом і ЦРУ не сталі каментаваць магчымыя перастаноўкі. Крыніцы выдання падкрэсліваюць, што Трамп пакуль не прыняў канчатковага рашэння. Аднак магчымасць адхілення Уіткафа ўжо станоўча ўспрынялі ў некаторых еўрапейскіх сталіцах, дзе чакаюць хоць нейкага выніку пасля працяглых беспаспяховых перамоў з Масквой.
Паводле крыніц FT, у Крамлі таксама могуць быць гатовыя разгледзець іншы падыход ЗША. У Маскве Уіткафа часткова лічаць адказным за адсутнасць прарыву падчас сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа на Алясцы ў жніўні 2025 года. Паводле гэтай версіі, Уіткаф пераканаў Трампа, што Пуцін гатовы пайсці на пэўныя кампрамісы, але падчас сустрэчы расійскі лідар зноў агучыў ранейшыя патрабаванні.
У Кіеве, у сваю чаргу, лічаць, што амерыканскі спецпасланнік не аказаў дастатковага ціску на Пуціна, каб той змякчыў сваю пазіцыю.
Пасля правалу чарговай спробы дамовіцца ў канцы лютага адміністрацыя ЗША ўжо разглядала магчымасць перафарматаваць перамоўную каманду. Аднак гэтыя планы былі адкладзеныя, калі Вашынгтон быў цалкам засяроджаны на вайне з Іранам.
У выніку паміж Рэткліфам і Уіткафам узнікла канкурэнцыя за ўплыў на перамоўны працэс. Незадоўга да апошняга візіту амерыканскіх спецпасланнікаў у Маскву Рэткліф сам нечакана наведаў Расію. Паводле інфармацыі крыніц The Washington Post, гэты візіт не зрабіў на Пуціна станоўчага ўражання, а расійскі бок успрыняў яго як прыкмету слабасці ЗША.
Апошні візіт Уіткафа і Кушнера ў Маскву таксама не даў прыкметнага выніку. Адзін з людзей, знаёмых з перамовамі паміж Масквой і Кіевам, адзначыў, што для вырашэння такога складанага канфлікту неабходная пастаянная і добра арганізаваная праца па кожным пытанні, а цяперашняга падыходу, на яго думку, для гэтага недастаткова.
Пуцін заявіў, што замест кіраўніка ЦРУ ахвотней будзе перамаўляцца з Уіткафам і Кушнерам
ЗША і Еўропа не спадзяюцца дамовіцца з Пуціным і рыхтуюцца да працяглай вайны
Сталі вядомыя дэталі перамоў з Уіткафам і Кушнерам у Кіеве
Уіткаф і Кушнер ацанілі сустрэчу ў Кіеве. Зяленскі падарыў ім футболкі з надпісам «Київський режим»
Пуцін на перамовах з пасланнікамі Трампа заявіў, што «паспяхова прасоўваецца» ва Украіне і даб'ецца «мэтаў СВА»
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары
Он не имеет навыков ведения дипломатических переговоров и не способен на это, гораздо вероятнее, что его цель - обсуждать, а потом разработать схематоз для обогащения босса и себя-любимого.