Грамадства1414

Беларусы паехалі нараджаць у Аргенціну, каб дзіця не засталося без пашпарта. А потым вырашылі там застацца

Беларусы Ганна і Сцяпан (імёны змененыя) больш за чатыры гады жылі ў Польшчы, але нараджаць дзіця вырашылі ў Аргенціне. Цяпер іх дачцэ ўжо тры месяцы. Ганна расказала выданню Most, чаму яны прынялі такое рашэнне, як прайшлі бясплатныя роды ў дзяржаўнай клініцы і з якімі цяжкасцямі сям’я сутыкнулася пасля пераезду.

Радзільня ў Аргенціне. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Sarah Pabst/Bloomberg via Getty Images

Пасля ад’езду з Беларусі пара ўладкавалася ў Польшчы, дзе атрымала міжнародную абарону. Сужэнцы хацелі там і застацца, але цяжарнасць прымусіла іх думаць не толькі пра роды, але і пра дакументы для будучага дзіцяці. З прычын бяспекі яны не могуць паехаць у Беларусь або нават звярнуцца ў беларускае пасольства.

Сям’я разумела: калі дзіця народзіцца ў Польшчы, пытанне яго дакументаў можа застацца складаным на гады. Дачка зможа атрымаць толькі польскі праязны дакумент іншаземца.

«Мы разглядалі толькі краіны, дзе дзіця атрымлівае грамадзянства па праве зямлі, гэта значыць па месцы нараджэння. Такіх краін не так шмат», — кажа Ганна.

У выніку вырашылі нараджаць у Аргенціне. Гэтую краіну выбралі па некалькі прычынах. Апроч асноўнай — грамадзянства па праве нараджэння, — на карысць Аргенціны былі цёплы клімат, іспанская мова і жаданне пажыць у краіне, дзе сужэнцы раней не былі.

Жыллё шукалі на месцы

Да паездкі сям’я шукала беларусаў і іншых замежнікаў, якія ўжо мелі досвед родаў у Аргенціне, чытала тэлеграм-каналы пра роды, пералёты, медыцыну і дакументы ў Аргенціне. Праз знаёмых яны даведаліся, што ў краіне ёсць як платныя, так і бясплатныя роды.

«Нам параілі некалькіх перакладчыкаў, якія суправаджаюць жанчын падчас цяжарнасці і на родах. Тут лічыцца нармальным карыстацца паслугамі перакладчыка. Кошт — прыкладна 10—15 даляраў за гадзіну», — расказвае Ганна.

Перакладчыца патлумачыла, што можна вызначыцца з радзільняй ужо на месцы.

Жыллё спачатку забраніравалі пасутачна, а пасля прыезду пачалі шукаць кватэру на больш працяглы тэрмін.

«Цэны даволі высокія, а жыллё часта не адпавядае свайму кошту. Таму мы хацелі паглядзець кватэру ўжо на месцы», — кажа Ганна.

Страхоўку сям’я зрабіла на першыя месяцы.

На мяжы пыталіся пра жыллё і зваротны білет

У Аргенціну Ганна і Сцяпан прыляцелі на сёмым месяцы цяжарнасці.

«На мяжы ў нас праверылі бронь жылля і зваротныя квіткі. Мы куплялі іх на ўсялякі выпадак, бо ведалі, што часам гэта могуць спытаць. Зваротны білет бралі самы танны — у суседнюю краіну», — расказвае Ганна.

Пра страхоўку ў іх не пыталіся. На цяжарнасць, паводле жанчыны, увагі таксама не звярнулі.

«Мы не казалі наўпрост, што прыляцелі нараджаць. Уязджалі як турысты. Для беларусаў Аргенціна бязвізавая, можна знаходзіцца 90 дзён».

Дзяржаўную клініку выбралі ўжо пасля прыезду

Канкрэтную клініку сям’я загадзя не выбірала. Разглядалі некалькі дзяржаўных радзільняў, чыталі водгукі і раіліся з перакладчыцай.

«Водгукі былі плюс-мінус аднолькавыя. У выніку перакладчыца параіла клініку, у якой яна бывае часцей і лепш ведае медыцынскі персанал. Мы вырашылі спыніцца на ёй», — расказвае Ганна.

На другі дзень пасля прыезду яны пайшлі ў клініку разам з перакладчыцай. Там Ганне завялі медыцынскую картку і запісалі на прыём да гінеколага.

«Для гэтага спатрэбіўся толькі пашпарт», — кажа яна.

Роды — па страхоўцы

Па словах Ганны, роды ў дзяржаўнай клініцы для яе былі бясплатнымі — у межах набытай страхоўкі. Не трэба было дадаткова плаціць і за тры дні пасля ў палаце на два чалавекі.

«Усе аналізы і візіты таксама былі бясплатныя. Адзінае, за што мы плацілі, — раздрукоўка дакументаў і пераклад аналізаў для першага візіту да гінеколага. І, вядома, паслугі перакладчыцы, якая хадзіла з намі на ўсе прыёмы, здачу аналізаў і была на родах», — расказвае Ганна.

Асобна сям’я аплачвала жыллё, транспарт і лекі, калі іх прызначаў доктар. Ганна кажа, што некаторыя сем’і дадаткова робяць платныя УГД на больш сучасным абсталяванні — напрыклад, каб атрымаць больш фотаздымкаў дзіцяці.

Муж можа быць побач кругласутачна

Ганна кажа, што самі роды прайшлі добра, хоць ёй зрабілі кесарава сячэнне.

«Паводле плана былі натуральныя роды, перадумоў для кесарава не было. Але самой нарадзіць не атрымалася. Лекары да апошняга рабілі ўсё магчымае. Кесарава прайшло хутка і на вельмі высокім узроўні», — расказвае яна.

У клініцы жанчына адчувала сябе ў бяспецы. Амаль усе дактары размаўлялі па-англійску, але сям’я ўсё адно карысталася дапамогай перакладчыцы з іспанскай.

«Палата для родаў і аперацыйная былі новыя, з сучасным абсталяваннем. У родавай палаце быў фітбол і душ. Палаты пасля родаў былі ўжо больш старыя і патрабавалі рамонту, але разлічаныя былі толькі на двух чалавек», — кажа Ганна.

Адным з плюсаў яна называе тое, што муж або іншы блізкі чалавек можа знаходзіцца з жанчынай кругласутачна. Дзіця пасля родаў таксама адразу пакідаюць з маці.

«Пасля родаў да нас кожны дзень прыходзілі лекары рознага профілю, каб праверыць стан маці і дзіцяці. Калі доктар не размаўляў па-англійску, мы карысталіся перакладчыкам у тэлефоне. Калі былі пытанні па кармленні, мы некалькі разоў на дзень клікалі спецыялістку, і яна паказвала, як правільна прыкладаць дзіця да грудзей».

Дакументы дзіцяці афармлялі ў радзільні

У радзільні пачалі афармляць і дакументы дзіцяці. Спачатку — пасведчанне аб нараджэнні. Гэта заняло некалькі дзён. Для гэтага спатрэбіліся засведчаныя копіі пашпартоў, а таксама беларусы за свой кошт запрасілі ліцэнзаванага перакладчыка.

Пасля атрымання пасведчання аб нараджэнні бацькі падалі дакументы на аргенцінскі дакумент дзіцяці.

«Там жа, у радзільні, дзіця сфатаграфавалі, знялі адбіткі пальцаў і прыкладна праз 30 дзён выдалі аргенцінскі дакумент асобы (DNI) у выглядзе пластыкавай карткі. За гэта мы нічога не плацілі», — расказвае Ганна.

Для міжнародных паездак дзіцяці патрэбен замежны аргенцінскі пашпарт. Калі ён спатрэбіцца, яго можна атрымаць хутка ў аэрапорце або аформіць загадзя.

«Будзем жыць у Буэнас-Айрэсе, бо ў нас няма выйсця»

Ганна прызнае: спачатку Аргенціна была для іх не столькі краінай для пастаяннага жыцця, колькі спосабам вырашыць пытанне дакументаў для дзіцяці. Але цяпер сям’я вырашыла застацца.

«Мы замарочыліся і будзем жыць у Буэнас-Айрэсе, бо ў нас няма выйсця. Нашы беларускія пашпарты заканчваюцца ў 2029 годзе, а што потым рабіць — незразумела. Таму мы вырашылі рабіць дакументы сабе», — кажа яна.

Раней атрымаць грамадзянства бацькам у Аргенціне было прасцей і хутчэй, але цяпер правілы змяніліся: трэба пражыць у краіне як мінімум два гады перад падачай на грамадзянства.

«Гэта самы важны для нас момант. А ўжо потым — тое, што аргенцінскі пашпарт сапраўды моцны. Калі б у Польшчы наша сітуацыя была іншай, мы б, магчыма, нікуды не рухаліся. Нам там падабалася, нас усё задавальняла», — кажа Ганна.

Да жыцця ў Аргенціне сям’я яшчэ прывыкае.

«Тут усё па-іншаму: ежа, быт, надвор’е, сезоны наадварот. Але ў нас усё добра. Дні ляцяць з касмічнай хуткасцю, мы ўвесь час у працэсах, кожны дзень нешта новае», — кажа Ганна.

Каментары14

  • Реалии
    22.07.2026
    За два года в Аргентине можно получить паспорт, а в Польше за это время ваши документы могут еще пылится в ужонде, ожидая своей очереди.
  • Вера
    22.07.2026
    На жаль, гэта не адзінкавы прыклад. Ведаю, што многія маладыя пары прымаюць падобныя рашэнні з той жа прычыны - не жадаюць каб іх дзеці былі афіцыйна бамжамі, дый самі ў перспектыве.
  • Get
    22.07.2026
    Добры артыкул. Грамадзянства дзіцяці пры родах. Пашпарт дзіцяці за 30 днен. Грамадзянства самім ўсяго за два гады жыцця.
    Пашпарт Аргенціны сапраўды моцны і ніякая віза ў шанген не патрэбна.

Цяпер чытаюць

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч33

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч

Усе навіны →
Усе навіны

Ва Удмурціі адбіваюць самую масіраваную атаку БПЛА2

«Можна набыць і ананасы, і бутэлечку IPA». Беларусы ў захапленні ад асартыменту аўталаўкі4

ГУР знішчыла пускавую ўстаноўку С-400 у Крыме і РЛС1

Ці правядуць метро ў «Паўночны бераг» і як рэканструююць Даўгінаўскі тракт. Якія перамены чакаюць Цэнтральны раён сталіцы1

У камандаванні ЗША лічаць, што ўдары ў раёне Армуза вычарпалі эфектыўнасць — Axios3

Беларуска адкрыла школу для сляпых дзяцей у індыйскай глыбінцы2

Уначы Белгарад быў атакаваны беспілотнікамі1

Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі з-за навальніц і залеў

Якую дошку для нарэзкі выбраць — драўляную ці пластыкавую? Што кажуць спецыялісты3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч33

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць