Ксёндз касцёла ў Жупранах грунтоўна адказаў на прэтэнзіі пра рамонт у храме, дзе пахаваны Багушэвіч
Днямі з'явіліся фота пасля рамонту Петрапаўлаўскага касцёла ў Жупранах. Тэлеграм-канал «Спадчына» адзначаў, што касцёл зазнаў рамонт спрэчны, бо цалкам пабялілі сцены і тым самым знішчылі каштоўныя роспісы. Цяпер у інстаграме парафіі ксёндз Артур Ляшнеўскі патлумачыў сітуацыю: рэстаўратары вывучалі ранейшы выгляд касцёла.

Паводле слоў ксяндза, перад пачаткам аднаўлення ў касцёл запрасілі групу рэстаўратараў з майстэрні «Басталія» пад кіраўніцтвам Івана Мядзведзева. Гэтыя спецыялісты, напрыклад, працавалі з капліцай у Нясвіжскім замку і з Петрапаўлаўскім саборам у Мінску, дзе захавалі складаныя роспісы.
Спецыялістам трэба было высветліць, якім першапачаткова быў колер сцен у касцёле, а таксама як іх фарбавалі падчас усіх гадоў існавання храма. Рэстаўратары зрабілі зандажы на сценах касцёла і на прасторы яго скляпенняў. Прасцей кажучы, яны здымалі верхні слой пакрыцця на сценах, каб даведацца, што пад ім.
Знайшлі яны ў выніку некалькі фарбаў, але першапачатковы колер быў падобны да белага.
«Таму мы вырашылі, што будзем маляваць касцёл так, як ён быў памаляваны першапачаткова. Пра тое, што ён першапачаткова быў белы, сведчыць і запіс у інвентарнай кнізе касцёла», — кажа святар.
Ксёндз таксама тлумачыць, чаму цяпер на сценах касцёла не відаць тыя роспісы, якія былі там на фота ў 1930-я:
«Гэтыя ж спецыялісты з фірмы «Басталія» зрабілі зандажы на скляпеннях алтарнай часткі і на нашым галоўным алтары. Паводле фотаздымкаў 1930-х, у нашым касцёле на скляпеннях алтарнай часткі меліся прыгожыя алтарныя роспісы, якія паказвалі розныя хрысціянскія сімвалы і арнаменты.
На жаль, спецыялісты, калі рабілі зандажы, не знайшлі на скляпеннях ніякіх фрэскаў. Ёсць фотаздымкі, таму мы ведаем дакладныя месцы, дзе быў той ці іншы арнамент. І калі ў гэтых месцах рабіліся зандажы, нічога не было знойдзена».
У пацвярджэнне сваіх слоў ксёндз паказвае паперу з афіцыйнай справаздачай рэстаўратараў — паводле яе, роспісаў сапраўды не знайшлі. Як кажа святар, апошні раз вернікі бачылі тыя фрэскі ў пачатку 1980-х. Пазней, у 1980-я, у храме рабілі рамонт, і пасля яго фрэскі ўжо ніхто не бачыў, і невядома, што з імі здарылася.
Тыя зандажы зрабілі і на мураваным галоўным алтары касцёла, і вось там роспіс знайшлі. Некалі той алтар быў распісаны пад мармур. У касцёле хацелі б аднавіць гэты роспіс, і ўсе даныя з зандажоў, патрэбныя для гэтага, ёсць.
Не хапае толькі аднаго — грошай. А пакуль што па парадах навуковага кіраўніка рэстаўрацыі вырашылі закансерваваць алтар і пафарбаваць яго ў белы колер.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Гістарычным лічыцца той слой, які адпавядае часу, калі былі нанесены роспісы, якія былі прызнаныя каштоўнасцю. Яго колер і трэба аднаўляць. Ах да, гэта ж занадта складана для такіх геніяў рэстаўрацыі.