Пасля выдалення з App Store акцыі расійскага VK рухнулі да гістарычнага мінімуму
Акцыі расейскага інтэрнэт-холдынгу VK на Маскоўскай біржы апусціліся да гістарычнага мінімуму пасля таго, як з крамы мабільных праграм App Store былі выдаленыя асноўныя сэрвісы кампаніі. Кошт адной акцыі ў ходзе таргоў знізіўся да 183,4 расійскага рубля (каля 2,45 даляра), піша The Moscow Times.

За адзін дзень паперы кампаніі патаннелі на 5,5%, а з пачатку тыдня страцілі каля 23% сваёй вартасці. У параўнанні з пачаткам 2026 года капіталізацыя холдынгу скарацілася амаль на 40%. З моманту выхаду на біржу ў снежні 2021 года акцыі VK страцілі каля 80% кошту.
З App Store былі выдаленыя такія сэрвісы кампаніі, як «Дзен», VK Video, VK Месенджар і «Аднакласнікі». У VK заявілі, што рашэнне было прынята без папярэдняга паведамлення. Са свайго боку кампанія Apple патлумачыла дзеянні неабходнасцю выканання санкцыйных патрабаванняў і заканадаўства тых краін, дзе яна працуе.
Раней з App Store быў выдалены і дзяржаўны месенджар Max, развіццё якога фінансуецца расійскімі ўладамі. На гэты праект з расійскага бюджэту выдзелілі каля 4 мільярдаў рублёў (каля 53 мільёнаў даляраў). Яшчэ амаль 40 мільярдаў рублёў (каля 528,4 мільёна даляраў) дзяржава накіравала на развіццё сэрвісаў, якія павінны стаць альтэрнатывай YouTube.
Нягледзячы на дзяржаўную падтрымку, фінансавыя паказчыкі VK застаюцца слабымі. Кампанія ўжо шосты год запар працуе са стратамі. Летась чыстыя страты склалі амаль 25 мільярдаў рублёў (каля 333,3 мільёна даляраў). За перыяд з 2020 па 2025 год агульныя страты холдынгу наблізіліся да 200 мільярдаў рублёў (каля 2,64 мільярда даляраў).
Эксперты мяркуюць, што і ў 2026 годзе кампанія застанецца стратнай. Паводле прагнозаў аналітыкаў, страты могуць скласці яшчэ каля 8 мільярдаў рублёў (каля 106 мільёнаў даляраў). Пры гэтым у справаздачы за першы квартал 2026 года VK не раскрыла інфармацыю пра свае прыбыткі і страты.
Каментары