Стала вядома пра вызваленне Аляксандра Арановіча — кіроўцы аўтадома «Краіны для жыцця», якога арыштавалі разам з Ціханоўскім
Агулам Арановіч правёў за кратамі амаль шэсць гадоў. Яго тэрмін падчас адбыцця пакарання вырас на дадатковыя паўгода.

Аляксандр Арановіч. Фота: Вясна
Выйшаў на свабоду 43‑гадовы Аляксандр Арановіч. Яму прысудзілі 6 гадоў калоніі за «арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), а таксама за «падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках» (ч. 2 арт. 13, арт. 293 КК). Адзіным «доказам» апошняга абвінавачання стала старая дымавая шашка, якую нібыта знайшлі на гарышчы бацькоўскай хаты ў Старых Дарогах падчас ужо трэцяга ператрусу.
Арановіч — ураджэнец Старых Дарог, чалавек, далёкі ад палітыкі ў звыклым сэнсе. Скончыў Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву, да 2015 года быў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся грузаперавозкамі, ездзіў на заробкі ў Расію.
Вясной 2020 года Арановіч далучыўся да каманды ютуб-канала «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага і сеў за руль таго самага аўтадома, на якім блогеры аб'язджалі рэгіёны і збіралі людзей на сустрэчы. Менавіта ён вёў машыну — і менавіта яго першым спрабавалі дастаць сілавікі.
Упершыню імя Арановіча прагучала 5 мая 2020 года ў Магілёве, куды каманда прыехала на сустрэчу з падпісчыкамі. ДАІ спыніла аўтадом і паспрабавала затрымаць кіроўцу — але людзі абступілі машыну з усіх бакоў і проста не падпусцілі да яе міліцыю. Праўда, праз некалькі сутак Арановіча ўсё ж затрымалі. Далі 6 сутак, але пасля адбыцця вызвалілі.

Доўга гэта не цягнулася. 29 мая 2020 года ў Гродне Арановіча затрымалі разам з Сяргеем Ціханоўскім і іншымі ўдзельнікамі каманды падчас пікета па зборы подпісаў. З таго дня ён больш не выходзіў на свабоду.
Арановіча абвінавачвалі ў тым ліку ў тым, што ён нібыта апрануўся ў адзенне, падобнае да таго, у якім быў Ціханоўскі, каб забяспечыць ягоную абарону на мерапрыемстве і ў будучыні дапамагчы яму схавацца.
Суддзя Ленінскага раёна Гродна Алена Пятрова агучыла прысуд 27 красавіка 2021 года — 6 гадоў зняволення. У справе не было ніводнага паказання самога Арановіча — на следстве і ў судзе ён адмовіўся даваць паказанні і віну не прызнаў.
Падчас адбыцця пакарання палітвязню дадалі яшчэ паўгода — за «непадпарадкаванне».
Арановіча трымалі ў Воўчых Норах, у Ваўкавыску, а таксама на турэмных умовах у Магілёве.
У выніку палітвязень цалкам адседзеў прызначаны яму тэрмін. Ён выйшаў на свабоду ў маі 2026 года.
Каментары