У мінскім мікрараёне Шабаны 27 і 28 мая мясцовыя жыхары заўважылі аблокі, падобныя да цэментнага пылу. Фота і відэа хутка распаўсюдзіліся ў сацыяльных сетках і навінавых пабліках.

На здымках сітуацыя выглядала так, нібы па раёне прайшоў пясчаны віхор. Пыл не толькі знаходзіўся ў паветры, але і асядаў на аўтамабілях.

Мяркуецца, што крыніцай забруджвання магло стаць адно з прадпрыемстваў, размешчаных на вуліцы Сяліцкага.
На сітуацыю адрэагавалі ў Мінскім гарадскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Там паведамілі, што пачалі праверку па факце магчымых выкідаў пылу з вытворчага аб’екта.
Для ацэнкі ўзроўню забруджвання плануецца адбор пробаў, які правядзе лабараторыя Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.
Прадстаўнікі ведамства адзначылі, што калі будзе ўстаноўлена перавышэнне дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў, да вінаватых будуць ужытыя меры ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Каментары