Адпраўлены ў адстаўку намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук
Ён займаў пасаду з 2008 года і быў адным з архітэктараў масавых рэпрэсій.

Адстаўка Стука наўрад ці звязаная з нейкім незадавальненнем ягонай працай. Мяркуючы па тым, што ў Генеральнай пракуратуры зладзілі ўрачысты сход з нагоды ягонага сыходу з адпаведнымі ўшанаваннямі, ён проста ідзе на пенсію па ўзросце. 18 мая Аляксею Стуку споўнілася 67 гадоў.
Стук атрымаў юрыдычную адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які скончыў у 1981 годзе па спецыяльнасці «правазнаўства».
Сваю прафесійную дзейнасць у органах пракуратуры ён пачаў яшчэ ў 1980 годзе, працаваў следчым і старшым следчым у пракуратуры Партызанскага раёна, а пазней — у пракуратуры горада Мінска.
З 1987 па 1989 год ён быў намеснікам пракурора Маскоўскага раёна Мінска. Потым працаваў у рэспубліканскай пракуратуры, дзе займаўся наглядам за разглядам крымінальных спраў у судах. У 1990‑я гады займаў пасады намесніка пракурора Савецкага раёна Мінска, а затым — пракурора Ленінскага раёна, дзе працаваў да 2007 года.
Пасля гэтага кароткі час займаў пасаду намесніка пракурора горада Мінска, а ўжо ў чэрвені 2008 года быў прызначаны намеснікам Генеральнага пракурора краіны. На гэтай пасадзе быў непасрэдна датычны да палітычна матываваных рэпрэсій. І менавіта ён прадстаўляў абвінавачванне ў судзе па справе аб тэракце ў мінскім метро.
З 2023 года ён уваходзіў у склад так званай «камісіі па вяртанні», займаючы пасаду намесніка старшыні.
У 2020 годзе ў дачыненні да Стука былі ўведзеныя еўрапейскія санкцыі.
Каментары