Як любоў да катоў у Японіі ператварылася ў мільярдную індустрыю
Каты ў Японіі даўно сталі часткай нацыянальнай культуры — ад літаратуры і турызму да гарадскога дызайну і вялікага бізнэсу. Паводле ацэнак японскіх даследчыкаў, у 2026 годзе «катаноміка» — індустрыя, пабудаваная вакол любові да катоў, — прынясе японскай эканоміцы амаль $19 мільярдаў. З падрабязнасцямі гэтага феномену знаёміць The Guardian.

Каты з’явіліся ў Японіі ў перыяд Нара (710—794): іх прывозілі з Кітая японскія паслы і манахі, якія вярталіся з імперыі Тан. Першапачаткова каты выконвалі важную і адказную місію: яны жылі ў будыйскіх храмах і ахоўвалі святыя рукапісы ад грызуноў. Менавіта тады за імі замацаваўся статус асаблівых, амаль містычных істот.
Сярод японцаў існавала ўяўленне, што каты — найбольш блізкія да стану дзэн стварэнні, якія валодаюць прыроднай адчужанасцю і здольнасцю жыць «тут і цяпер», не захрасаючы ў мінулым ці будучыні.
З гэтай жа традыцыі паходзіць і знакаміты «манэкі-нэка» — фігурка ката з паднятай лапай. Паводле легенды, звязанай з храмам Гатакудзі ў Кіёта, адзін багаты феадал падчас палявання трапіў у моцную навальніцу. Калі ён хаваўся пад дрэвам, то заўважыў ката каля старога храма, які нібыта клікаў яго лапай. Як толькі мужчына рушыў да жывёлы, у дрэва, пад якім ён толькі што стаяў, ударыла маланка.
Удзячны феадал пасля аднавіў храм, а выява ката, які «запрашае» ўдачу, стала адным з галоўных японскіх сімвалаў дабрабыту. Сёння такія фігуркі можна пабачыць амаль у кожнай краме, рэстаране або кавярні краіны.

Ад класічнай літаратуры да «каціных гарадоў»
Літаратурны падмурак сучаснага кацінага культу больш за сто гадоў таму заклаў Нацумэ Сасэкі сваім раманам «Ваш пакорны слуга кот». Гэтая традыцыя атрымала працяг у сучаснай літаратуры: каты сталі неад’емнай часткай сюррэалістычных светаў Харукі Муракамі, а таксама героямі папулярных кніг накшталт «Хронік вандроўнага ката» Хіра Арыкавы ці «Ката-госця» Такасі Хіраідэ.
Сёння японскія выдаўцы настолькі вераць у камерцыйную прывабнасць кацінай тэматыкі, што змяшчаюць катоў нават на вокладках кніг, якія не маюць да іх ніякага дачынення.
У Токіа гэтая любоў набыла і цалкам матэрыяльнае ўвасабленне — у раёне Янака Гінза, які часта называюць «горадам катоў». Мясцовыя жыхары тлумачаць, што гістарычна каты заўсёды жылі тут з-за вялікай колькасці будыйскіх храмаў.

Сёння Янака Гінза ператварылася ў сапраўдны турыстычны магніт. Нават калі ў спякотныя дні самі каты хаваюцца ў цені, наведнікі ахвотна купляюць тэматычныя прысмакі, посуд, паштоўкі і персаналізаваныя пячаткі «ханко» з выявамі катоў.
«Катаноміка» ў лічбах
Сённяшняя японская статыстыка паказвае: любоў да катоў ператварылася ў велізарную індустрыю. Паводле даных Японскай асацыяцыі вытворцаў кармоў для хатніх жывёл, у 2025 годзе ў краіне налічвалася 8,8 мільёна хатніх катоў — значна больш, чым сабак, якіх было каля 6,8 мільёна.
Колькасць катоў у Японіі ўжо перавышае нават колькасць дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў. Сярэдняя сям’я выдаткоўвае на аднаго гадаванца каля $11300 за ўсё яго жыццё.

Прафесар Універсітэта Кансай Кацухіра Міямота падлічыў, што ў 2026 годзе агульны ўклад катоў у японскую эканоміку складзе амаль 3 трыльёны ен (каля $18,8 мільярда).
У гэтую суму ўваходзяць выдаткі ў каціных кавярнях, продаж сувеніраў, фотакніг, а таксама прыбыткі вытворцаў кармоў і тавараў для жывёл. Паводле ацэнак даследчыка, «катаноміка» толькі нязначна саступае эканамічнаму эфекту Сусветнай выставы Expo-2025 у Осацы.
Прыхільнасць да катоў у Японіі падзяляюць і першыя асобы дзяржавы — ад імператарскай сям’і да прэм’ер-міністра Санаэ Такаіці.

Нягледзячы на цяперашні росквіт, будучыня «катаномікі» цесна звязаная з дэмаграфічнай сітуацыяй у краіне. Прыкладам таго, як залежаць каты ад людзей, часта называюць востраў Аасіма, вядомы вялікай колькасцю бяздомных жывёл. Іх існаванне фактычна падтрымліваецца чалавекам.
Японія працягвае старэць і губляць насельніцтва, таму ў будучыні колькасць людзей, якія трымаюць хатніх жывёл, можа скараціцца. Але пакуль японскія каты, здаецца, не маюць падстаў скардзіцца на жыццё.
Каментары
Животные лучше и правильнее питаются чем дети.
Человек со смартфоном очеловечивает животное, воспринимает как мехового ребенка. И готов тратить больше чем на собственного ребенка. Это мировой тренд и новый вид человека. Которому не важно где жить, хоть в треллере, важно высоксоростной интернет и телефон, не нужны дети и друзья, вместо этого цифровые аватары друзей в соц сетях и домашние животные в роли ребенка.