Кліматолагі папярэджваюць: гэты год можа стаць самым цёплым у гісторыі. І з самай вялікай колькасцю прыродных анамалій
Асноўная прычына — Эль Нінья. Над Ціхім акіянам змяняюцца вятры, а акіян пачынае выдзяляць назапашанае цяпло, што здольна запусціць ланцуг экстрэмальных з’яў па ўсім свеце — ад праліўных дажджоў і паводак да засухі і маштабных пажараў. Вось што чакае кожную частку свету.

Як піша The New York Times, паводле прагнозаў Нацыянальнага ўпраўлення акіянічных і атмасферных даследаванняў ЗША, верагоднасць фармавання Эль-Нінья паміж маем і ліпенем складае каля 60%. Менавіта таму вучоныя лічаць, што гэты год можа стаць яшчэ цяплейшым за 2024 і пабіць глабальны тэмпературны рэкорд.
Эль-Нінья і Ла-Нінья — гэта супрацьлеглыя фазы натуральнага кліматычнага цыклу ў Ціхім акіяне, які існуе ўжо тысячы гадоў. Яны ўзнікаюць нерэгулярна, і кожны выпадак мае свае асаблівасці. Яны з’яўляюцца праз нераўнамерныя прамежкі часу, і ніводная з гэтых падзей не падобная да іншай. Але цяпер на іх усё мацней уплывае глабальнае пацяпленне.
Навукоўцы адзначаюць, што чалавецтва ўжо жыве ў іншым базавым клімаце, таму няма гарантый, што новыя эпізоды Эль-Нінья будуць развівацца паводле ранейшых схем.
Вось як Эль-Нінья ўплывае на розныя часткі свету.

Паўднёвая Амерыка
На працягу стагоддзяў жыццё ў Паўднёвай Амерыцы залежала ад ваганняў тэмпературы вады ля берагоў Перу і Эквадора. Але сучасныя падзеі паказваюць, што нават «сярэдні» па сіле Эль-Нінья цяпер можа прыводзіць да больш катастрафічных вынікаў, чым яго магутныя папярэднікі мінулага.
Яркі прыклад — падзеі 2023-2024 гадоў. Тэхнічна гэты перыяд быў слабейшым за рэкордныя 1982‑і ці 1997-ы, аднак яго наступствы аказаліся жахлівымі. У басейне Амазонкі ўзровень рэк упаў да самай нізкай адзнакі за 120 гадоў, а найбуйнейшае ў свеце трапічнае балота Пантанал было літаральна выпалена пажарамі. У той жа час на поўдні Бразіліі праліўныя дажджы вымусілі паўмільёна чалавек пакінуць свае дамы.
Навукоўцы прыйшлі да высновы, што ключавым фактарам узмацнення катастроф стала менавіта глабальнае пацяпленне. Цяплейшая атмасфера ўзмацняе выпарэнне, таму засуха ў Амазоніі стала яшчэ больш цяжкай. Адначасова больш цёплае паветра здольнае ўтрымліваць больш вільгаці, што робіць дажджы ў паўднёвай Бразіліі мацнейшымі і больш разбуральнымі.
Паўночная Амерыка
Для Паўночнай Амерыкі Эль-Нінья традыцыйна азначаў вільготную зіму на поўдні ЗША і анамальна цёплае надвор’е на поўначы. Падчас вельмі моцнага Эль-Нінья 1997 года Каліфорнія перажыла серыю моцных зімовых штормаў, а на Сярэднім Захадзе і Паўночным Усходзе былі пабіты тэмпературныя рэкорды. Аднак апошнія эпізоды Эль-Нінья паказалі, што гэтая схема больш не з'яўляецца аксіёмай.
Навукоўцы выявілі, што ў 2023‑2024 гадах уплыў Эль-Нінья быў часткова нейтралізаваны незвычайным пацяпленнем у Індыйскім і Атлантычным акіянах. Гэты феномен, выкліканы як парніковымі выкідамі, так і складанымі прыроднымі цыкламі, якія навука яшчэ толькі спрабуе расшыфраваць, робіць прагназаванне надзвычай складаным.
Даследчыкі падкрэсліваюць, што нават вельмі моцны Эль-Нінья не гарантуе канкрэтных наступстваў. Ён толькі павялічвае верагоднасць пэўных сцэнарыяў надвор’я.
Азія
У Азіі галоўнай праблемай становіцца не толькі спякота, але і хуткасць, з якой адзін кліматычны цыкл змяняе іншы. Кітай гістарычна пакутуе ад маштабных паводак пасля заканчэння магутных эпізодаў Эль-Ніньё. Трагедыя 1998 года на рацэ Янцзы, якая забрала жыцці 3000 чалавек, была выкліканая менавіта рэзкім пераходам ад «гарачай» фазы акіяна да «халоднай» — Ла-Ніньі.
Навукоўцы мяркуюць, што па меры далейшага пацяплення планеты як моцныя Эль-Нінья, так і моцныя Ла-Нінья будуць узнікаць часцей. Адпаведна, больш частымі могуць стаць і рэзкія пераходы паміж гэтымі фазамі. Раней для перагрэву Ціхага акіяна пасля халоднай Ла-Нінья звычайна патрабавалася некалькі гадоў, але цяпер агульнае пацяпленне Зямлі можа паскараць гэты працэс.
Афрыка
У Афрыцы ўплыў Эль-Нінья мае выразны геаграфічны падзел. У Сахелі і паўднёвай частцы кантынента ён прыносіць жорсткую засуху, якая непасрэдна ўплывае на жыццё мільёнаў людзей. У 2015‑2016 гадах неўраджай прывёў да падзення вытворчасці ежы на дзве траціны ў асобных краінах. У той жа час ва Усходняй Афрыцы Эль-Нінья часта выклікае паводкі, якія правакуюць апоўзні і ўспышкі малярыі.
Даследчыкі адзначаюць, што парніковы эфект робіць і засухі, і паводкі яшчэ больш экстрэмальнымі незалежна ад таго, выкліканыя яны Эль-Нінья ці не.
Акіянія
Для Акіяніі Эль-Нінья традыцыйна азначае недахоп дажджоў. Інданезія ў такія гады рыхтуецца да маштабных лясных пажараў, а суседнія краіны — да дыму і смогу. Але цяпер глабальнае пацяпленне змяняе размеркаванне тэмператур у морах вакол рэгіёна, што ўплывае і на колькасць ападкаў, якія фактычна прыносяць Эль-Нінья і Ла-Нінья.
Еўропа
Паколькі наш кантынент знаходзіцца далей ад зоны Эль-Нінья, то і ўплыў атрымліваецца меншы.
У любым разе нягледзячы на ўсе новыя складанасці і непрадказальнасць, якія прыносіць глабальнае пацяпленне, Эль-Нінья і Ла-Нінья застаюцца самымі надзейнымі сігналамі для чалавецтва. Для фермераў, страхавых кампаній, службаў па надзвычайных сітуацыях і ўладаў гэта ўсё яшчэ найлепшы спосаб загадзя зразумець, чаго чакаць у наступныя сезоны.
Каментары