Яшчэ адна футбалістка і трэнер зборнай Ірана папрасілі прытулак у Аўстраліі. Але і ўся зборная не можа вярнуцца ў Іран
Жаночая футбольная зборная Ірана не можа пакінуць Аўстралію, паколькі ніводная краіна не гатовая прыняць іх самалёт, які павінен вярнуцца ў Іран з прамежкавай пасадкай, паведаміла CNN крыніца ў спартыўных колах.

Аўтобус каманды пакінуў гатэль раней у аўторак і павінен быў накіравацца ў аэрапорт, каб вылецець на радзіму. Аднак, як паведаміў спартыўны журналіст Рага Пурбахш, іранскія спартсменкі і персанал зборнай пакуль так і не змаглі пакінуць Аўстралію.
Пурбахш, які працуе на тэлеканале Iran International TV, таксама распавёў, што яшчэ два чалавекі — футбалістка і трэнер іранскай зборнай — звярнуліся да ўладаў Аўстраліі з просьбай аб прадастаўленні прытулку.
Раней прытулак папрасілі яшчэ пяць футбалістак зборнай Ірана — аўстралійскі ўрад ужо выдаў ім гуманітарныя візы, нагадвае Бі-бі-сі.
Пра тое, што пяць дзяўчат пакінулі гатэль, звярнуліся па дапамогу ў паліцыю і знаходзяцца ў бяспецы, аўстралійскія СМІ паведамілі ў панядзелак раніцай.
Пазней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў аўстралійскія ўлады даць прытулак усёй камандзе, а яшчэ праз дзве гадзіны напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што пяці ўжо аказана дапамога.
Аднак не ўся каманда звярнулася па яе. Паводле слоў Трампа, некаторыя лічаць, што павінны вярнуцца, бо баяцца за бяспеку сваіх сем’яў, якім пагражаюць, калі яны [футбалісткі] не вернуцца.
Раней амерыканскі прэзідэнт заявіў, што ЗША прымуць іранскіх спартсменак, калі Аўстралія адмовіць ім у дапамозе.
Сітуацыя, якая ўзнікла, звязана з тым, што на радзіме гульцам каманды і дэлегацыі, якая іх суправаджае, можа пагражаць небяспека за адмову спяваць гімн Ісламскай Рэспублікі перад пачаткам іх першага матча.
Асцярогі грамадскасці ўзмацніліся пасля таго, як у наступных матчах (усяго зборная правяла тры сустрэчы) дзяўчаты ўжо спявалі гімн і рабілі патрыятычныя жэсты. Магчыма, гэта сведчыць пра тое, што пасля першай гульні ім самім, а таксама іх сем’ям маглі пагражаць расправай.
Цяпер чытаюць
«Чаму я павінен даказваць, што не дармаед?» Прадпрымальніка з Гомеля памылкова запісалі ў незанятыя — ён даведаўся толькі пасля вялізных рахункаў за камуналку
Каментары