Прэм’ер-міністарка Даніі Метэ Фрэдэрыксен аб'явіла пра правядзенне датэрміновых парламенцкіх выбараў, якія прызначаныя на 24 сакавіка.

Хоць паўнамоцтвы дзейнага складу парламента заканчваюцца менш чым праз год і выбары павінны былі адбыцца не пазней за 31 кастрычніка, урад вырашыў паскорыць галасаванне. Мяркуецца, што гэтае рашэнне звязана з ростам падтрымкі кіроўнай Сацыял-дэмакратычнай партыі на фоне рэзкіх заяў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа наконт магчымай анексіі Грэнландыі.
Метэ Фрэдэрыксен паведаміла, што прапанавала каралю Даніі Фрэдэрыку прызначыць выбары на 24 сакавіка. Падчас выступу ў парламенце ў Капенгагене яна адзначыла, што, нягледзячы на пачатак выбарчай кампаніі, міжнародная сітуацыя застаецца напружанай, а канфлікт вакол Грэнландыі яшчэ не вычарпаны. Паводле яе слоў, урад працягне адстойваць інтарэсы Даніі.
Хоць у снежні сацыял-дэмакраты пацярпелі істотную паразу на муніцыпальных выбарах, цяпер іх рэйтынг прыкметна вырас дзякуючы актыўнай пазіцыі прэм’еркі ў абароне суверэнітэту краіны. Апошнія апытанні паказваюць, што партыя можа атрымаць каля 22% галасоў — амаль удвая больш, чым яе найбліжэйшыя канкурэнты, «Зялёныя левыя».
Зараз партыя Фрэдэрыксен уваходзіць у кааліцыю з лібераламі-цэнтрыстамі і ўмеранымі, аднак частка яе прыхільнікаў выступае за больш шчыльнае супрацоўніцтва з левымі сіламі. Сама прэм’ерка пакуль не вызначылася, з кім будзе фармаваць урад у выпадку перамогі, падкрэсліўшы, што ў цяперашніх умовах не хоча загадзя выключаць ніводзін з магчымых варыянтаў.
Каментары