Не плацілі камуналкі і страцілі кватэры. Цяпер гэтае жыллё можна купіць па цане, ніжэйшай за рынкавую
Перыядычна на аўкцыёнах у Мінску прадаюць кватэры з «гісторыяй»: іх уладальнікі не плацілі камуналкі, і ў выніку жыллё ў іх адбіраюць і прапануюць па цане, ніжэйшай за рынкавую. У таргах можа прыняць удзел любы ахвотны. Якія варыянты ёсць цяпер, піша Onliner.
Адна з такіх канфіскаваных кватэр знаходзіцца ў доме па адрасе Грыбны завулак, 28, у Паўночным пасёлку ў межах Мінска. Гэта панэльны шматпавярховік 1990 года пабудовы. Аднапакаёўка плошчай 33,8 кв. м знаходзіцца на другім паверсе. Ахвотныя пазмагацца за гэты лот павінны падрыхтаваць як мінімум 166 000 рублёў (прыкладна $58 200 у эквіваленце) — гэта пачатковы кошт, які падчас таргоў можа павялічыцца.
Крок таргоў — 5% ад першапачатковай лічбы.

Кватэра на вуліцы Мічурына, 10, мае той жа метраж, але ўжо падзелена на два пакоі. Сам дом даволі стары — 1958 года пабудовы. Ён трохпавярховы, цагляны, стаіць пасярэдзіне паміж станцыямі метро «Магілёўская» і «Аўтазаводская». Двухпакаёўка плошчай 33,8 метра знаходзіцца на першым паверсе.
Таргі пачнуцца з адзнакі 158 000 рублёў (прыкладна $55 400 па курсе).

На Кабушкіна, 76, будзе шукаць новых жыльцоў кватэра плошчай 31,4 кв. м. Аднапакаёўка знаходзіцца на чацвёртым паверсе цаглянай пяціпавярхоўкі, пабудаванай у 1951 годзе. Варта адзначыць, што размяшчэнне аб'екта добрым не назавеш: побач раскінулася велізарная тэрыторыя машынабудаўнічага прадпрыемства МАЗ. Затое да Чыжоўскага вадасховішча адсюль літаральна 10 хвілін пешшу. Першапачатковая цана прапановы — 153 000 рублёў (прыкладна $53 600).

Яшчэ адна канфіскаваная кватэра ёсць у доме па адрасе Васняцова, 8/1. Дом панэльны, 1966 года пабудовы. Побач — парк імя Чынгіза Айтматава, крыху далей — станцыя метро «Партызанская». Малагабарытка плошчай 29,5 кв. м размешчана на чацвёртым паверсе будынка. Аўкцыён стартуе з пачатковай стаўкі ў 153 000 рублёў (прыкладна $53 600).

На Байкальскай, 66/1, будзе шукаць новых уладальнікаў аднапакаёўка плошчай 33,2 кв. м. Яна знаходзіцца на шостым паверсе панэльнай дзевяціпавярховіка. Дом пабудаваны тут у 1982-м. З арыенціраў — побач станцыя метро «Магілёўская». Пачатковы кошт лота — 183 000 рублёў (прыкладна $64 210 па курсе).

Цагляны дзевяціпавярховік на вуліцы Акадэміка Красіна, 24, пабудаваны ў пасёлку Сосны ў 2001 годзе. У ім будуць прадаваць кватэру плошчай 39,3 кв. м. Яна знаходзіцца на сёмым паверсе дома. Таргі пачнуцца з сумы 179 000 рублёў (прыкладна $62 800).

Каментары