Грамадзянін Беларусі спрабаваў незаконна ўвезці з Польшчы вырабы з фарфору, частка якіх аказалася культурнымі каштоўнасцямі. Парушэнне было выяўлена мытнікамі ў пункце пропуску «Брэст», паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.

45‑гадовы кіроўца выбраў для перасячэння мяжы зялёны калідор, які прадугледжвае адсутнасць тавараў для дэкларавання. Аднак падчас агляду аўтамабіля і багажу было знойдзена больш за 15,5 кілаграма фарфоравых вырабаў — фігуркі, посуд, падсвечнікі і свяцільнікі.


Паводле заключэння экспертаў Мытнай лабараторыі, пяць прадметаў, вырабленых больш за паўстагоддзя таму, былі аднесеныя да катэгорыі культурных каштоўнасцяў.


Мужчына растлумачыў, што ў Польшчы незнаёмы чалавек папрасіў яго перавезці гэтыя рэчы праз мяжу за ўзнагароду ў памеры 150 рублёў.

Па гэтым факце Брэсцкая мытня распачала адміністрацыйны працэс паводле ч. 2 арт. 15.1 КаАП Рэспублікі Беларусь. Артыкул прадугледжвае штраф да 30 базавых велічынь з магчымай канфіскацыяй тавараў.

Фарфоравыя вырабы агульным коштам больш за 28 тысяч рублёў былі канфіскаваныя да вынясення судовага рашэння.

Каментары