Экс-палітзняволеная Наталля Падлеўская атрымала статус прасіцеля прытулку ў Літве
Беларуска Наталля Падлеўская, якую Польшча перадала ў Літву ў рамках Дублінскага рэгламенту, распавяла «Белсату», што атрымала статус прасіцеля прытулку ў Літве на паўгода. Польскі бок пакуль не перадаў літоўскаму ніякіх дакументаў, са словаў жанчыны.

Наталля Падлеўская цяпер у Вільні, жыве ў шэлтары арганізацыі «Дапамога». У пятніцу, 31 кастрычніка, Літва прыняла ў беларускі прашэнне аб міжнароднай абароне. Наталля атрымала статус прасіцельніцы прытулку на паўгода, цяпер яна ў Літве цалкам легальна.
Напярэдадні, 28 кастрычніка, Наталлі Падлеўскай патэлефанавала работніца літоўскай міграцыйнай службы і паведаміла, што яе перабыванне ў Літве незаконнае, таму яна можа быць дэпартаваная ў Беларусь.
Як высветлілася, калі польская памежная служба перадавала Наталлю літоўскім калегам, яна не паведаміла, што гэта адбываецца паводле Дублінскай працэдуры — механізму, які рэгулюе, у якой краіне ЕС павінна разглядацца заява на прытулак. У Літве таксама не ведалі пра рашэнне польскага суда, што Польшча застаецца адказнай за разгляд справы Наталлі, і не прынялі ад Наталлі заяву на прытулак, афіцыйна палічыўшы яе перабыванне «незаконным».
Польшча вывезла жанчыну ў Літву 23 кастрычніка ў рамках Дублінскай працэдуры, паводле якой краіна мае права перадаць прасіцеля міжнароднай абароны той дзяржаве, візу якой той мае. Наталля прасіла ў Польшчы абарону, маючы дзейную літоўскую візу.
Каментары