Актывіст і палітолаг Сяргей Марцалеў яшчэ ў 2000‑х марыў сыграць рускага бандыта ў крымінальным серыяле, які глядзеў па польскім тэлебачанні. Тады гэта здавалася амаль нерэальным.

Але нядаўна беларуса зацвердзілі на эпізадычную ролю ў папулярным польскім серыяле. І граць ён будзе бандыта з СНД, які размаўляе па-польску з акцэнтам. Most пагаварыў з Сяргеем пра шлях да здымачнай пляцоўкі і ўвасабленне даўняй мары.
Сяргей Марцалеў — беларускі актывіст, палітолаг, былы палітвязень. На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года ён быў кіраўніком штаба Мікалая Статкевіча. У 2020 годзе працаваў з прадпрымальнікам і грамадскім дзеячам Мікалаем Аўтуховічам, які пазней па палітычных артыкулах (у тым ліку «тэрарызм» і «здрада дзяржаве») атрымаў 25 гадоў пазбаўлення волі. Марцалеў займаўся інфармацыйным суправаджэннем, вёў Telegram-канал і сацсеткі.
На «Беларусьфільме» зарабляў на абеды
Упершыню на здымачную пляцоўку Сяргей трапіў у Беларусі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і наступных пратэстаў на плошчы Незалежнасці ў Мінску яго, тады кіраўніка штаба Мікалая Статкевіча, арыштавалі і асудзілі ўмоўна на два гады за «парушэнне грамадскага парадку».
— Быў пад пастаянным наглядам міліцыі. Мяне нікуды не бралі на працу — ні грузчыкам, ні куды-небудзь яшчэ. Я пісаў матэрыялы для СМІ, але ўладкавацца афіцыйна было немагчыма. Адзінае месца, дзе ўдавалася зарабіць хаця б на абед, — гэта праца статыстам на «Беларусьфільме». Плацілі вельмі дрэнна, але нават гэтыя мінімальныя грошы для мяне былі выратаваннем, — распавядае ён.
«Гэты багемны флёр»
Пасля пераезду ў Польшчу ў 2021 годзе Сяргей зноў акунуўся ў кіно, але ўжо з іншым настроем.
— Спачатку гэта было жаданне вярнуцца ў гэтую сферу, гэты багемны флёр. Рэжысёр і здымачная група ствараюць зусім неперадавальную атмасферу. Гэта больш, чым грошы. Статысты атрымліваюць параўнальна невялікую аплату, але сама кіношная мітусня, творчы працэс і знаёмыя твары ствараюць настрой. Асабліва прыемна бачыць акцёраў і рэжысёраў, якія звяртаюцца з павагай, як з роўнымі, дзякуюць за ўдзел. І хоць за дзень працы на будоўлі можна зарабіць больш, у масоўцы ты атрымліваеш маральнае задавальненне ад таго, што робіш, — кажа Сяргей.
У красавіку гэтага года ён звольніўся з пастаяннай працы, і кіно стала для яго асноўным спосабам падтрымліваць сціплы бюджэт. За гэты час ён ужо паўдзельнічаў у некалькіх дзясятках серыялаў, рэкламных ролікаў і фільмаў у якасці статыста.
Сяргей кажа, што такі спосаб заробку прыцягвае многіх, хто апынуўся ў Польшчы не па сваёй волі — украінцаў і беларусаў. На пляцоўцы ён сустракаў журналістаў, актывістаў і нават вядомага беларускага барда.
За эпізадычныя ролі плацяць у 4—7 разоў больш, чым статыстам
Адбор у масоўку праходзіць праз агенцтва. Рэжысёр адпраўляе туды заяўку, і калі кандыдат падыходзіць па ўзросце і знешнасці, агенцтва адпраўляе яго фатаграфіі памочніку рэжысёра. Паводле статыстыкі Сяргея, у сярэднім з дзевяці заявак пяць-шэсць атрымліваюць адабрэнне.
Стаўкі на ўдзел у масоўцы вагаюцца ад 100 да 150 злотых ( 27‑40 даляраў) за дзень, начныя здымкі аплачваюцца вышэй — каля 200 злотых (55 даляраў).
— Калі прапануюць большую стаўку, конкурс вышэйшы. Калі плацяць каля 100 злотых за дзень, конкурсу можа і не быць — можа быць недабор.
Ганарары за эпізадычныя ролі, паводле слоў Сяргея, у 4—7 разоў большыя, чым у статыстаў. Стаўка можа залежаць ад аб’ёму тэксту.
— Калі сыграеш пяць эпізодаў, цябе ўносяць у Дзяржаўны рэестр кінаакцёраў Польшчы. За галоўную ролю ў камерцыйнай рэкламе можна атрымаць дзясяткі тысяч злотых — гэта, скажам так, самы высокі бонус, які можа зарабіць пачатковец у кінаіндустрыі, — тлумачыць Сяргей.
Па яго словах, можна гадамі хадзіць у масоўку, каб прапанавалі нешта больш сур’ёзнае. Таму важна наведваць кастынгі і прапаноўваць свае паслугі агенцтвам. Яны ўносяць акцёраў у базу дадзеных — і ў любы момант могуць адгукнуцца. Гэта шанец трапіць у рэкламу або эпізод — там не толькі ганарар вышэйшы, але і прозвішча акцёра з’яўляецца ў тытрах.
Успомніў нулявыя
Нядаўна Сяргею прапанавалі ролю ў папулярным польскім крымінальным серыяле на адным з каналаў. Раскрываць падрабязнасці ён не можа паводле ўмоваў дамовы, кажа толькі, што гэта эпізадычная роля рускамоўнага бандыта з адной з краін СНД.
— Мне перазваніў асістэнт рэжысёра і паведаміў, што яны зацікаўленыя ўва мне. Каб прайсці далей, трэба было вывучыць на памяць сцэну і запісаць відэа, дзе я чытаю рэплікі свайго персанажа, а нехта — рэплікі іншых, — распавядае Сяргей.
Калі беларус канчаткова атрымаў пацвярджэнне ролі, успомніў нулявыя гады і серыял, які глядзеў амаль кожны дзень. Тады яго прыцягвала менавіта роля бандыта — бунтара, які супрацьпастаўляе сябе грамадству, часам жорсткага, часам высакароднага, але заўсёды харызматычнага. Цяпер аказалася, што даўняя мара збылася менавіта так, як Сяргей сабе ўяўляў.
 
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
        
Каментары
Не нашыя каштоўнасці.
Гэта скажоны вобраз рамантычнага героя, які супрацьстаўляе сябе іншым. Першапачаткова творца або геній-навуковец, пасля з дапамогай поп-культуры і геній-злачынца. Вобраз папулярны ў Расеі, бо там больш увагі да злачынстваў, а не да культуры і навукі. Бясконцыя дэтэктывы і серыялы пра крымінальнае жыццё і падзеі.
Калі амаль не працуе мараль, то ў прывабныя рысы запісваюць хаця б харызматычнасць.
Пад апісанне жорсткага бандыта-харызматыка, які топча грамадства і яго нормы, падыходзіць і Лукашэнка.
(У Беларусі існуе блізкі, пры гэтым і трохі іншы вобраз: пыхлівага хатаскрайніка-прарока, які супрацьстаўляе сябе прафаннаму "народцу".
Таксама прыкмета хворага грамадскага жыцця.)
Беларускі пратэст не такі. Грамадства супрацьстаўляла сябе несправядлівай бандыцкай уладзе і ставіла годнасць і справядлівасць вышэй за усю гэтую накручаную "рамантыку".