Грамадства55

Насельніцтва Мінска не расце, але паглядзіце, як прыбавілася колькасць жыхароў у Новай Баравой і іншым прыгарадзе

Калі б межы Мінска пашырылі, уключыўшы туды некаторыя населеныя пункты раёна, дзе фактычна жывуць тыя, хто жыве і адпачывае ў сталіцы, статыстыка выглядала б інакш.

Новая Баравая. Фота: «Наша Ніва»

Насельніцтва Мінска скарацілася, а што з раёнам?

Пік жыхароў Мінска, паводле Белстата, зафіксавалі 1 студзеня 2020 года. Тады ў сталіцы налічвалася 2 020 600 гараджан. Па стане на 1 студзеня 2025 года ў Мінску жыло 1 996 730 чалавек. Такім чынам, за апошнія пяць гадоў насельніцтва сталіцы скарацілася на 23 900 чалавек.

На гэта маглі паўплываць як пандэмія, так і дзве хвалі эміграцыі. Але, каб карціна выглядала больш поўнай, варта звярнуць увагу на тое, як за гэты ж перыяд змянілася насельніцтва Мінскага раёна.

Ужо больш за дзесяць гадоў вакол горада будуюць буйныя мікрараёны, у тым ліку са шчыльнай шматпавярховай забудовай, якія адносяцца да раёна.

За апошнія 15 гадоў насельніцтва раёна вырасла амаль на 120 тысяч чалавек: з 161 тысячы у 2010‑м да 280 тысяч у 2025-м.

Для параўнання, за папярэднія 14 гадоў (з 1996 па 2010) рост склаў усяго 18 тысяч чалавек: з 143 тысяч у 1996‑м да 161 тысячы ў 2010-м.

Калі браць перыяд апошніх пяць гадоў, то насельніцтва раёна за гэты час павялічылася на 28 тысяч чалавек. Такім чынам, калі ўлічыць змяншэнне насельніцтва ў самім Мінску і прырост у раёне, то атрымаецца, што дэ-факта насельніцтва сталічнай агламерацыі хоць і не моцнымі тэмпамі, але ўсё ж расце (плюс 4200 чалавек).

Асноўны рост ідзе за МКАДам

Колькасць жыхароў у Мінскім раёне перш за ўсё павялічваецца за кошт населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці да межаў сталіцы.

Так, напрыклад, насельніцтва вёскі Копішча (раён Новая Баравая) дасягнула 22 тысячы чалавек. Мікрараён працягваюць актыўна забудоўваць, па прыблізных падліках, да 2030 года ў Копішчы будзе жыць больш за 40 тысяч чалавек.

Панарама «Новай Баравой». Скрыншот: newbor.by

У той жа час насельніцтва Заслаўя, які з'яўляецца горадам-спадарожнікам Мінска, але не прымыкае непасрэдна да яго, за апошнія пяць гадоў, наадварот, крыху скарацілася. Калі ў 2020‑м там жылі 17 674 чалавекі, то цяпер — 17 317.

Іншая «вёска» з дзясяткамі тысяч жыхароў — Бараўляны. У 2022 годзе нават хадзілі размовы пра тое, каб аб'яднаць вёску з аграгарадком Лясны, пасёлкам Вопытны і вёскай Ляскоўка ў адзін горад. Па стане на 2022 год у гэтых населеных пунктах жылі больш за 42 тысячы чалавек, і насельніцтва працягвае расці. Тым не менш рабіць з гэтых населеных пунктаў адзіны горад палічылі немэтазгодным.

Зноў пра населеныя пункты, якія бліжэй за ўсё знаходзяцца да мяжы Мінска, актыўна загаварылі ў 2025 годзе.

Днямі стала вядома, ці будуць уключаны ў склад сталіцы Копішча, Вялікае Сціклева, Гатава, Бараўляны і Сеніца. На архітэктурна-горадабудаўнічай радзе падкрэслілі: рашэнні аб пашырэнні межаў прымаюцца толькі па ўзгадненні з Лукашэнкам і пры наяўнасці эканамічнага абгрунтавання для аб'яднання. У выніку ўлады вырашылі не ўключаць іх у межы Мінска.

Лукашэнка — зацяты праціўнік росту насельніцтва сталіцы

За сваю кар'еру Лукашэнка неаднаразова выказваўся пра тое, што трэба стрымліваць рост насельніцтва Мінска.

Так, напрыклад, у 2011‑м ён ставіў планку 1,8 мільёна жыхароў:

«Трэба арыентавацца на тое, што ў Мінску не павінна пражываць больш за 1,8 мільёна чалавек. Мільён восемсот тысяч чалавек — і не больш. Бо сёння ўжо ні праехаць ні прайсці па Мінску, заўтра — загазаванасць, таўханіна, з усёй рэспублікі збяром у Мінску людзей, і мы перанаселім горад».

ЖК «Мінск Свет». Фота забудоўшчыка

Пазней ён усё ж падняў планку да 2 мільёнаў, дадаўшы, што нельга яе перасягнуць. Пазней палітык яшчэ неаднаразова выказваўся на гэтую тэму.

Фармальна насельніцтва Мінска пасля невялікага скарачэння на працягу апошніх пяці гадоў не пераадольвае вызначаную Лукашэнкам планку ў 2 мільёны жыхароў.

Але з улікам таго, як шмат жылля было пабудавана ў населеных пунктах, якія непасрэдна прылягаюць да горада, у Мінскай агламерацыі жыве больш за 2,1 мільёна чалавек.

Разам з тым адзначым, што дзяржаўная статыстыка можа не ўлічваць поўнай карціны эміграцыі пасля пратэстаў і поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

А што з насельніцтвам у іншых буйных гарадах і прылеглых раёнах

Сярод абласных цэнтраў у трох з пяці назіраецца спад насельніцтва.

У Гомелі па стане на пачатак 2020 года жылі 510 тысячы чалавек і яшчэ 70 тысяч у Гомельскім раёне. Праз пяць гадоў сітуацыя выглядае так: Гомель — 501 тысяча, Гомельскі раён — 69 тысяч.

Агулам у Гомелі і раёне стала на 10 700 жыхароў менш.

У Магілёве па стане на пачатак 2020 года было 357 тысяч жыхароў і яшчэ 42 тысячы ў Магілёўскім раёне. Праз пяць гадоў насельніцтва Магілёва скарацілася да 353 тысячы, а раёна — да 39 тысяч.

Агулам у Магілёве і раёне за пяць гадоў стала на 7100 жыхароў менш.

Віцебск па стане на пачатак 2020 года налічваў 365 тысяч жыхароў, і яшчэ 36 тысяч жылі ў Віцебскім раёне. Праз пяць гадоў насельніцтва Віцебска скарацілася да 359 тысяч чалавек, а раёна — да 34 тысяч (мінус 2 тысячы).

Агулам у Віцебску і раёне за пяць гадоў стала на 7900 жыхароў менш.

Віцебск. Фота: «Наша Ніва»

У двух абласных цэнтрах на захадзе краіны насельніцтва, наадварот, расце

У Гродне па стане на пачатак 2020 года жылі 357 тысяч чалавек, і яшчэ 50 тысяч налічвалася ў Гродзенскім раёне.

Праз пяць гадоў насельніцтва Гродна вырасла да 364 тысячы, а вось у Гродзенскім раёне скарацілася да 48 тысяч.

Агульнае насельніцтва павялічылася на 4900 чалавек.

У Брэсце па стане на пачатак 2020 года жылі 340 тысяч чалавек, і яшчэ, акругляючы, 46 тысяч у Брэсцкім раёне.

Праз пяць гадоў Брэст налічвае ўжо 346 тысяч чалавек, а Брэсцкі раён — тыя самыя 46 тысячы, але з дробным прыростам.

Агулам насельніцтва Брэста і раёна за пяць гадоў вырасла на 6500 чалавек.

Як змянілася насельніцтва ў абласных цэнтрах і іх раёнах у перыяд з 2020 па 2025, паводле даных Белстата

Атрымліваецца, што найбольшы прырост сярод буйных гарадоў і іх раёнаў за апошнія пяць гадоў адбыўся ў Брэсце і Гродне, а не ў Мінску і Мінскім раёне. Калі пералічыць рост насельніцтва ў працэнтных суадносінах, то ў Брэсце і Гродне колькасць жыхароў за апошнюю пяцігодку вырасла непараўнальна больш, чым у сталічным рэгіёне.

Каментары5

  • .
    27.09.2025
    Белстат фальсіфікуе (заніжае) статыстыку насялення з 2020-га году. Таму нельга дакладна казаць пра абсалютныя лічбы.
    Можна было б казаць хаця б пра тэндэнцыі і параўноўваць рэгіёны, калі б фальсіфікацыя была б аднолькавай па розных раёнах і гарадах (напрыклад, паўсюдна -5% або -10%). Але і гэта не так.

    Напрыклад, па Мінскаму раёну па Белстату за апошнія 5 год насяленне павялічылася на 28 тысяч і на 1 студзеня 2025 г. 279989 чал.
    З сайта выканкама (на сярэдзіну восені 2024, але розніца не павінна быць вялікай) насяленне раёна 265137 чал. Белстат завысіў лічбу на 14.9 тыс. (5.6%), значыць, рост за 5 год толькі на 13 тыс.
    Як вынік, высновы артыкула "дэ-факта насельніцтва сталічнай агламерацыі хоць і не моцнымі тэмпамі, але ўсё ж расце (плюс 4200 чалавек)" ужо змяняюцца: насяленне сталічнай агламерацыі знізілася як мінімум на 9 тыс. І гэта без уліку магчымай падробцы лічбы па Мінску.

    Па Калодзішчах (таксама населены пункт з мінскай агламерацыі) на 1 студзеня 2025: Белстат 23066, даведка з выканкама 20579 (накрутка 12%).

    Дакладна даведацца пра насяленне РБ немагчыма, бо можна знайсці толькі асобныя лічбы з розных крыніц пра розныя н.п. і рэгіёны.
    Таму маем вылічальную сістэму "смецце на ўваходзе - смецце на выхадзе". З хлусні немагчыма зляпіць праўду.
  • feafania
    27.09.2025
    ., дакладнай лічбы даведацца немажліва, бо самае меньшае поўмільёна беларусаў жывуць за мяжой і ніколі ня вернуцца, але па лушысцкай метадалёгіі яны - ўсё яшчэ жыхары Беларусі (як я, напраклад).
  • .
    27.09.2025
    Вядома, эмігранты, зарэгістраваныя па месцу жыхарства ("прапісаныя"), працягваюць ўлічвацца як насельніцтва.
    Але і без таго (!) насельніцтва значна скарацілася (памерлі або неяк здолелі выпісацца) і, як паказваю на 2 прыкладах, Белстат тыя лічбы завышае на 5-12%.

    І мне цікавы аргументы тых, хто мінусуе. Праверце самі махлярства Белстата: паглядзіце лічбы на іх сайце і сайтах МРВК і Калодзішчаў.

Цяпер чытаюць

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі1

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Бразільскі экстрэмал з'ехаў на скейце з вышыні 22‑га паверха ВІДЭА6

Насельніцтва Мінска не расце, але паглядзіце, як прыбавілася колькасць жыхароў у Новай Баравой і іншым прыгарадзе5

ЗША анулююць візу прэзідэнту Калумбіі. Ён зараз у Нью-Ёрку1

«У капцюрох ГПУ». Стагоддзе небяспечнай наіўнасці і дарэмных мараў беларускай эміграцыі34

Навукоўцы высветлілі, чаму некаторыя людзі ніколі не займаюцца сэксам5

Лукашэнка назваў сябе трампістам21

Назвалі прычыну аварыі грузавога цягніка на Смаленшчыне3

Рыбак на Мінскім моры злавіў двух здаравезных самоў. Адзін важыў 70 кілаграмаў, другі — крыху менш2

Артура Сянько пакінулі пад вартай у ЗША. Яму па-ранейшаму пагражае дэпартацыя6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі1

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць