Дыверсант на польскай чыгунцы дапусціў дзіўную памылку — падарваў не тую рэйку
Ад выбуху на чыгунцы ў Польшчы ніхто не пацярпеў. Эксперт у размініраванні кажа «Белсату», што дыверсанты зрабілі памылку — узарвалі не тую рэйку. Эксперт не выключае, што памылка была наўмыснай: мэтай мог быць не падрыў канкрэтнага цягніка, а дэманстрацыя здольнасцяў.

16 лістапада на чыгунцы між Варшавай і Люблінам выявілі пашкоджанне рэйкі, выкліканае выбухам. Журналіст польскай службы «Белсату» паразмаўляў пра дыверсію з Войцехам Вуйціньскім — камандзірам патрулёў размініравання падчас польскіх місій у Афганістане, Іраку і Ліване, сузаснавальнікам Lebanon Mine Action Center.
Ад дыверсіі ніхто не пацярпеў, пашкоджанне рэек выявілі да таго, як нейкі цягнік трапіў у аварыю. Вуйціньскі лічыць, што працу даручылі аматару.
«Цяпер узнікае пытанне, ці хацелі дыверсанты загадзя знішчыць рэйку, каб нешта сышло з рэек, — разважае эксперт. — Ці, можа, як спекулююць медыі, падарваць цягнік у руху. Спробу падрыву цягніка ў руху я адразу б адкінуў з тактычных прычынаў. Каб выклікаць выбух у патрэбны момант, трэба было б знаходзіцца на месцы, а гэта рызыкоўна.
Мяркую, што заданнем было пашкодзіць рэйку, спадзеючыся, што фізіка зробіць сваё».
Месца ідэальна падыходзіла для дыверсіі: за прапускной трубой пад рэйкамі, на пачатку павароту, тлумачыць эксперт. Дастаткова падарваць адну рэйку, на якой вагоны трымаюцца на павароце, і цягнік вылеціць наперад. Але каб такое здарылася, падарваць трэба вонкавую рэйку павароту, а дыверсант падарваў унутраную.
Гэта магло выратаваць цягнікі, якія праязджалі праз месца падрыву. Мясцовыя жыхары расказвалі паліцыі пра гук, падобны да выбуху, яшчэ вечарам суботы — а пашкоджанне выявілі раніцай нядзелі. З паведамленняў у польскіх медыях вынікае, што нешта падазронае, як раскол рэйкі, выявіў механік міжгародняга цягніка, які праехаў праз пашкоджаны ўчастак на вялікай хуткасці.
Вуйціньскі дапускае, што выбух мог быць занадта слабы, каб разбурыць рэйку, або выбухоўка была закладзена няправільна. Магчыма, толькі пасля праезду некалькіх цягнікоў адарваўся заўважны кавалак рэйкі.

Выбух несумненна быў, кажа Вуйціньскі. Некаторыя каментатары ў інтэрнэце здзіўляліся таму, што на месцы выбуху не раскіданыя камяні. Эксперт даводзіць: рэйкі насамрэч крохкія — не трэба моцнага зараду, каб іх разрэзаць, нібы нажніцамі.
Найпрасцейшую выбухоўку можна зрабіць у хатніх умовах, нагадвае эксперт. Для гэтага не трэба быць інжынерам — кожны, хто прайшоў вайсковую службу, мусіць мець пэўныя веды падрыўной справы. Вуйціньскі не выключае, што замоўнік мог перадаць выканальніку як інструкцыі вырабу выбухоўкі, так і самі выбуховыя рэчывы.
Калі будуць выяўленыя замоўнікі і выканальнікі, то гэткую дыверсію можна трактаваць як акт вайны, лічыць Вуйціньскі. Але паўстае праблема інтэрпрэтацыі.
«Дастаткова паслухаць палітыкаў, колькі штодня мы маем кібератак на любую магчымую інфраструктуру: ваду, газ, электрычнасць, цяпер і чыгунку, — пералічвае ён. — Колькі людзей, што супрацоўнічалі з расейскімі ФСБ і ГРУ, з КДБ Беларусі, затрымалі нашыя службы. А гаворка толькі пра некалькі адсоткаў, бо астатнія любяць цішыню.
Гледзячы на маштабы, можам сказаць, што мы на вайне. Можа, тут яшчэ няма расейскіх танкаў, але цяпер вайна выглядае інакш, і гэта адзін з яе элементаў».
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што падазраваныя — двое грамадзянаў Украіны, якія супрацоўнічалі з расейскай Федэральнай службай бяспекі і здолелі пакінуць Польшчу. Некаторыя ў Польшчы падазраюць у дыверсіі Украіну, хоць папярэдняя версія польскіх уладаў — дзейнасць расійскіх спецслужбаў.
Вуйціньскі адзначае, што вінаваціць Украіну некаторым проста выгадна, дый выкарыстаць для дыверсіі чалавека з Украіны было б зручна. Але эксперт перакананы: калі капнуць глыбей, то выявіцца, што за дыверсіяй стаіць Расея.
На ягоную думку, Расея хацела паказаць, што можа нанесці ўдар, перадусім выклікаць параліч і паніку. Маўляў, калі б нешта сышло з рэек, гэта было б бонусам. Эксперт не выключае, што няправільную рэйку маглі падарваць наўмысна.
Каментары
Чаму пра факт таго што дыверсанты прыбылі з Беларусі нічога няма ў артыкуле?
Ну як, працуе "бясьпека праз візы"? Можа варта зрабіць яшчэ больш памежных пераходаў для "простых людзей" каб ужо напэўна ўсё паўзрывалі?
Калькі яшчэ трэба дыверсій каб да палякаў нарэшце дайшло што мяжу з Мордарам (а туды зараз уваходзіць і "Бедарусь") трэба поўнасьцю зачыніць і замінаваць бо вайна ЎЖО ідзе? І гэта ўсё зрабіць трэба было ўжо чатыры гады таму.
Што адбываецца ў польскай ўладзе калі адныя - гатуюцца ваяваць і аглядаюць падарваныя рэйкі, другія - "нармалізуюць адносіны" і адчыняюць мяжу з тэрарыстамі? Ці будзе канец гэтаму інфантыльнаму цырку?