Культура

«Пакуль рыхтавалі выданне — храмы расцягвалі трактарамі». Архітэктарка прыгадала пра працу над Зборам помнікаў Беларусі

Падрыхтоўка Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, афіцыйнага спісу нерухомых каштоўнасцей, узятых савецкай дзяржавай пад ахову, пачалася яшчэ ў канцы 1960-х гадоў, але сам ён пабачыў свет толькі ў другой палове 1980-х. Але многія помнікі, уключаныя ў яго навукоўцамі, не дачакаліся афіцыйнага выдання.

Фота: фэйсбук Тамары Габрусь / палепшана і каларызавана з дапамогай ШІ

Пра сваю працу над Зборам прыгадала на старонцы ў фэйсбуку Тамара Габрусь.

Беларускі гісторык архітэктуры Тамара Габрусь сёння знаная і паважаная доктарка мастацтвазнаўства, кандыдатка архітэктуры і член-карэспандэнт Беларускай акадэміі архітэктуры. А ў час, калі ў Беларусі зачыналася шырокая дзяржаўная ахова помнікаў, яна толькі выпусцілася з інстытута.

Будучы аспіранткай Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, яна з калегамі аб'ездзіла ўсю краіну, фіксуючы і абмяраючы помнікі беларускага дойлідства, каб узяць іх пад ахову. Але лёс многіх з іх склаўся трагічна яшчэ да выхаду ў свет Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. 

Тамара Габрусь у час працы над Зборам помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Фота: фэйсбук Габрусь

«У 1960-х гадах помнікі культавай (як тады вызначалі) архітэктуры знаходзіліся ў надзвычай занядбаным стане з прычыны тагачаснай агульнадзяржаўнай атэістычнай ідэалогіі. Дарэчы, як і многія іншыя помнікі гісторыі, археалогіі і грамадзянскай архітэктуры, сядзібна-паркавага мастацтва і гэтак далей.

У выніку шырокага грамадскага руху ў абарону гісторыка-культурнай спадчыны ў 1969 годзе была прынята дзяржаўная праграма па стварэнні поўнага збору помнікаў гісторыі і культуры народаў СССР. У Акадэміі навук БССР з гэтымі навуковымі мэтамі пры Інстытуце мастацтвазнаўства быў створаны асобны сектар «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі». Воляй лёсу я стала першай яго аспіранткай-архітэктарам.

Навукова-экспедыцыйная дзейнасць пачалася ў 1970 годзе з Брэсцкай вобласці. Маімі першымі раёнамі сталі Драгічынскі і Іванаўскі, пазней — Ганцавіцкі, Ляхавіцкі, Лунінецкі, Пінскі і Столінскі раёны.

Знаёмства з Беларускім Палессем на ўсё жыццё ўразіла мяне пышнасцю і прыгажосцю прыроды, якой я, мінчанка і выдатніца, ніколі не бачыла. А драўляныя храмы! А народнае ткацтва і песні! А яшчэ маладосць і сябры!

Замалёўка фасадаў Зёлаўскай царквы і званіцы, выкананая Тамарай Габрусь. Фота: фэйсбук Габрусь

У выяўленні, фіксацыі, абмерах і апісанні помнікаў супрацоўнікам сектара актыўна дапамагалі энтузіясты з інстытутаў фізікі і матэматыкі нашай Акадэміі навук. Усе патомкі сям'і Хадыкаў тут удзельнічалі: Юра, Ларыса і я. Разам з дзвюма памочніцамі я займалася абмерамі драўляных цэркваў. Зрабіла падвешаную за шыю дошку для замалёвак і запісаў, якая крыху муляла, але нічога.

Працавалі хутка: адзін дзень — адзін храм, і зрабілі многа. Ужо ў 1972 годзе быў падрыхтаваны макет тома Збору па Брэсцкай вобласці. Адбылася ўсесаюзная навуковая канферэнцыя, у якой актыўна ўдзельнічаў Уладзімір Караткевіч.

Замалёўка фасада Зёлаўскай царквы, выкананая Тамарай Габрусь. Фота: фэйсбук Габрусь

Але далейшая падрыхтоўка выдання зацягнулася да 1980-х. І многія даследаваныя намі помнікі драўлянага храмабудаўніцтва не дажылі да гэтага часу. Частка з іх была знішчана мясцовымі ўладамі, расцягнута трактарамі, спалена з-за нядбайнасці», — дзеліцца Габрусь.

Зёлаўскі храм

Фотаздымак званіцы пры Зёлаўскай царкве. Фота: У. Ляпарскага / фэйсбук Тамары Габрусь
Замалёўка званіцы Зёлаўскай царквы і яе ўнутранай будовы, выкананая Тамарай Габрусь. Фота: фэйсбук Габрусь

Адной з такіх каштоўных, але страчаных назаўсёды драўляных цэркваў, была Троіцкая царква ў вёсцы Зёлава Драгічынскага раёна, якая была пабудавана ў 1842 годзе. Тамара Габрусь знайшла фотаздымкі і замалёўкі гэтага храма ў сваім архіве 55-гадовай даўніны. 

«Гэта быў велічны ўзор позняга класіцызму ў драўляным храмабудаўніцтве. Маляўнічы ансамбль царквы і званіцы размяшчаўся на ўскрайку вёскі на ўчастку, абгароджаным у выглядзе авала. Будынак царквы складаўся з 5 зрубаў, якія стваралі аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю з планам у выглядзе роўнаканцовага грэчаскага крыжа. Больш высокі цэнтральны двухсветлавы зруб вянчаўся самкнёным паўсферычным купалам. Чатыры вежы з галоўкамі на вуглах цэнтральнага зруба стваралі кананічнае праваслаўнае пяцігалоўе і сімвалізавалі чатырох евангелістаў. Будынак меў традыцыйную для беларускага драўлянага дойлідства вертыкальную ашалёўку з нашчыльнікамі, гзымсы на фігурных кранштэйнах, прафіляваныя ліштвы, аздобленыя разьбой уваходныя дзверы.

Рысы класіцызму мела таксама трох'ярусная званіца, увянчаная купалам. Гэты выдатны помнік дойлідства знішчаны ў 1970-я», — успамінае даследчыца.

План Зёлаўскай царквы, выкананы Тамарай Габрусь. Фота: фэйсбук Габрусь
Замалёўка ўнутранай будовы Зёлаўскай царквы, выкананая Тамарай Габрусь. Фота: фэйсбук Габрусь

Зёлава добра вядомае мастацтвазнаўцам па постаці так званага Зёлаўскага майстра, яскравага іканапісца другой паловы XVIII стагоддзя, чыя творчая спадчына ў адным шэрагу з Маларыцкім майстрам дае падставы меркаваць пра існаванне асобнай Заходнепалескай іканапіснай школы.

Сёння ў палескай вёсцы не засталося нічога з калісьці багатай яго мастацкай спадчыны: храм знішчылі, а абразы захоўваюцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. 

Лёс помнікаў 

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі быў афіцыйным дакументам, які ўключаў помнікі, узятыя або прапанаваныя для ўзяцця савецкай дзяржавай пад ахову. Выданне тамоў па абласцях Беларусі і горадзе Мінску працягвалася з 1984 па 1988 гады, у 1990 годзе выйшаў дапрацаваны і дапоўнены том «Збору» на Брэсцкай вобласці на рускай мове.

У Зборы было больш за 14 тысяч артыкулаў пра нерухомыя помнікі, але па факце іх было яшчэ болей, бо артыкул уключаў таксама такія комплексныя помнікі, як забудова вуліц ці комплексы сядзіб.

Збор помнікаў гісторыі і культуры па Брэсцкай вобласці выйшаў першым у серыі — у 1984 годзе. Фота вокладкі

Нельга не заўважыць, што сённяшні Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі змяшчае значна менш аб'ектаў — усяго 5688. Нават з улікам тых аб'ектаў, якія ўваходзяць у комплексныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, такія як гістарычныя цэнтры гарадоў, іх налічваецца толькі 8038 — амаль удвая менш, чым за познесавецкім часам.

Прычынай такога скарачэння стала тое, што пры фарміраванні новага спісу помнікаў падаваць пра іх звесткі дазволілі мясцовым органам, якія проста выкідалі ўсё, што не хацелі ахоўваць.

У выніку ў некаторых раёнах у Дзяржаўны спіс трапілі толькі брацкія магілы і гарадзішчы, але не трапіла ніводнага храма, сядзібы ці старой камяніцы. Многія цэрквы Палесся таксама былі выкінуты з новага спісу.

Цяпер, каб вярнуць гэтым аб'ектам ахоўны статус (а многія з іх былі знішчаны за апошнія тры дзесяцігоддзі) трэба падрыхтаваць цэлую навуковую працу з гістарычнай даведкай, фіксацыяй і мастацкай апрацоўкай, на якую мясцовы савет можа даць кароткую адмову — «не бачым неабходнасці».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

«Пасля Новага года можам апынуцца на вуліцы». Наведаліся ў шэлтар, які дае дах над галавой палітвязням, вымушаным пакінуць Беларусь

«Пасля Новага года можам апынуцца на вуліцы». Наведаліся ў шэлтар, які дае дах над галавой палітвязням, вымушаным пакінуць Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка хоча пераняць палітычнае ўладкаванне Кітая21

Зорка «Шэрлака» ззяе ў чорнай камедыі — будзе шмат брытанскага гумару і рамантыка наадварот3

«Пакуль рыхтавалі выданне — храмы расцягвалі трактарамі». Архітэктарка прыгадала пра працу над Зборам помнікаў Беларусі

Нядаўна нехта заходзіў у тэлеграм-акаўнт Анжалікі Мельнікавай8

У Сербіі Лукашэнку павіншавалі з днём нараджэння білбордамі ФОТАФАКТ8

«Гектар прыносіць каля $20 000». Буяковы фермер расказаў, як можна зарабіць на ягадах у Беларусі2

Трамп параўнаў Пуціна і Зяленскага з дзецьмі на пляцоўцы7

Начальнік расійскага Генштаба заявіў, што Расія будзе працягваць вайну17

У Фаніпалі 17-гадовая дзяўчына пайшла з дому і скончыла жыццё самагубствам7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пасля Новага года можам апынуцца на вуліцы». Наведаліся ў шэлтар, які дае дах над галавой палітвязням, вымушаным пакінуць Беларусь

«Пасля Новага года можам апынуцца на вуліцы». Наведаліся ў шэлтар, які дае дах над галавой палітвязням, вымушаным пакінуць Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць