Грамадства22

«Узровень правоў, свабод і ўмоў працы — горш, чым у школьнага настаўніка». Як справы ў выкладчыкаў-практыкаў у БДУІР і тэхнічных ВНУ ў 2025 годзе

Выданне Devby пагутарыла з айцішнікамі, якія выкладаюць.

«Універсітэт страляе сабе ў нагу, адсейваючы патэнцыйна моцных кандыдатаў»

Мікіта* (імёны спікераў змененыя на іх просьбу) выкладае ў тэхвузе ў адным з абласных гарадоў Беларусі: яго ўзялі сісадмінам, а паралельна прапанавалі весці практычныя заняткі ў студэнтаў.

— Я навучаўся ў магістратуры, працаваў і выкладаў. З часам мяне пачалі дапускаць да чытання лекцый, і ў выніку я стаў старэйшым выкладчыкам. Так прайшло каля пяці гадоў, пасля чаго я сышоў з універсітэта і перайшоў у ІТ-кампанію, у якой ужо працую таксама больш за пяць гадоў.

Аднак цалкам з выкладання я не сышоў. На новым месцы мне даводзілася ментарыць і навучаць маладых супрацоўнікаў — і гэта нагадала маё ранейшае жыццё. Таму вырашыў працягнуць выкладаць і ва ўніверсітэце — у нейкім сэнсе гэта стала часткай прафесійнай ідэнтычнасці.

Не сказаў бы, што выкладаць прэстыжна. Калі ты штатны супрацоўнік ВНУ, то па ўзроўню правоў, свабод і ўмоў працы тваё становішча часцяком горш, чым у школьнага настаўніка, не кажучы ўжо пра зарплату, якая аб’ектыўна ніжэй. Да таго ж студэнты не заўсёды ставяцца з павагай: для многіх выкладчык — гэта чалавек, які можа «заваліць» на экзамене ці заліку. Некаторыя нават лічаць выкладчыкаў «няўдачнікамі», якія не змаглі знайсці нармальную працу ў індустрыі. На жаль, такое стаўленне сустракаецца даволі часта.

Для мяне асабіста выкладанне — гэта не пакліканне і дакладна не «сэнс жыцця». Гэта справа, у якой адчуваю сябе ўпэўнена, якая мне цікавая і ў якой бачу сэнс — асабліва, калі ёсць час, рэсурсы і магчымасць зрабіць хоць нейкі ўнёсак у адукацыю і развіццё грамадства.

У маім ВНУ востра стаіць кадравае пытанне, асабліва пасля вядомых падзей апошніх гадоў. Часткова менавіта з-за гэтага я і сышоў з універсітэта.

Зараз ВНУ (а па сутнасці — загадчык кафедры, таму што большасць іншых супрацоўнікаў, мякка кажучы, абыякавыя да навучальнага працэсу і студэнтаў) спрабуе неяк «залатаць дзіркі» ў выкладчыцкім складзе. Але тут шмат падводных камянёў: проста ўзяць чалавека з вуліцы і паставіць яго чытаць лекцыі нельга — патрэбны альбо педагагічны стаж, альбо значны досвед працы ў профільнай сферы. Пры гэтым патрабаванні часта супярэчлівыя, а ў выніку атрымліваецца, што ўніверсітэт страляе сабе ў нагу, адсейваючы патэнцыйна моцных кандыдатаў.

Таму могуць узяць любога, хто падыходзіць «па параметрах» і згодны траціць на гэтую дабрачыннасць (па іншаму гэта не назваць) свой час.

Таму выкладчыкаў практыкаў у цэлым даволі шмат, але не ўсе яны разумеюць, як граматна перадаць веды і падысці да працэсу сістэматычнай перадачы ведаў. Выкладчык-практык — не заўсёды гарантыя таго, што студэнты адужаюць яго прадмет і ім гэта будзе карысна, паколькі нават базу ва ўніверы ўжо нармальна выкладаць не ў стане (і тут правіна зусім не на выкладчыках ці студэнтах), — а тут прыходзяць практыкі, якія пхаюць студэнтам прасунутыя тэмы.

У цэлым, якасць навучання — вельмі балючая тэма.

Шчыра кажучы, любы выкладчык абмежаваны рамкамі праграмы/курса — больш гадзін, чым далі, не адвядзеш, даводзіцца вельмі сур’ёзна падыходзіць да таго, як і якую інфармацыю студэнтам перадаць максімальна эфектыўна.

Асабіста ў мяне (з-за добрых адносін з загадчыкам кафедры і вялікага досведу з усіх бакоў барыкад) адносна шмат свабод: магу выбіраць зручны час і фактычна сам складаць навучальныя праграмы.

«ВНУ часцей бярэ тых, хто не знайшоў самастойна месца для адпрацоўкі па размеркаванні»

Андрэй* да лютага выкладаў у сталічным тэхвузе.

— Пасля заканчэння ўніверсітэта мне прапанавалі працу ў міжнароднай кампаніі без юрасобы ў Беларусі. Умовы былі вельмі добрыя, але мне трэба было дзесьці адпрацоўваць размеркаванне. Мой ВНУ пайшоў насустрач — прапанаваў месца на кафедры.

Ці падабалася мне выкладаць — скажу так: я рэдка бачыў палаючыя вочы ў студэнтаў, але калі атрымлівалася іх зацікавіць, то, безумоўна, вельмі падабалася. Вядома, у аўдыторыях не абыходзілася без тых, хто хадзіў чыста дзеля наведвання.

Прэстыжная ці гэта праца — дакладна не. Праца з людзьмі — гэта самая складаная праца: бывала, адпрацаваўшы па 2 пары ў дзень, я стамляўся больш, чым ад 8 гадзін на асноўнай працы. І часта сутыкаўся з абыякавым стаўленнем да сябе як да выкладчыка.

Да таго моманту ў мяне ўжо быў пэўны досвед, які можна было перадаваць маладым людзям. Я дапамагаў сваім студэнтам з сумоўямі — ставіў пытанні так, як іх задаюць на інтэрв’ю, тлумачыў некаторыя моманты. Падчас прыёмкі лаб «душыў» іх, разумеючы, што на рэальным сумоўі іх ніхто не будзе «выцягваць» на правільны адказ. Канкурэнцыя на пазіцыю кшталту стажор-джун вялікая — і студэнтаў трэба рыхтаваць да інтэрв’ю.

У нейкі момант я пачаў атрымліваць фідбэкі — як станоўчыя, так і адмоўныя. Мае студэнты паспяхова праходзілі сумоўі ў айцішку — і гэта мяне моцна матывавала і падбадзёрвала: значыць, усё было не дарма. Але таксама я стаў атрымліваць заўвагі ад загадчыка кафедры — некаторыя студэнты скардзіліся, што не атрымліваецца здаць лабы.

Увогуле ў нас ва ўніверсітэце ўсё сумна: узроставыя выкладчыкі чытаюць лекцыі пра старыя і неактуальныя тэхналогіі кшталту VBA. Лабы па ўмоўным фронце — таксама на старых і вельмі неактуальных тэхналогіях.

Яшчэ студэнтам я запытваў, ці можам здаваць лабы на сучасных мовах праграмавання і тэхналогіях (не змяняючы ўмоўнага ТЗ). Загадчык кафедры адказаў: ёсць праграма, не маем правы ад яе адыходзіць. Хочаце адысці — пішыце метадычку. А там працэс вясёлы: год — на напісанне метадычкі, год — на ўхваленне мінадукацыі, год — на ўкараненне ў выкладчыцкі склад, а на чацвёрты год тэхналогія ўжо ўмоўна састарэла. Таму я і як студэнт, і як выкладчык працаваў па метадычках 2006 года. І гэта вельмі сумна!

Шмат лаб па Excel, Access, Word — але навошта? Узроставыя выкладчыкі патрабуюць прытрымлівацца СТП у справаздачах/курсавых — і гэта ўсё, што яны патрабуюць. Самі ж не могуць задаць пытанні па тэме, таму што «тэма» сышла на N крокаў наперад.

ВНУ часцей бярэ выкладчыкамі тых, хто не знайшоў самастойна месца для адпрацоўкі па размеркаванні (гэта значыць на кафедру пры ўмове паступлення ў магістратуру), чым практыкаў з 5-10+ гадамі досведу ў ІТ. Апошнія ва ўніверсітэце нібыта як і ёсць, па чутках — але канкрэтных людзей я не ведаю.

Я, дарэчы, першую сваю працу знайшоў, як раз дзякуючы такому выкладчыку: ён паклікаў мяне да сябе. А пазней ужо я запрашаў некаторых студэнтаў у сваю кампанію — цяпер яны мае калегі.

«Выкладчыкаў з досведам 5-10+ гадоў у ІТ можна было пералічыць па пальцах»

Ян* выкладаў у БДУІР два гады — звольніўся ў 2022. Ён кажа, што ўжо ў той час з практыкаў там былі ў асноўным нядаўнія выпускнікі, якія сумяшчалі выкладчыцкую дзейнасць з працай у ІТ-кампаніях.

— У асноўным выкладаць і займацца навуковай практыкай заставалася каля 4-5 чалавек з адной плыні. Часцей — альбо ідэйна зараджаныя выпускнікі, альбо тыя, хто так і не змаглі знайсці сабе месца для адпрацоўкі.

Да працы ў ВНУ дапускалі пры ўмове, што чалавек працягне навучанне ў магістратуры: пасля прыняцця ў 2019 годзе закона аб змяненні ўмоў адтэрміноўкі ад прызыву напаўняльнасць груп у магістратуры рэзка ўпала. Пры гэтым, калі выпускнік пагаджаўся заставацца працаваць ва ўніверсітэце, можна было лічыць, што ўступныя экзамены ў магістратуру ён здаў і яго амаль са 100% верагоднасцю залічылі.

Але пасля 2019 года гэта не моцна дапамагала — конкурс у магістратуру і без гэтага быў вельмі нізкім.

Да 2020 года масавай цякучкі ва ўніверсітэце не было і дэфіцыту кадраў не назіралася. У нас, яшчэ студэнтаў, не было «дзірак» у раскладзе, а пра тое, хто будзе выкладаць, мы даведваліся загадзя перад семестрам.

Большасць семінарскіх і лабараторных заняткаў па тэхнічных прадметах вялі якраз былыя выпускнікі, сярод якіх была натуральная ратацыя, рэдка хто затрымліваўся больш чым на два гады. Вышэйшы выкладчыцкі склад — лектары, дацэнты і дактары навук — працавалі ўжо доўгі час, займаліся навучальнай і навуковай практыкай, цякучка сярод іх была куды меншая.

Кафедра не прама актыўна клікала да сябе, але ўсе ведалі, што магчымасць застацца выкладаць ёсць — як «выратавальны круг» для размеркавання і як класны досвед для жадаючых.

На лабах была невялікая свабода — ніхто не кантраляваў твой навучальны план, была магчымасць замест лабараторных работ з метадычкі, састарэлых і ўсіх вядомых (рашэнні можна было лёгка знайсці ў інтэрнэце або на GitHub выпускнікоў), даваць уласныя лабараторныя работы, часцяком больш цікавыя і комплексныя, якія закраналі больш сучасныя інструменты і тэхналогіі.

Зацікаўленым студэнтам такі падыход да практыкі падабаўся куды больш.

Зразумела, што па сваім жаданні за грашыма ніхто туды не ішоў, у добрыя месяцы па кантракце ў разліковым лісце было каля 300 рублёў на паўстаўкі. Але гэта было цікавым хобі. Ад агульнага складу кафедры, па асабістых адчуваннях, маладыя супрацоўнікі да двух гадоў досведу складалі не больш за 15-20% (з улікам навучальна-дапаможнага складу і інжынераў).

Выкладчыкаў з досведам 5-10+ гадоў у ІТ можна было пералічыць па пальцах. У асноўным альбо выкладчыкі цалкам прысвячалі сябе ўніверсітэту, альбо адпрацоўвалі некалькі гадоў і сыходзілі цалкам у ІT. Часцей за ўсё з практыкуючымі выкладчыкамі мы сутыкаліся, калі заняткі праходзілі ў лабараторыях кампаній, напрыклад у EPAM на Купрэвіча.

…Пасля 2020 года ў нас скарацілася колькасць лаб у лабараторыях кампаній. Выкладчыкі, у якіх былі наладжаныя сувязі з лабамі ІT-кампаній, сталі сыходзіць. Так што, думаю, іх стала менш, але розніца пры іх пачаткова нізкай колькасці не была адчувальнай.

На кафедрах інфарматыкі або ПЗІТ справы з такімі выкладчыкамі былі куды лепшыя. Але нават у такім выпадку магу пералічыць іх па пальцах адной рукі на кожную кафедру.

«Лічу, што выкладчыкаў-практыкаў у БДУ дастаткова. Ім заўсёды радыя»

Большасць нашых спікераў-выкладчыкаў выказаліся нейтральна або крытычна — але ёсць і вельмі пазітыўны погляд.

Арцём выкладае ў БДУ з 2021 года (прыйшоў адразу пасля выпуску з гэтага ВНУ) — і паралельна працуе ў ІТ-кампаніі.

— Я вучыўся на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, там жа і застаўся выкладаць на кафедры інфармацыйных сістэм кіравання. У сям'і мама і бабуля былі настаўнікамі — і мне заўсёды падабалася і было цікава дзяліцца ведамі з кімсьці. Таму, калі даведаўся, што можна застацца на 0,5 стаўкі выкладчыкам, я з задавальненнем прыняў гэтую прапанову.

Пакуль вучыўся ва ўніверсітэце, вёў дадатковыя заданні ў школьнікаў, таму навык даносіць інфармацыю быў. І ў цэлым са студэнтамі заўсёды цікава працаваць — усе яны розныя і праз іх можна раскрываць сваю карціну свету.

Лічу, што выкладчыкаў-практыкаў у БДУ дастаткова. Магу гаварыць толькі пра свой факультэт, але дакладна ведаю, што на кожнай кафедры ёсць 2-3 чалавекі, якія сумяшчаюць працу ва ўніверы і ІT. На нейкіх кафедрах нават больш. І ў цэлым факультэт заўсёды рады і прапануе перспектыўным хлопцам застацца на кафедры.

На мой погляд, гэта, вядома, прэстыжна — быць выкладчыкам у лепшым ВНУ краіны.

Так, па зарплатах там цяжка параўнацца з ІТ-сектарам, але так практычна ў любой сферы на бягучы момант. І ўсё ж прэстыж вымяраецца не толькі грашыма: на факультэце вучацца вельмі моцныя студэнты, шмат алімпіяднікаў, выкладчыцкі склад таксама моцны — класна быць часткай гэтага і рабіць свой унёсак.

Студэнты, мне здаецца, станоўча ставяцца да выкладчыкаў-практыкаў. Так, магчыма яны строгія — але і заняткі цікавыя і больш прыкладныя, можна і задачы набліжаныя да сумоўяў парашаць, і даведацца, як праходзіць праца на рэальных праектах і тэхналогіях.

Аналагічнага меркавання — і адміністрацыя ВНУ, а таксама калегі. Па асабістым досведзе скажу, яны заўсёды ідуць насустрач, дапамагаюць скарэктаваць расклад, каб не перасякалася з асноўнай працай у ІТ. Падказваюць нейкія бюракратычныя моманты з запаўненнем папер, напрыклад, або электронных дакументаў. Гэта значыць ставяцца — як да роўных сабе.

У мяне на кафедры са мной старыйшыя калегі заўсёды дзяліліся досведам, дапамагалі і падтрымлівалі. Асабліва адзначу Аляксандра Мікалаевіча Вальвачова і Конах Валянціну Уладзіміраўну. Аляксандр Мікалаевіч развіваў мяне з пункту гледжання навукі, жыцця, разумення таго, як лепш студэнтам даносіць веды і інфармацыю, як зрабіць, каб на тваіх парах было цікава. За што я яму вельмі ўдзячны.

Валянціна Уладзіміраўна ў сваю чаргу дапамагала і навучала розным справам унутры кафедры, напрыклад, як лепш абнавіць і аформіць праграму, каб яна была адначасова і акадэмічнай, і пры гэтым утрымлівала ў сабе рэальны прыкладны досвед. Таксама аказвала падтрымку ў запаўненні розных папер з рэктаратам і іншае, што на самай справе таксама важна і частка працы выкладчыка.

І так, рэальны досвед можна дадаць у навучальную праграму. Ніхто не ставіць табе перашкод, калі ў цябе ёсць жаданне, ініцыятыва, абнавіць праграму, дадаць сваё бачанне, — то калі ласка, там заўсёды рады такім людзям.

Каментар студэнта: «Проста на парах працуюць на аддаленцы — а мы проста сядзім»

Пра практыкуючых выкладчыкаў мы звычайна чуем добрае. Але ў гэты раз атрымалі і нечаканы фідбэк.

Іван* — яшчэ студэнт, вучыцца ў БДУІР, спецыяльнасць не называе. Ён захацеў выказацца пра негатыўны досвед з некаторымі выкладчыкамі-практыкамі:

— Адзін чытае лекцыі па двух прадметах, яшчэ двое вядуць лабараторныя па кожным з іх. Усе трое проста на парах працуюць на аддаленцы — а мы проста сядзім. Можна было б не хадзіць на такія, але тады яны ставяць пропускі.

Як праходзяць заняткі: выкладчык уключае прэзентацыю на 10 слайдаў — раз у 10 хвілін пераключае без якіх-небудзь каментароў. Сам сядзіць і піша код. А ў канцы пары адзначае прысутных. На лабараторных жа мы проста сядзім, а выклады працуюць: адзін з іх — праграміст, другі працуе ў Figma. У канцы зноў жа адзначаюць тых, хто прысутнічаў.

Ці дзеляцца гэтыя выкладчыкі-практыкі з намі ведамі, ці разбіраюць рабочыя кейсы — не. Усе зносіны з імі ў нас на ўзроўні: «Добры дзень!» — «Да пабачэння!» Самі выкладчыкі маладыя, ім каля 25-27 гадоў.

У дэканат, зразумела, ніхто са студэнтаў на іх не скардзіўся: не хочацца ўскладняць сабе жыццё. Ды старэйшым курсам гэта хутчэй на руку: хтосьці ў гэты момант таксама працуе, а камусьці гэта і не трэба — яны вывучаюць матэрыял самастойна або ўвогуле выбіраюць іншы напрамак.

На што асабіста я звяртаў увагу: у нас былі прэзентацыі пра GIT і SOLID — хоць да таго моманту за плячыма ў кожнага з нас ужо быў не адзін курсач і лабараторная праца, што трэба, кожны і сам даўно прачытаў. Ну і такую прэзентацыю можна за 10 хвілін прачытаць — а не расцягваць на 1,5 гадзіны. Так што асаблівага сэнсу ў такіх занятках няма.

Увогуле я ведаю толькі аднаго выкладчыка з вялікім досведам у ІТ: два гады таму ён праводзіў лекцыі пра тое, як на самой справе працуюць у ІТ-кампаніях, і даваў дадатковыя матэрыялы для вывучэння. Вось такія лекцыі, на якія хочуць хадзіць студэнты з іншых факультэтаў (як я), — гэта лепшая характарыстыка выкладчыка.

Каментары2

  • выавапвап
    25.08.2025
    Арцёма зволяць з БДУ? Напісалі пра яго ўсё - і кафедру і з якога году працуе... Арцём думае, што калі ён у АйЦі кампаніі, то губазікі па яго не пойдуць?
  • працую у БНТУ на 0,25
    25.08.2025
    1. Штатных выкладчыкаў завальваюць смеццем накшталт "звадзіць у суботу на прагляд кіно", "выйсці падзяжурыць на тэсціраванне", "сабраць подпісы ў судэнтаў пра карупцыю (перад кожнай сэсіяй)" і г.д. Прычым справаздачнасці па гэтаму смеццю дадалося. У індывідуальных планах прыкладна палова старонак - рознага кшталту выхаваўчая работа. Дурдом нейкі.
    2. Студэнты не ведаюць ніхалеры. Большасць не мае жадання вучыцца -- усё ведаюць, што адлічваць нікога не будуць, по з-за гэтага універ гуляе фінансаванне. Тых, асаблівых,каго ўсё ж адлічылі, аднаўляюць на наступны курс так хутка, што нават ваенкамат не паспявае іх захапаць.
    3. Кіраўніцтва - гэта ах. Якасць адукацыі нікога не хвалюе. Рэктар асабіста кажа на сходах, што гэта не студэнты тупыя, гэта вы ім тлумачыць ня ўмеце.
    4. Кампетэнцыі многіх выкладчыкаў - рука-твар. Старыя кадры ўжо сышлі, больш-менш талковых пазвальнялі ў 2020, набіраюць абы каго - спец.дысцыпліны часта чытаюць людзі, якія нават не вучыліся на гэтай спецыяльнасці. А часам і без інжынернай адукацыі!
    5. Практыкаў прыцягнуць нельга - за тыя грошы, што прапаноўваюць, гэта сапраўды дабрачыннасць (гл. артыкул).
    6. Навукова-даследчая частка (зараз Навукова-даследчы палітэхнічны інстытут) - ўсё сумна. Толькі ў гэтам годзе зачынілі/абядналі каля 5-7 лабараторый. Кадраў няма, бо не плоцяць. Прыбралі часовыя навуковыя калектывы, плоцяць аклады + прэміі, а гэта далёка не тыя грошы, што можна было атрымаць раней. Таму многія лабараторыі больш не супрацоўнічаюць за прадпрыемствамі, як раней. Ды і прадпрыемстывы не імкнуцца - тэндарная сістэма, больш макулатуры, чым працы.
    7. Студэнты некаторыя ў адкрытую кажуць, што пойдуць працаваць у таксісты ці яшчэ куды, дзе заробкі ў 2-3 разы большыя, чым прапануюць па спецыяльнасці.
    8. Заробкі проста смех. Проста зайдзіце на сайт з вакансіямі - з вучонай ступенню каля 1600 рублёў. (Тут, дарэчы, мая павага ВАКу - дагэтуль, як могуць, рэжуць лайно.)
    9. Ад савецкай базы амаль нічога не засталося. Пара-тройка навуковых школ, дзе людзям па 75+ гадоў, але ж здароўя яшчэ крыху ёсць. Гадоў 5 - і гудбай БНТУ, кампетэнцый нуль. Па некаторых спецыяльнасцях у каледжах (тэхнікумах) даюць больш, чым ва ўніверы.

    Прыкра, бо я нават уявіць сабе не магу, колькі рэсурсаў і часу трэба, каб гэта давесці да ўзроўню тых кампетэнцый, хаця б 2010 года. Нерэальна. Ламаць красаўцы умеюць. А адбудоўваць няма каму. Ой цяжка нам (краіне) прыйдзецца.

Цяпер чытаюць

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі39

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі

Усе навіны →
Усе навіны

Кіроўца паказаў, як праязджаць новую алмазную развязку ў Мінску. У гледачоў узніклі пытанні6

Лаўроў: Расія прызнае Зяленскага «кіраўніком рэжыму», але па Канстытуцыі ён нелегітымны12

Ізраіль нанёс удары па сталіцы Емена. Адной з цэляў быў прэзідэнцкі палац2

Чаму беларусам не варта шукаць нацыянальную ідэю95

З расійскага палону вярнулі экс-мэра Херсона, выкрадзенага расіянамі ў пачатку вайны

Беларусь і Пакістан падпішуць мемарандум аб працаўладкаванні16

КНДР выпрабавала новыя ракеты СПА. Кім Чэн Ын кантраляваў асабіста3

Як у Кіеве адзначылі Дзень Незалежнасці2

У аэрапорце Баку пасажыраў Belavia трымалі дзве гадзіны ў самалёце без вентыляцыі, але самалёт так і не паляцеў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі39

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць