Грамадства88

«Часцей за ўсё жучок ставяць недалёка ад разетак». Як сілавікі праслухоўваюць беларусаў па тэлефоне і ў кватэрах

Праслухоўкай тэлефонных размоў і ўсталёўкай жучкоў у памяшканнях ці аўтамабілях у Беларусі могуць займацца супрацоўнікі розных сілавых ведамстваў. Былы сілавік падрабязна расказаў «Нашай Ніве», як ставяць жучкі, якія размовы па тэлефоне могуць запісваць і хто ініцыяваў праслухоўванне каманды Сяргея Ціханоўскага ў 2020-м.

Ілюстратыўнае фота: LookByMedia

«У 2020-м пра наркаманаў і крадзяжы забыліся цалкам»

Аператыўнікі могуць праслухоўваць размовы як у запісе, так і ў рэжыме рэальнага часу. Акрамя МУС, права на праслухоўванне маюць таксама Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Памежны камітэт, Следчы камітэт і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Лукашэнку. Пры гэтым, напрыклад, база КДБ будзе значна адрознівацца ад базы МУС паўнатой звестак. 

Узровень, на якім ажыццяўляецца праслухоўка, залежыць ад канкрэтных абставінаў: якая структура вядзе распрацоўку, статус асобы і іншыя фактары. Напрыклад, каманду Сяргея Ціханоўскага ў 2020 годзе праслухоўвалі на ўзроўні падраздзялення Дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС, ініцыятарам быў гомельскі ГУБАЗіК.

Для праслухоўкі чалавека неабходна падстава — звычайна падазрэнне ў цяжкім злачынстве або пагроза нацыянальнай бяспецы. Таксама патрабуецца санкцыя пракурора. Аператары сувязі абавязаны даць тэхнічны доступ да тэлефонных званкоў і інтэрнэт-трафіку. Хатнія нумары тэлефонаў таксама праслухоўваюць, але нашмат радзей. У асноўным гэта нумары заводаў, прадпрыемстваў. 

Цікава, што санкцыі на праслухоўку другога чалавека (з кім размаўляе патрэбны) вельмі часта няма. Таму пры тэкставай расшыфроўцы званкоў запісваюцца словы толькі аднаго суразмоўцы.

«Да 2020 года Дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС займаўся ў асноўным непалітычнымі справамі, напрыклад, вельмі шмат слухалі закладчыкаў, карупцыянераў, злодзеяў у законе, педафілаў. Але на пачатку лютага 2020 года пайшоў паток заданняў, звязаных з пратэснай дзейнасцю, шмат з якіх былі відавочна надуманыя. Пра наркаманаў і крадзяжы забыліся цалкам. Спецыялізацыі аддзелаў перамяшаліся, усе заняліся адной тэмай — палітычнай.

Усе, хто хоць крыху з’яўляўся ў медыя, апынаўся на праслухоўцы. Яна вялася рознымі спосабамі: праз радыёканал, па тэлефоне або з дапамогай фізічнага абсталявання — жучкоў. 

Праслухоўваць галасавыя званкі наўпрост у тэлеграме і вайберы немагчыма, бо трэба ставіць спецыяльнае абсталяванне менавіта на сам тэлефон альбо камп’ютар. Нават калі ўсталёўвалі праграму на тэлефон, можна было чытаць паведамленні, але голас заставаўся недаступным», — расказвае былы сілавік. 

Ці магчыма праслухоўваць Лукашэнку?

Суразмоўца згадвае, як у 2020 годзе праслухоўвалі дырэктара аднаго прадпрыемства, якога збіраліся браць за хабар. 

«Але неяк ён абмеркаваў з кімсьці па тэлефоне, як яны фальсіфікавалі выбары. Пасля гэтага ў той жа дзень яго знялі з распрацоўкі і праслухоўвання».

Па словах суразмоўцы, даведацца, праслухоўваюць цябе ці не, немагчыма. Абсталяванне зроблена так, каб працаваць незаўважна.

Ці магчыма камусьці з супрацоўнікаў дэпартамента паслухаць размовы топ-чыноўнікаў і сям'і Лукашэнак?

«Праслухоўку проста так не ўключыць. Без санкцыі немагчыма гэта тэхнічна зрабіць», — кажа былы сілавік.

Ён дадае, што ёсць спісы «асаблівых» асоб — пры згадванні іх прозвішчаў у размовах паміж людзьмі трэба тэрмінова дакласці начальніку.

«Ведаю толькі, што ў спісе ў тым ліку былі ўсе кіруючыя асобы МУС і мясцовага УУС», — кажа суразмоўца.

Ілюстратыўнае фота: прэс-служба МУС

Асобная база тых, хто на праслухоўцы

Каб узгадніць праслухоўку канкрэтнага чалавека, трэба прайсці вялікі бюракратычны ланцужок.

Заданне на праслухоўку афармляе аперупаўнаважаны — з крымінальнага вышуку, упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, ГУБАЗіКа, службы бяспекі ці іншага профільнага падраздзялення. Пасля гэтага яго зацвярджае начальнік падраздзялення або яго намеснік. 

Далей дакумент накіроўваецца на санкцыянаванне пракурору. Пасля атрымання санкцыі заданне разам з пастановай перадаецца ў Дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці. Начальнік дэпартамента размяркоўвае заданне па аддзелах, дзе начальнікі напрамкаў перадаюць матэрыялы старшым аперупаўнаважаным на пастах.

Яны ўносяць заданне ў базу «Мегрэ», пасля чаго начальнік аддзялення рыхтуе афіцыйную заяўку ў КДБ. КДБ, атрымаўшы заяўку, уключае адпаведныя нумары на праслухоўванне. 

«Мегрэ» — гэта база даных аб тых, за кім праводзіліся калі-небудзь праслухоўванне, сачэнне і падобныя мерапрыемствы. Па кожным чалавеку база выглядае так: прозвішча, імя, імя па бацьку, нумар санкцыі пракурора, хто ініцыятар задання. У кожнага падраздзялення ёсць доступ выключна да сваёй часткі, нельга паглядзець заданне іншых. 

Якія заданні атрымліваў дэпартамент

Чым займаўся дэпартамент?

Напрыклад, на адным са стагоў сена нехта напісаў «Саша 3%». Умоўны ГУБАЗіК дасылае заданне на пошук абанентаў у гэтым месцы. Аператыўнік з дэпартамента павінен прааналізаваць даныя мабільных аператараў (МТС, A1, Life). Азначалася зона — радыус да 10 км. У горадзе гэта — дзясяткі тысяч абанентаў. Чым большая зона — тым складаней ідэнтыфікаваць канкрэтную асобу.

«Калі ёсць ключавыя пункты — камера, званок — гэта значна дапамагае ў пошуку. Дакладнасць у такіх выпадках дасягае 80%, што істотна звужае кола падазраваных», — расказвае былы сілавік.

На дзяжурстве аператыўнікі дэпартамента павінны расшыфроўваць тое, што людзі кажуць на праслухоўцы. І тут ёсць некалькі рэжымаў: першы — запісваць слова ў слова, другі — пазначаць галоўную сутнасць. Потым фармуюцца архівы і захоўваюцца ў МУС.

«Калі заходзяць, фатаграфуюць адразу памяшканне, як ляжаць рэчы»

Былы сілавік падрабязней расказаў пра тое, як ставяцца жучкі ў памяшканнях.

«Часцей за ўсё для пачатку трэба атрымаць ключы ці іх дублікат для доступу ў кватэру. Перад гэтым праводзяцца разведвальныя мерапрыемствы. Ёсць служба «Устаноўка» у дэпартаменце, спецыяльна навучаныя людзі, у асноўным жанчыны, ходзяць па суседніх адрасах і даведваюцца інфармацыю пра аб’ект. Высвятляюць, хто жыве, колькі чалавек. Паралельна ставіцца тэлефон на праслухоўванне, каб зразумець, чым чалавек жыве, з кім мае зносіны.

Ёсць таксама каманда, якая ўскрывае замкі, але гэта складана, прасцей атрымаць доступ да ключоў». 

Ілюстратыўнае фота: сацсеткі

Толькі пасля гэтых дзеянняў чалавека, якому хочуць паставіць жучок, напрыклад, выклікаюць у міліцыю па надуманай нагодзе. Калі ён прыходзіць, то яго сумку пры ўваходзе забіраюць, пасля чаго дастаюць ключы і робяць дублікат.

У большасці выпадкаў жучок імкнуцца паставіць там, дзе ёсць сетка, напрыклад, недалёка ад разеткі, каб было сілкаванне прылады і не трэба было мяняць батарэйку. Калі такога няма, то ставяць акумулятар, ён можа аўтаномна працаваць даволі доўга, сцвярджае былы сілавік.

Па яго словах, зашыфраваныя супрацоўнікі дэпартамента маюць дакументы прыкрыцця, напрыклад, пасведчанне супрацоўніка якога-небудзь завода альбо тэхнічнай службы, што дазваляла атрымліваць фізічны доступ у кватэру ці іншае памяшканне і ставіць жучок. 

«Паставіць яго можна вельмі незаўважна, таму што перад гэтым праводзіцца разведка. Калі жучок ставяць у офіс ці адміністрацыйны будынак, то выкарыстоўваецца прыкрыццё — напрыклад, заходзяць людзі ў форме і з пасведчаннем пажарных, «Белтэлекама» ці іншых нейкіх службаў.

Наколькі хуткі працэс усталёўкі, залежыць ад памеру памяшкання, ці ёсць куды схаваць абсталяванне, але звычайна гэта займае меней за гадзіну. Калі заходзяць, адразу фатаграфуюць памяшканне, як ляжаць рэчы, каб нічога не пасунуць падчас устаноўкі і не спаліцца.

Часам былі такія аб'екты, якія мелі «чуйку», — у асноўным гэта наркаманы, яны трывожныя, заўважалі ўсё: якія машыны за імі ездзяць, якія людзі ходзяць, прыходзілася мяняць часта экіпажы сачэння і абіраць спецыфічныя месцы для ўстаноўкі праслухоўвання», — расказвае былы сілавік. 

Пра ўстаноўку праслухоўкі за мяжой суразмоўца «Нашай Нівы» нічога не ведае, кажа, што прынамсі на ўзроўні дэпартамента МУС такім не займаліся.

«Пашпартам прыкрыцця не мог карыстацца»

Маюць супрацоўнікі Дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці і пашпарты прыкрыцця. Прозвішчы для гэтых пашпартоў часта бралі па дзявочай лініі маці супрацоўніка. Былы сілавік у размове з «Нашай Нівай» сцвярджае, што ніхто з іх ніколі не бачыў сваіх фізічных пашпартоў прыкрыцця. 

«Пашпартамі прыкрыцця займаюцца кадравікі ці чалавек, які знаходзіцца на пасадзе ў легендзіраванай арганізацыі. Я гэтым пашпартам карыстацца ніяк не мог, ён у асабістай справе захоўваўся, як мне расказвалі. Па загадзе павінен быць, а навошта — без паняцця. Мы фатаграфаваліся на дакументы прыкрыцця (такія як, напрыклад, пасведчанне супрацоўніка «Белтэлекама), але не ведалі, што фоты бяруцца яшчэ і на пашпарт прыкрыцця».

Пра існаванне гэтых пашпартоў было строга забаронена расказваць нават блізкім сваякам. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары8

  • наВОШта
    12.08.2025
    Калі? , навошта, каб мы даведаліся, колькі было пашпартоў прыкрыцця ў Мельнікавай?
  • Абу
    12.08.2025
    Суч'я праца - усё жыццё падглядаць, падслухоўваць, усмоўжвацца ў чужыя кватэры...
  • Жвір
    12.08.2025
    Абу, :)) Вельмі трапна !

Цяпер чытаюць

«Часцей за ўсё жучок ставяць недалёка ад разетак». Як сілавікі праслухоўваюць беларусаў па тэлефоне і ў кватэрах8

«Часцей за ўсё жучок ставяць недалёка ад разетак». Як сілавікі праслухоўваюць беларусаў па тэлефоне і ў кватэрах

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус паказаў гіганцкую колькасць буслоў у адным месцы ВІДЭА1

Трамп заявіў, што ў пятніцу «паедзе ў Расію»5

«На іх ужо ніхто не рэагуе». Беларусы расказалі, ці працуе цяпер схема перасадкі ў іншыя аўтобусы, каб хутчэй прайсці мяжу1

Азербайджан і Арменія апублікавалі праект мірнай дамовы паміж дзвюма краінамі

Парушальнікам закона на канцэрце Каржа ў Варшаве можа пагражаць дэпартацыя21

Жанчына знайшла ў лесе пад Віцебскам «зуб д'ябла»

На Лепельшчыне рэабілітавалі бабра, які нібыта высушыў цэлае возера6

На трасе пад Мінскам кіроўца збіў маладога трыятланіста і ўцёк, пакінуўшы хлопца паміраць12

Мабільны аператар абвясціў пра «маштабныя работы» па паляпшэнні сувязі ў дзвюх абласцях1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Часцей за ўсё жучок ставяць недалёка ад разетак». Як сілавікі праслухоўваюць беларусаў па тэлефоне і ў кватэрах8

«Часцей за ўсё жучок ставяць недалёка ад разетак». Як сілавікі праслухоўваюць беларусаў па тэлефоне і ў кватэрах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць