Наперадзе толькі Тэйлар Свіфт і Jay-Z.

Правы на песні іншых выканаўцаў, даходы ад The Beatles і гастроляў прынеслі Полу Макартні $1,4 млрд. Яго апярэджваюць толькі Jay-Z і Тэйлар Свіфт, піша Forbes.
84‑гадовы Макартні саступае толькі рэперу Jay-Z, стан якога Forbes ацэньвае ў $2,8 млрд, і спявачцы Тэйлар Свіфт з $2 млрд.
Асновай бізнэсу Макартні стала кампанія MPL Communications, заснаваная ў 1969 годзе, незадоўга да распаду The Beatles. Яна дазволіла Макартні кантраляваць правы на творы і запісы сваёй сольнай кар'еры і атрымліваць значную частку даходаў ад іх. Музыкант таксама пачаў набываць правы на чужыя песні задоўга да таго, як музычныя каталогі сталі папулярным інвестыцыйным актывам.
«Праз шэсць дзесяцігоддзяў пасля таго, як Макартні спяваў, што не надта клапоціцца пра грошы і, магчыма, не можа шмат чаго даць, ён, выконваючы песні, падаючы ў суд і сустрэчныя пазовы, гастралюючы і ўпарта працуючы, назапасіў багацце ў $1,4 млрд.
Але на працягу многіх гадоў ён зарабляў на The Beatles значна менш, чым можна было б меркаваць, і значна больш — на выканаўцах, ад якіх гэтага можна было б не чакаць. Гэта класічная гісторыя пра тое, як мастацтва і камерцыя могуць пераплятацца», — адзначае Forbes.
Каментары