Спорт22

Тадэй Пагачар: велавундэркінд з маленькай славянскай краіны, які не мае сабе роўных

Падлеткам ён паабяцаў сабе праехаць «Тур дэ Франс». І не толькі праехаў, а тройчы яго выйграў, стаўшы легендай сусветнага веласпорту. З маленькага славенскага гарадка хлопец узняўся на вяршыню спартыўнай славы і атрымаў кантракт на 50 мільёнаў еўра.

Тадэй Пагачар, трохразовы пераможца «Тур дэ Франс». Фота AP Photo / Thibault Camus

У гэтую пятніцу, 18 ліпеня, на «Тур дэ Франс» прайшоў 13-ы этап — індывідуальная гонка на час з пад’ёмам пад гару. Гэта першы за апошнія 20 гадоў «горны» этап у такім фармаце: раварыстам давялося пераадолець складаную трасу з агульным наборам вышыні 650 метраў, што зрабіла этап сапраўдным выпрабаваннем для лідараў гонкі.

І яго выйграў 26-гадовы шчупленькі славенец Тадэй Пагачар, які апярэдзіў галоўнага саперніка, датчаніна Ёнаса Вінгегора, на 36 секундаў. Гэта ўжо чацвёртая перамога Пагачара на сёлетнім «Туры». Дзякуючы гэтаму выніку ён яшчэ мацней замацаваў сваё лідарства ў агульным заліку і цяпер апярэджвае Вінгегора на 4 хвіліны 7 секунд.

Расказваем, што вядома пра гэтага велавундэркінда.

Тадэй Пагачар нарадзіўся ў маленькім гарадку Каменда (Komenda), што за 20 кіламетраў ад сталіцы 2-мільённай Славеніі — горада Любляны.

Ён адзін з чатырох дзяцей настаўніцы французскай мовы Мар'еты і дырэктара мэблевай фабрыкі Міркі Пагачараў. Адметна, што хлопчык спачатку займаўся футболам, але ў 9 гадоў разам са старэйшым братам пераключыўся на веласпорт.

Першым і адзіным веласіпедным клубам, у якім Пагачар быў да таго, як стаць прафесіяналам, стаў KD Rog Ljubljana (з 2019 года — Ljubljana Gusto Xaurum), сябрам якога ён стаў у 9 гадоў — у 2007 годзе.

 Tadej Pogacar Тадэй Пагачар Тадей Погачар
Тадэй Пагачар у дзяцінстве. Фота: сямейны архіў / cyclingweekly.com

Першы трэнер спартоўца ў інтэрв’ю выданню Cycling Weekly ўспамінае, што свае здольнасці Тадэй прадэманстраваў ужо ў 11 гадоў, калі ў гонцы пераадолеў пад'ём да гарналыжнай станцыі Крвавец (Krvavec) — 11,7 кіламетраў з нахілам 8,3 %.

А маці Мар'ета адзначае, што сын «пад гару едзе хутчэй, чым мы спускаемся».

Па яе словах, для Тадэя веласпорт стаў найважнейшай справай у свеце. Нават свае кішэнныя грошы ён траціў на акуляры ад сонца, шкарпэткі ці колы. Калі яму было 12 гадоў, ён атрымліваў 5 або 10 еўра за перамогі ў гонках. Сума павялічвалася па меры яго сталення, і неўзабаве хлопец ужо мог дазволіць сабе ўсё, што хацеў.

Калі Тадэю было 14, ён сказаў сваім бацькам, што хоча праехаць «Тур дэ Франс» і што зробіць усё дзеля гэтай мэты. Яны спрабавалі адгаварыць яго, бо хацелі, каб сын нармальна скончыў сярэднюю школу і меў звычайную прафесію.

«Але школа не мела для яго вялікага значэння. Калі яму трэба было выбіраць навучальную праграму ў старэйшай школе, ён выбраў машынабудаванне, бо там самая простая праграма», — адзначае Мар’ета.

Шлях на спартыўны Алімп

Паводле слоў маці, за ўсе школьныя гады Тадэй толькі раз ці два схадзіў на вечарынкі з сябрамі. Яму вечна не было калі, увесь час займалі трэніроўкі.

«Ён заўсёды казаў: «У мяне гонка, трэба трэніравацца, я не магу». Алкаголю амаль не ўжываў. Ён быў цалкам засяроджаны на веласпорце», — успамінае маці.

У 2016 годзе Тадэй выйграў юнацкі чэмпіянат Славеніі ў гонцы з раздзельнага старту, гонку «Джыра дэля Луніджана» і заваяваў бронзу юнацкага чэмпіянату Еўропы ў групавой гонцы.

У 2018 годзе Пагачар зрабіў на чэмпіянаце Славеніі U23 залаты дубль — стаў чэмпіёнам як у групавой гонцы, так і ў гонцы з раздзельнага старту. Акрамя таго, ён здабыў яшчэ шэраг перамог, у тым ліку на шматдзённым «Тур дэ ль’Авэнір», у якім традыцыйна ўдзельнічаюць найлепшыя маладыя велагоншчыкі планеты.

З 2019 года веласіпедыст пачаў выступаць за каманду з ААЭ Team Emirates і ўжо на наступны год перамог на «Тур дэ Франс» і заваяваў першы для Славеніі алімпійскі медаль у веласпорце на гульнях у Токіа — бронзу ў шашэйнай гонцы. У 2021 годзе ён ізноў стаў пераможцам «Тур дэ Франс». 

 Tadej Pogacar Тадэй Пагачар Тадей Погачар
Тадэй Пагачар пасля перамогі на «Тур дэ Франс» у 2021 годзе разам з бацькам Міркам і мамай Мар’етай, а таксама сястрой Вітай. Фота: Jean Catuffe / Getty Images

Мінулы год стаў для славенскага гоншчыка самым паспяховым у кар’еры. Акрамя трэцяй перамогі ў «Тур дэ Франс», ён таксама выйграў шматдзёнку «Джыра д’Італія» і групавую гонку на чэмпіянаце свету, што дазволіла яму стаць толькі трэцім у гісторыі спартоўцам, які заваяваў Трайную карону веласпорту.

«Дзеці плачуць, калі робяць сэлфі з ім, увесь народ адкрыў для сябе веласпорт, будуюцца трасы і веладромы, ён зрабіў веласпорт нацыянальным відам спорту», — кажа кіраўнік каманды Team Emirates Маўра Джанэці пра ролю Тадэя Пагачара ў развіцці веласпорту ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах.

Кантракт на 50 мільёнаў і дабрачыннасць

Як піша Forbes, цяпер любы спонсарскі кантракт з Пагачарам складае не менш за €500 000, хоць яшчэ ў 2020 годзе пасля яго першай перамогі на «Тур дэ Франс» сума была €25 000.

Паводле інфармацыі Gazzetta Dello Sport, каманда Team Emirates падоўжыла з ім кантракт да 2030 года, і агульная сума гэтай дамовы дасягнула 50 мільёнаў еўра за шэсць гадоў.

Пры гэтым, як паведамляе італьянскае выданне, у кантракце прапісаная астранамічная сума адступных — больш за 200 мільёнаў долараў, што робіць сыход гоншчыка да 2030 года практычна немагчымым.

 Tadej Pogacar Тадэй Пагачар Тадей Погачар
Тадэй Пагачар на «Тур дэ Франс» у 2021 годзе. Фота: Michael Steele / Getty Images

Пры гэтым, як піша Forbes, значную частку сваіх даходаў Тадэй Пагачар траціць на дабрачыннасць. Ён ужо некалькі гадоў цалкам фінансуе Pogi Team — каманду маладых гоншчыкаў сваёй старой каманды Ljubljana Gusto Xaurum. Нядаўна таксама быў адкрыты «Фонд Тадэя Пагачара» для ахвяр стыхійных бедстваў і хворых дзяцей.

Цяпер Пагачар жыве ў Манака са сваёй нявестай, славенскай веласіпедысткай Уршкай Жыгарт, з якой ён заручыўся яшчэ зусім маладым, у верасні 2021 года.

Каментары2

  • Можа
    19.07.2025
    падьемам у гару?
  • Шрэк
    19.07.2025
    Ровары таксама не роўныя тым, што былі ў часы Эдзі Меркса.
    Але Тадэй жывая легенда.

Цяпер чытаюць

Абрынуліся руіны папулярнай у турыстаў сядзібы. Раней чыноўнікі адмовіліся яе выратоўваць — прычына можа здзівіць5

Абрынуліся руіны папулярнай у турыстаў сядзібы. Раней чыноўнікі адмовіліся яе выратоўваць — прычына можа здзівіць

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуская гандбалістка будзе гуляць за зборную Румыніі

Для беларускага фестывалю вырабілі трохметровы хот-дог ФОТАФАКТ9

Мясаедская дыета — у якіх выпадках яна дапамагае3

У Польшчы знайшлі вялікае радовішча нафты і прыроднага газу16

Германія перадасць Украіне пяць сістэм Patriot

ЗША вярнулі ў Вялікабрытанію сваю ядзерную зброю2

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» ютуб-канал найбольшага партала Літвы4

«У жыцці кожнага чалавека ёсць учынкі, што не дадаюць яму гонару». Стрыжак пракаментаваў абвінавачанне ў рассыланні дыкпікаў38

Некалькі актывістак абвінавацілі Стрыжака: высылаў ім дыкпікі59

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Абрынуліся руіны папулярнай у турыстаў сядзібы. Раней чыноўнікі адмовіліся яе выратоўваць — прычына можа здзівіць5

Абрынуліся руіны папулярнай у турыстаў сядзібы. Раней чыноўнікі адмовіліся яе выратоўваць — прычына можа здзівіць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць