Свет

«Юля — не пра грошы». Урад Украіны ўзначаліць жанчына

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ініцыяваў значныя перастаноўкі ва ўрадзе Украіны. На пасаду кіраўніка Кабінета міністраў ён прапанаваў цяперашнюю віцэ-прэм'ерку Юлію Свірыдзенка. Расказваем, што пра яе вядома і чым яна адрозніваецца ад папярэднікаў.

Yulia Svyrydenko Юлия Свириденко Юлія Свірыдзенка
Юлія Свірыдзенка на форуме «Украіна. Год 2025», прысвечаным трэцяй гадавіне паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Photo by Viktor Kovalchuk / Global Images Ukraine via Getty Images

Юліі Свірыдзенка 39 гадоў. Яна нарадзілася 25 снежня 1985 года ў Чарнігаве ў сям'і дзяржаўных служачых. Яе бацька працаваў у Чарнігаўскім аддзяленні Антыманапольнага камітэта Украіны, а маці займала пасаду ў абласной радзе.

У 2008 годзе Юлія скончыла Кіеўскі нацыянальны гандлёва-эканамічны ўніверсітэт (цяпер Дзяржаўны гандлёва-эканамічны ўніверсітэт), атрымала ступень магістра па спецыяльнасці «менеджмент антыманапольнай дзейнасці». Пасля яна адвучылася ў аспірантуры таго ж універсітэта па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне нацыянальнай гаспадаркай».

Першым месцам працы Свірыдзенка стала пасада фінансавага эканаміста ў сумесным украінска-андорскім прадпрыемстве ААТ «АМП» (Кіеў), якое працавала ў сектары нерухомасці.

З 2011 года яна ўзначаліла пастаяннае прадстаўніцтва Чарнігава ў горадзе Усі (Кітай). На гэтай пасадзе Свірыдзенка адказвала за прыцягненне кітайскіх інвестыцый.

Як пішуць СМІ, менавіта ў Кітаі адбылося знаёмства Свірыдзенка з бізнэсменам і дэпутатам Чарнігаўскай абласной рады Валерыем Кулічом, які прыязджаў у Кітай у складзе дэлегацыі прадстаўнікоў бізнэсу і чыноўнікаў. 

Уладзімір Зяленскі і Юлія Свірыдзенка 14 ліпеня 2025 года. Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

«Юля — не пра грошы»

У 2015 годзе, калі Куліч стаў кіраўніком Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, ён запрасіў Свірыдзенка на пасаду свайго дарадцы. Пазней яна ўзначаліла ўпраўленне эканамічнага развіцця, затым — стала першым намеснікам, а з ліпеня 2018 года ўжо выконвала абавязкі кіраўніка адміністрацыі.

За перыяд працы ў Чарнігаве Свірыдзенка прайшла стажыроўкі ў Германіі і Швецыі. Такім чынам, яна ўяўляе нячасты прыклад чыноўніка, знаёмага і з кітайскай, і з еўрапейскай сістэмамі.

Свірыдзенка ганарылася тым, што за час яе працы ў абласной дзяржаўнай адміністрацыі Чарнігаўская вобласць атрымала больш за 340 мільёнаў долараў прамых замежных інвестыцый, што складае большую частку ад агульнай сумы (430 мільёнаў долараў). Пры ёй у 2017 годзе Чарнігаўская вобласць заняла першае месца ва Украіне па тэмпах росту інвестыцый.

Як піша «Украінская праўда», адзін чарнігаўскі чыноўнік не пад запіс успамінае, што Свірыдзенка на пасадзе в.а. кіраўніцы адміністрацыі працавала ледзь не ў кругласутачным рэжыме, каб зарэкамендаваць сабе перад уладамі ў Кіеве.

«Свірідзенка тады была неканфліктнай і некарумпаванай. Пра яе заўсёды казалі: «Юля — не пра грошы». Звычайна ўсе намеснікі кіраўнікоў адміністрацыі імкнуліся прасоўваць сваіх падрадчыкаў або кампаніі, а Юля — не», — падзяліўся з выданнем сваімі ўспамінамі адзін з чарнігаўскіх чыноўнікаў.

Пры гэтым у Адміністрацыі тагачаснага прэзідэнта Пятра Парашэнкі нават не разглядалі варыянта аддаць ёй вакантную пасаду.

У выніку ў лістападзе 2018 года жанчына пайшла з дзяржслужбы і нейкі час працавала ў адной са структур свайго былога кіраўніка Валерыя Куліча — дырэктарам сумеснага з эстонцамі прадпрыемства «Сідко Украіна», якое спецыялізуецца на вытворчасці кармоў для жывёл і дзікіх птушак і займаецца перапрацоўкай арганічнай прадукцыі.

Тады Свірыдзенка давялося кіраваць прыблізна сотняй людзей і каардынаваць вытворчасць прыкладна 20 тысяч тон прадукцыі на год.

Ва ўрад Украіны яна прыйшла ў верасні 2019 года на пасаду намесніка міністра эканамічнага развіцця, гандлю і сельскай гаспадаркі Украіны, а ў ліпені наступнага года ўжо стала першай намесніцай гэтага міністра. А ўжо ў снежні 2020-га стала намесніцай кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны, адказнай за эканамічныя пытанні. На гэтай пасадзе яна прапрацавала амаль год — да лістапада 2021 года, калі Уладзімір Зяленскі прызначыў яе першай віцэ-прэм'еркай і міністаркай эканомікі.

У 2020 і 2021 гадах Свірыдзенка рэпрэзентавала ўкраінскі бок і ў працоўнай падгрупе па сацыяльна-эканамічных пытаннях Кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту ў Данбасе — тады як намесніца кіраўніка Офіса прэзідэнта.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, у 2022 годзе, на Свірыдзенка лягла задача ўтрымання эканомікі краіны ва ўмовах вайны. 

Таксама ў сферу адказнасці Свірыдзенка ўвайшлі пошукі міжнароднай дапамогі. У складзе ўкраінскай дэлегацыі яна некалькі разоў брала ўдзел у перамовах са Злучанымі Штатамі. У красавіку гэтага года чыноўніца рэпрэзентавала Украіну на падпісанні далікатнага пагаднення па прыродных рэсурсах з ЗША.

Уладзімір Зяленскі і Юлія Свірыдзенка 14 ліпеня 2025 года. Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Абсалютны музычны слых, які дапамагае будаваць кар'еру

Як піша «Украінская праўда», Юлія Свірыдзенка мае абсалютны музычны слых. Калі б трэба было вызначыць сакрэт яе кар'ернага поспеху, то яго квінтэсенцыяй было б якраз гэтае ўменне — ледзь не імгненна аднаўляць, улоўліваць задачу з паўслова і адразу прадукаваць варыянты рашэння.

Такое ўменне ўжо не раз, быццам «магічная палачка», змяняла атмасферу сустрэч і прычароўвала замежныя дэлегацыі ў ходзе перамоваў. 

«Юлія мае навыкі хуткага рэагавання. Большасць людзей, калі атрымліваюць новую задачу, патрабуюць гадзіны, каб падумаць над яе рашэннем. (…) Юлія зусім не адкладае справаў на потым. І яшчэ яна здольная праводзіць сустрэчы і нарады без канфліктаў», — характарызуе жанчыну на ўмовах ананімнасці адзін з чыноўнікаў.

Гэты ж навык, як сцвярджаюць журналісты, дапамог жанчыне хутка прасоўвацца па кар'ернай лесвіцы. 

«Юля ніколі не становілася ў позу на нарадах і заўсёды ішла рабіць тое, што сказаў прэзідэнт. Нават калі яно ёй не падабалася, нікому не падабалася — але прэзідэнт сказаў — значыць, трэба», прыгадваў не пад запіс адзін з былых калег Свірыдзенка.

Свірыдзенка запомнілася сваім нязменным нататнікам, куды дэталёва натавала ідэі прэзідэнта, кіраўніка ОП і прэм'ера. 

У той жа час, уменне лавіць мелодыю адначасова з'яўляецца і слабасцю жанчыны. Бо для таго, каб прайграць мелодыю, трэба, каб хтосьці яе ствараў. 

Свірыдзенка заўсёды была цудоўнай выканаўцай, але гэтак жа заўсёды мела над сабою нейкую вышэйшую інстанцыю — начальніка, які генеруе задачы.

Што вядома пра сям'ю Юліі Свірыдзенка

У той жа час, як пішуць СМІ, у людзей, якім даводзілася працаваць са Свірыдзенка, склалася ўражанне, што яна не прызвычаеная да крытыкі. Заўсёды быў нехта над ёю, хто забіраў асноўную масу хейту на сабе. Яна дагэтуль балюча рэагуе на крытыку, можа сварыцца і абражацца на людзей за пасты ў сацсетках.

Найбольшы страх Свірыдзенка, як сцвярджаюць яе сябры, — гэта што людзі будуць абмяркоўваць яе малодшага брата, які незадоўга да пачатку вялікай вайны выехаў з Украіны, дэманстратыўна адрокся мандата дэпутата Чарнігаўскай абласной рады ад партыі «Слуга народа» і цяпер жыве сабе ў Лондане — у кватэры і доме, набытых ужо пасля ўварвання.

Вядома, што Свірыдзенка замужам, гадуе дачку Сафію. Муж чыноўніцы валодае дзвюма кампаніямі, якія займаюцца будаўніцтвам, рамонтам, тэлекамунікацыямі і абслугоўваннем сетак сувязі.

Уладзімір Зяленскі і Юлія Свірыдзенка 14 ліпеня 2025 года. Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Для Уладзіміра Зяленскага характэрны выбар у якасці прэм'ер-міністра тэхнакратаў, людзей не з топ-абоймы і тым больш не прафесійных палітыкаў. Першым яго прэм'ерам быў 35-гадовы эканаміст Аляксей Ганчарук, з ім Зяленскі адпрацаваў нядоўга. Другім стаў 45-гадовы Дзяніс Шмыгаль, які займаў пасаду пяць гадоў.

39-гадовая Юлія Свірыдзенка, з аднаго боку, упісваецца ў гэты ж шэраг, але досведу ў яе нашмат больш — як і ў самога прэзідэнта цяпер. Тым больш што кожны ваенны год можна смела лічыць за пяць.

Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну12

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну

Усе навіны →
Усе навіны

Што цяпер з крамамі «Востраў чысціні»?1

Выйшаў на свабоду былы топ-журналіст АНТ Дзмітрый Семчанка11

«СЕО прыходзіў п'яным». Чаму людзі не сыходзяць з месцаў, дзе перасталі плаціць2

Беспрацоўных ужо выклікаюць у міліцыю позвамі — чаму гэта незаконна7

ГУБАЗіК сфатаграфаваў затрыманых з падробленымі пашпартамі Новай Беларусі21

ГУБАЗіК заявіў пра затрыманне двух магілёўцаў: нібыта яны ехалі ў краіну з пашпартамі Новай Беларусі15

Ад чаявання з абаранкамі да песень пра «герояў СВА». Як Рускі дом прыносіць у Гродна рускі свет17

Беларускі верталёт Мі-24 збіў расійскі беспілотнік, які ляцеў ва Украіну8

Забойства палкоўніка СБУ ў Кіеве здзейснілі грамадзяне Азербайджана6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну12

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць