Свет1111

Як Кітай зрабіў рывок у зялёнай эканоміцы, пакінуўшы Еўропу далёка ззаду

За 15 гадоў Кітай стаў вядучай сусветнай дзяржавай у галіне зялёнай энергетыкі, значна перагнаўшы еўрапейцаў. Сёння Кітай кантралюе 80% сусветнай вытворчасці сонечных панэляў, 60% — ветравых установак, будуе палову ўсіх дзеючых у свеце атамных рэактараў і займае каля 70% рынку батарэй для электратранспарту, піша Le Monde. Як гэта атрымалася і ці ў стане яго дагнаць Еўропа?

На гары ў Цзіньхуа (правінцыя Чжэцзян) усталявана больш за 60 тысяч сонечных панэляў. Фота: CFOTO / Future Publishing via Getty Images

Хаця Кітай па-ранейшаму застаецца галоўнай у свеце крыніцай выкідаў парніковых газаў, ён выбудоўвае самую вялікую і комплексную сістэму аднаўляльнай энергетыкі. Сонечныя панэлі і ветравыя ўстаноўкі сёння з'яўляюцца часткай ландшафту краіны.

Толькі са студзеня па май 2024 года ў Кітаі ўвялі ў эксплуатацыю 198 ГВт новых магутнасцей сонечных панэляў — амаль столькі, колькі складае сукупная магутнасць гэтай крыніцы энергіі ў ЗША (239 ГВт). Такім чынам Кітай ужо пераадолеў планку ў 1 000 ГВт, у той час як увесь Еўрапейскі Саюз на канец мінулага года меў 338 ГВт.

Перамены праз экалагічны крызіс

Яшчэ ў пачатку 2010-х вугаль дамінаваў у энергетыцы Кітая, колькасць аўтамабіляў з бензінавымі рухавікамі імкліва расла, а паветра ў Пекіне было настолькі забруджаным, што ўлады ацэньвалі штогадовую смяротнасць ад яго ўздзеяння ў 1,2 мільёна чалавек.

Ахова навакольнага асяроддзя стала адным з прыярытэтаў дзяржаўных пяцігадовых планаў. У чарговай пяцігодцы (2011—2015) пачалася маштабная праграма дэсульфізацыі дымавых газаў вугальных электрастанцый, якія ў значнай ступені адказныя за кіслотныя дажджы і дробныя цвёрдыя часцінкі ў паветры.

Паралельна краіна пачала будаваць лініі электраперадачы звышвысокага напружання, каб транспартаваць зялёную электраэнергію з сухіх і сонечных заходніх рэгіёнаў у індустрыяльныя цэнтры на ўзбярэжжы.

Пекін заклікаў сельскія правінцыі ўключацца ў зялёны пераход, і тыя ўбачылі ў гэтым шанец на эканамічнае адраджэнне. Так, кампанія Sungrow з маларазвітай на той час правінцыі Аньхой у 2010-х стала другім у свеце вытворцам інвертараў (пасля Huawei) — абсталявання, неабходнага для перапрацоўкі электраэнергіі ад сонечных панэляў. Кампанія вырасла дзякуючы буйным кантрактам на будаўніцтва сонечных ферм па ўсёй краіне і праграме электрыфікацыі аддаленых вёсак.

У 2020 годзе ўлады Аньхоя запрасілі ў рэгіён вядомага шанхайскага вытворцу электрамабіляў кампанію Nio, якая ў той час знаходзілася на грані банкруцтва. Узамен на інвестыцыйную дапамогу, што складала 800 мільёнаў еўра, Nio пагадзілася пабудаваць у сталіцы правінцыі — горадзе Хэфэй — аўтаматызаваны завод, аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, у тым ліку робатамі нямецкай вытворчасці. Хоць кампанія ўсё яшчэ працуе са стратамі, яна рэгулярна атрымлівае падтрымку з мясцовага бюджэту.

Жорсткая канкурэнцыя як рухавік «зялёнага пераходу»

Па ўсёй тэрыторыі Кітая дзякуючы актыўнай падтрымцы з боку мясцовых уладаў узнікаюць новыя вытворцы электрамабіляў: Li Auto, XPeng, Leapmotor. Аднак не ўсе выжываюць — як, напрыклад, Neta з правінцыі Цзянсі, якая ў чэрвені абвясціла аб банкруцтве.

Падобныя праблемы перажываюць і вытворцы сонечных панэляў. Найбуйнейшыя карпарацыі пастаянна зніжаюць цэны, што стварае невыносныя ўмовы для меншых гульцоў на рынку.

Але кітайскія ўлады свядома ідуць на гэта, бо лічаць, што менавіта вялізны аб’ём вытворчасці дазваляе зрабіць зялёныя тэхналогіі даступнымі для ўсяго свету. Унутраная канкурэнцыя стымулюе інтэнсіўныя інавацыі, зніжэнне сабекошту і павышэнне эфектыўнасці прадуктаў.

Сёння Кітай кантралюе 80% сусветнай вытворчасці сонечных панэляў, 60% — ветравых установак, будуе палову ўсіх дзеючых у свеце атамных рэактараў і займае каля 70% рынку батарэй для электратранспарту. Найбуйнейшыя гульцы — кампаніі CATL і BYD — змагаюцца за стварэнне батарэй, якія зараджаюцца за 5 хвілін.

Сваю гегемонію ў гэтай галіне Кітай выбудоўвае па ўсёй вытворчай вертыкалі: ад глабальных інвестыцый у здабычу сыравіны да выпуску канчатковых тэхналагічных прадуктаў. Дзяржава падтрымлівае сістэму субсідыямі і доўгатэрміновым планаваннем.

На фоне застою рынку нерухомасці і слабой унутранай спажывецкай актыўнасці Пекін бачыць у зялёных і лічбавых тэхналогіях адказ на крызіс традыцыйнай мадэлі росту. У 2024 годзе гэтыя сектары раслі ў тры разы хутчэй, чым астатняя эканоміка, і прынеслі Кітаю больш за 1 600 мільярдаў еўра ВУП — што эквівалентна памеру ўсёй эканомікі Іспаніі.

Ці стане зніжэнне выкідаў рэальнасцю?

Паводле прафесара кліматычнай палітыкі Цзян Кэжуна з Ганконгскага ўніверсітэта навукі і тэхналогій, рухавіком зялёнага пераходу ў Кітаі цяпер стала не столькі палітыка, колькі рынак. Нават сем’і з невысокім даходам могуць сёння дазволіць сабе электрамабіль, а кошт устаноўкі сонечных панэляў або ветравых турбін стаў таннейшым, чым будаўніцтва новых вугальных або газавых станцый.

Аднак, нягледзячы на тое, што Кітай у апошнія гады ператварыўся ў мегадзяржаву зялёных тэхналогій, здольную забяспечваць імі ўвесь свет, у 2024 годзе краіна выкінула ў атмасферу 12 мільярдаў тон CO₂, што складае 30% глабальных выкідаў, хоць насельніцтва Кітая складае 18% планеты.

Доля вугалю ў энергаспажыванні зменшылася з 70% у 2010 да 58% у 2024 годзе, але Кітай усё яшчэ спальвае яго больш, чым увесь астатні свет разам. Але 80% росту попыту на электраэнергію ўжо пакрываецца з «чыстых» крыніц.

Пекін абяцае дасягнуць піку выкідаў да 2030 года, а вугляроднай нейтральнасці — да 2060-га. Даследаванне, праведзенае Хельсінкскім Цэнтрам даследаванняў у галіне энергіі і чыстага паветра, паказала, што ў сакавіку 2025 года выкіды ў Кітаі ўпалі на 1% за год.

Еўропа губляе пазіцыі

Аднак дамінаванне Кітая ў сферы зялёнай эканомікі востра адчуваецца на міжнародным узроўні. Пекін заяўляе, што робіць сваю частку працы, асабліва ў тых сектарах, якія доўга ігнараваліся Захадам — напрыклад, у вытворчасці батарэй. У адказ на крытыку, асабліва з боку Еўрапейскага саюза, што кітайскія субсідыі знішчаюць працоўныя месцы ў іншых краінах, Кітай сцвярджае, што ён робіць пераход магчымым для ўсіх.

Тым часам ЗША закрываюць свае рынкі — адміністрацыя Джо Байдэна ўвяла 100% мыта на кітайскія электрамабілі, а адміністрацыя Дональд Трампа развальвае кліматычную палітыку.

У такіх умовах Еўропа апынулася на пярэднім рубяжы глабальнай канкурэнцыі з Кітаем і пакуль не ўсведамляе, наколькі цяжка — а можа, і наогул немагчыма — будзе пераадолець прамысловае і тэхналагічнае адставанне ад Паднябеснай, якая імкліва рухаецца наперад.

Як тлумачыць Цзян Кэжун, Еўропа цяпер апынулася ў такой самай сітуацыі, у якой 20-30 гадоў таму быў Кітай, калі спрабаваў дагнаць Захад у вытворчасці аўтамабіляў з бензінавымі рухавікамі. Тады Пекін патрабаваў ад замежных кампаній ствараць сумесныя прадпрыемствы з мясцовымі вытворцамі, каб атрымаць доступ да тэхналогій і развіваць уласную індустрыю.

Сёння, кажа Цзян, Еўропе варта дзейнічаць падобна, калі яна хоча абараніць мясцовыя рабочыя месцы. Гэта можа стаць адным з нешматлікіх інструментаў, каб стрымліваць тэхналагічнае адставанне.

Каментары11

  • Александр
    15.07.2025
    Хорошая статья.
    Беларусь, не обладающая богатыми природными энергоресурсами, должна обеспечивать себя на 100% такой энергией а излишки продавать.
    Вопрос времени-чем раньше тем лучше.
  • We’re doing coal!
    15.07.2025
    А геній з Вашынгтона вырашыў перавесці краіну на вугаль! Бо праекты па сонечнай энергіі ugly as hell! Ха-ха.
  • Robert Schuman
    15.07.2025
    Кітай - гэта адна з самых ці самая брудная дзяржава ў плане забруджвання. У той самы час дзяржавы ЕЗ адказныя толькі за пару % сусветнага забруджвання, але самі забіваюць сябе залёным ладам і іншымі ідэалагічнымі абмежаваннямі, якія забіваюць нармальнае эканамічнае развіццё.

    У еўрапейскай прэсе шмат пішацца на гэты конт, пра зялёнае шаленства, якое забівае Еўропу, асабліва ў час неабходнасці рэіндустрыялізацыі і ўзбраення. Шкада, што НН не лічыць патрэбным данесці пра гэта беларускім чытачам.

Дзяржаўныя сацыёлагі: Беларусы найперш звязваюць сваю дзяржаўнасць з Вялікім Княствам Літоўскім23

Дзяржаўныя сацыёлагі: Беларусы найперш звязваюць сваю дзяржаўнасць з Вялікім Княствам Літоўскім

Усе навіны →
Усе навіны

Як ідзе рамонт моста на праспекце Незалежнасці ФОТЫ1

У Літве хочуць стварыць дронавую заслону на мяжы з Беларуссю1

«Патэлефануйце Пуціну»: Рутэ папярэдзіў Кітай, Індыю і Бразілію пра другасныя санкцыі3

У парку Чалюскінцаў з’явіцца «Вежа свабоднага падзення»2

Мядзведзеў пра ўльтыматум Трампа: Расіі ўсе роўна8

«Адзін глядзеў тэлефон, другі размаўляў, а трэці ў баку назіраў». Як цяпер праводзяць допыты на мяжы Беларусі з ЕС18

Трампа спыталі, ці ён усё яшчэ лічыць НАТА састарэлай арганізацыяй

Пакалечаная ў Дубаі ўкраінская мадэль пачала гаварыць34

«Напрамак сусветнага ўзроўню». Курорт у Паўночнай Карэі будавалі, каб адкрыць КНДР свету, але пакуль і расіяне не хочуць ехаць8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзяржаўныя сацыёлагі: Беларусы найперш звязваюць сваю дзяржаўнасць з Вялікім Княствам Літоўскім23

Дзяржаўныя сацыёлагі: Беларусы найперш звязваюць сваю дзяржаўнасць з Вялікім Княствам Літоўскім

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць