Уладальнік «наймацнейшай аўры». Як танец на лодцы стаў інтэрнэт-сенсацыяй і галоўным танцам лета
Галоўны танец гэтага лета нечакана з’явіўся дзякуючы талісман у інданезійскіх весляроў — хлопчыку, які падчас спаборніцтваў танчыць на носе лодкі. Чаму ўвесь свет вывучае ягоныя рухі, а сярод прыхільнікаў — зоркі спорту, піша Бі-бі-сі.

Падчас традыцыйных спаборніцтваў па веславанні Pacu Jalur у Інданезіі на носе лодак стаяць хлопчыкі, якія рытмічна рухаюцца. Іхняя задача — падтрымліваць баявы дух каманды і прыносіць ёй удачу.
Гонкі шмат стагоддзяў былі лакальнай падзеяй, але на пачатку гэтага лета пра іх даведаліся мільёны людзей з розных краін.
Дзякуючы відэа пад гукі хіта рэпера Melly Mike, рухі аднаго з маладых інданезійцаў цяпер паўтараюць ва ўсім свеце, а ролікі з ім набіраюць мільёны праглядаў.
Каментатары адзначаюць прывабнасць і энергічнасць інданезійскага танца і іранізуюць, што ўся іх стужка запоўнена «танцамі весляроў».
Хлопчык, паводле карыстальнікаў, «вядзе сябе вельмі крута» і «стварaе аўру». Яго лёгкія і нязмушаныя рухі прывабліваюць і натхняюць.
Трэнд падхапілі і вядомыя спартоўцы: гоншчык Формулы-1 Алекс Албан, зорка амерыканскага футбола Трэвіс Келсі і футбольная каманда ПСЖ.
За ўсім гэтым стаіць 11-гадовы Раян Аркан Дзіха, які распавёў, як з’явіліся вірусныя рухі.
«Я сам гэты танец прыдумаў, — растлумачыў хлопчык у інтэрв’ю BBC Indonesia. — Гэта было абсалютна спантанна».
Жыве Раян у вёсцы ў правінцыі Куантан Сінгінгі. Гэта быў яго дэбют на нацыянальных гонках Pacu Jalur.
На вірусным відэа ён апрануты ў традыцыйнае малайскае адзенне і капялюш.
Стоячы на носе хуткаснай лодкі, якой кіруюць як мінімум 11 дарослых, ён нязмушана і рытмічна рухае рукамі — і ўсё гэта з абсалютна каменным тварам.
Відэа з рознымі саўндтрэкамі пад хэштэгамі #aura farming kid on boat і #boat race kid aura набралі з канца чэрвеня мільёны праглядаў у TikTok.
А сам Дзіха атрымаў мянушку «Жнец».
«Яго так называюць, бо ён ніколі не прайграе», — гаворыцца ў адным з каментароў пад ролікам, які набраў 1,1 мільёна ўпадабанняў.
«Гэты бро зносіць супернікаў сваёй аўрай, ён проста шалёны», — сцвярджае іншы.
Шмат карыстальнікаў спрабуюць капіяваць яго рухі, публікуючы відэа, дзе яны самі або іх сябры паўтараюць танец.
Не адстаюць і спартыўныя каманды.
1 ліпеня французскі футбольны клуб «Пары Сен-Жэрмен» выклаў у TikTok ролік са спробай паўтарыць вірусны танец, падпісаўшы яго так: «Яго аўра дайшла аж да Парыжа».
За 10 дзён відэа прагледзелі больш за 7 мільёнаў чалавек.
На наступны дзень Трэвіс Келсі, гулец НФЛ і хлопец поп-зоркі Тэйлар Свіфт, выклаў сваю версію, якая з таго часу набрала больш за 14 мільёнаў праглядаў.
У Інданезіі Pacu Jalur — не проста гонкі, а частка культуры і гонару краіны. Традыцыя падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні.
«Танцаваць на носе лодкі — гэта не так проста, — патлумачыў журналістам міністр культуры Фадлі Зон. — Трэба трымаць раўнавагу і адначасова матываваць каманду. Магчыма, менавіта таму выбіраюць дзяцей, а не дарослых — бо ім лягчэй захоўваць раўнавагу».
З ім згодная маці хлопчыка, Рані Рыдаваці. «Найбольш мы баімся, што ён упадзе і трапіць пад вёслы», — сказала яна.
Але дадала, што Раян вельмі добра плавае, а каманда ратавальнікаў заўсёды побач.
Хоць Раян не ведае нікога з зорак, якія паўтараюць яго танец, сам ён імкліва становіцца папулярным, асабліва ў роднай краіне.
На мінулым тыдні губернатар правінцыі Рыяу, адкуль хлопчык родам, назваў яго паслом культуры.
На гэтым тыдні яго з маці запрасілі ў сталіцу Джакарту, каб сустрэцца з міністрамі культуры і турызму краіны і выступіць на нацыянальным тэлебачанні.
Паводле слоў Раяна, ён «шчаслівы», што яго танец заўважылі ва ўсім свеце.
«Кожны раз, калі сябры бачаць мяне, яны кажуць: «Ты вірусны»», — кажа ён, ззяючы сарамлівай усмешкай.
Ён марыць стаць паліцэйскім, а тым, хто хоча пайсці яго шляхам, раіць: «Сябры, беражыце здароўе — і тады зможаце стаць такімі, як я».
Каментары