Украінская журналістка: Здаецца, Трамп усвядоміў цану, якую мая сям’я плаціць за гэту вайну
Журналістка Бі-бі-сі Міраслава Пеца падзялілася ўражаннямі ад размовы з Дональдам Трампам на саміце ў Гаазе, дзе на прэс-канферэнцыі прэзідэнт ЗША перадаў прывітанне яе мужу.

«Ніколі ў жыцці я не чакала, што Дональд Трамп будзе перадаваць прывітанне майму мужу. Але гэта адбылося на саміце НАТА ў Гаазе.
Смеху варта, але перад прэс-канферэнцыяй Трампа я была сапраўды засмучаная, бо не змагла акрэдытавацца на сустрэчу амерыканскага прэзідэнта, якую ён павінен быў правесці з Уладзімірам Зяленскім.
Тады я не ведала, што акрэдытаваная прэса не будзе мець магчымасці зняць сустрэчу на відэа ці ўвогуле ўбачыць лідараў.
Дык я паспяшалася да месца, дзе Дональд Трамп павінен быў даць прэс-канферэнцыю пазней таго ж дня. Там яго чакалі сотні журналістаў з усяго свету. У мяне ў галаве было гатовае пытанне, насамрэч, два пытанні. Але я ведала, што маю вельмі маленькі шанец іх задаць.
Не тое каб гэта было немагчыма. Яшчэ ў лютым, падчас яго сустрэчы з прэзідэнтам Зяленскім у Авальным кабінеце, я задала прэзідэнту Трампу два пытанні. Пра яго гатоўнасць працягваць пастаўкі зброі Украіне, калі не будзе хуткага міру (адказ быў «так»), і што будзе, калі Пуцін парушыць спыненне агню, што тады зробяць ЗША. На гэта ён адказаў: «А што, калі нешта здарыцца, што, калі вам зараз на галаву зваліцца бомба?».
Таму спачатку я зняла з сябе свой чорны пінжак, каб Дональд Трамп змог мяне ўбачыць у моры цёмных касцюмаў, што запоўнілі залу. Потым я падступіла бліжэй да сцэны. Пасля гэтага я падняла руку, спадзеючыся, што ён мяне заўважыць. І ў нейкі момант ён гэта зрабіў.
Я задала сваё пытанне наконт сістэм СПА Patriot і пра тое, ці гатовыя ЗША прадаць іх Украіне ў той час, калі Расія ўзмацніла бамбардзіроўкі ўкраінскіх гарадоў.
Сродкі супрацьпаветранай абароны — гэта прыярытэт нумар адзін для Украіны, асабліва цяпер, калі за лічаныя дні Расія забіла дзясяткі мірных жыхароў у Кіеве, Дняпры і Адэсе.
Я не была гатовая адкрыцца пра свае асабістыя праблемы cамаму ўплывоваму мужчыну ў свеце, гэта ніколі не ўваходзіла ў мае планы.
Але падчас нашай размовы прэзідэнт Трамп быў вельмі ўдумлівы і прыязны. Было бачна, што ён крануты.
І ён працягваў задаваць пытанні пра мяне і маю сям’ю, быццам упершыню ўбачыў звычайную ўкраінку, на жыццё якой паўплывала вайна, і меў магчымасць адкрыта пагаварыць.
Калі напрыканцы Дональд Трамп папрасіў мяне перадаць прывітанне майму мужу, які абараняе Украіну з другога дня поўнамаштабнага ўварвання, я была ашаломленая.
Здавалася, што ён усвядоміў асабістую цану, якую мая сям’я плаціць у гэтай вайне, і хацеў мяне суцешыць.
І я ведаю, што гэта размова шмат значыла не толькі для мяне, але і для ўсяго ўкраінскага народа.
Шмат хто ва Украіне спадзяецца, што яна нешта значыла і для Дональда Трампа», — напісала Міраслава Пеца.
Каментары