Двое жыхароў Жлобінскага раёна, якія падазраюцца ў жорсткім збіцці земляка, паўстануць перад судом.

Драма з крымінальнымі наступствамі разыгралася вясной. У адзін з красавіцкіх дзён жыхар Жлобіна сустрэўся з двума землякамі. «Удалае» знаёмства вырашылі адзначыць.
Аднак замест сяброўскай гутаркі алкаголь справакаваў канфлікт, які перарос у збіццё. У выніку адзін з мужчын з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі апынуўся на бальнічным ложку.
Работнікі Жлобінскай цэнтральнай раённай бальніцы аб паступленні пацыента з небяспечнымі для жыцця траўмамі паведамілі ў міліцыю. Следча-аператыўная група выехала на месца здарэння, паведамляе Дзяржкамітэт судовых экспертыз
На тратуарнай плітцы побач з гандлёвым павільёнам, дзе адбыўся канфлікт, спецыяліст Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз выявіў сляды абутку. Яны ўяўлялі сабой рэчыва чырвонага колеру, меркавана, крыві.
Выяўленыя сляды накіравалі ў Дзяржкамітэт судовых экспертыз для правядзення трасалагічнай экспертызы. Паводле заключэння эксперта, яны супалі з абуткам, канфіскаваным у двух раней затрыманых жыхароў Жлобіна, з якімі пацярпелы напярэдадні шпіталізацыі ўжываў спіртное.
Гэта заключэнне стала важкім пацверджаннем датычнасці дуэта да нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў мужчыну.
Жлобінскім раённым аддзелам Следчага камітэта расследаванне па крымінальнай справе завершана. Матэрыялы накіраваны ў суд.
Каментары