Кацярына Ціханава — не проста дачка Пуціна. Яе лічаць магчымай пераемніцай
Кацярына Ціханава, дачка Уладзіміра Пуціна, паступова становіцца фігурай, вакол якой выбудоўваецца новая палітычная архітэктура Расіі. Некаторыя лічаць, што краіна ўступае ў фазу кіраванай перадачы ўлады. Расказваем, што вядома пра малодшую дачку Пуціна.

Кацярына Ціханава нарадзілася 31 жніўня 1986 года ў нямецкім Дрэздэне (тады яшчэ ГДР), у сям’і на той час афіцэра КДБ Уладзіміра Пуціна і яго жонкі Людмілы. Яна — малодшая з дзвюх афіцыйных дачок прэзідэнта Расіі. Старэйшая сястра — Марыя (цяпер вядомая як Марыя Варанцова).
Па вяртанні сям’і ў Санкт-Пецярбург Кацярына вучылася ў недзяржаўнай гімназіі з паглыбленым вывучэннем нямецкай мовы, а пасля пераезду ў Маскву — у школе пры пасольстве Германіі ў Расіі.

Вышэйшую адукацыю Кацярына пачала атрымліваць на Усходнім факультэце Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, але пазней яна кардынальна змяніла профіль і скончыла магістратуру механіка-матэматычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У 2019 годзе Ціханава абараніла кандыдацкую дысертацыю ў галіне тэарэтычнай механікі.
Сёння яна з’яўляецца намесніцай дырэктара Інстытута матэматычных даследаванняў складаных сістэм МДУ, кіраўніцай Цэнтра нацыянальнага інтэлектуальнага рэзерву МДУ, дырэктарам Фонду «Нацыянальнае інтэлектуальнае развіццё», а таксама кіруе фондам «Інапрактыка» — структурай, пад брэндам якой згаданыя цэнтр і фонд здзяйсняюць сваю бізнэс-дзейнасць.
Так, яны прымалі ўдзел у распрацоўцы тэхналагічнай даліны МДУ, першы кластар якой Пуцін урачыста адкрыў у студзені 2023 года.
У 2020 годзе Ціханава ўзначаліла яшчэ адну арганізацыю — Інстытут перспектыўных даследаванняў праблем штучнага інтэлекту і інтэлектуальных сістэм.
Заснаваны пры падтрымцы дзяржавы фонд «Інапрактыка» стаў асноўнай пляцоўкай дзейнасці Ціханавой.
Згодна з расследаваннем Фонду барацьбы з карупцыяй, сярод кліентаў «Інапрактыкі» такія кампаніі, як «Раснафта», «Транснафта», «Расатам». Пры гэтым фонд ніколі не прадстаўляў ніякіх справаздач аб тым, куды ідуць атрыманыя грошы і якія работы за іх выконваюцца.
У лістападзе 2023 года фонд «Інапрактыка» купіў 10% долі ў найбуйнейшым вытворцу беспілотнікаў у Расіі — «Геаскане».
У ліпені 2022 года Кацярына Ціханава стала сустаршынёй Каардынацыйнай рады па імпартазамяшчэнні пры Расійскім саюзе прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў.
Асабістае жыццё
Вядома, што ў 2010-х гадах Кацярына захапілася акрабатычным рок-н-ролам і выступала на міжнародных спаборніцтвах. Яе партнёрам быў Іван Клімаў, прозвішча якога пазней было знойдзена сярод членаў праўлення фонду «Нацыянальнае інтэлектуальнае развіццё».
У 2013 годзе дзяўчына выйшла замуж за Кірыла Шамалава, сына вядомага банкіра Мікалая Шамалава, блізкага да пуцінскага кола. У перыяд шлюбу Шамалаў атрымаў долю ў нафтахімічным гіганце Sibur і трапіў у спіс мільярдэраў.
У 2015 годзе агенцтва Reuters правяло расследаванне, падчас якога фінансавыя аналітыкі ацанілі кошт карпаратыўных холдынгаў, якія на той час належалі Кацярыне Ціханавай і яе мужу, у два мільярды даляраў.
Але шлюб працягнуўся нядоўга. Кацярына стала таемна сустракацца з Ігарам Зяленскім, былым дырэктарам Баварскага дзяржаўнага балета. На той час мужчына таксама быў у шлюбе і нават меў дзяцей. Журналісты высветлілі, што ў 2017 годзе Ціханава нарадзіла ад Зяленскага дачку. У пачатку 2018 года яна афіцыйна развялася з Шамалавым.
Журналісты высветлілі, што з 2017 па 2019 гады Ціханава больш за 50 разоў лётала ў Мюнхен. У паездках як па краіне, так і за мяжу яе суправаджала да 10 афіцэраў Службы бяспекі прэзідэнта, што не прадугледжана законам.
У 2022 годзе, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, Ціханава трапіла пад санкцыі ЗША, Вялікабрытаніі, ЕС, Японіі і Новай Зеландыі як асоба, звязаная з расійскім кіраўніцтвам і патэнцыйна датычная да фінансавання агрэсіі.
Магчымы пераемнік
Нядаўна тэлеграм-канал ВЧК-ОГПУ пісаў, што Кацярына Ціханава можа разглядацца як пераемнік Пуціна. Такім меркаваннем з каналам дзялілася іх крыніца.
Пад гэта ўжо падведзена глеба. Уладу ў Расіі сёння кантралюе не аднаасобна Пуцін, а трохкутнік: сям’я — служба аховы — фінансавы клан Кавальчукоў.
«Цэнтр прыняцця рашэнняў у Расіі канчаткова змясціўся да клану Кавальчукоў — старых сяброў прэзідэнта і негалосных куратараў яго дачкі Кацярыны Ціханавай — і начальніку службы аховы прэзідэнта Рубяжному», — адзначае ананімная крыніца ВЧК-ОГПУ.
«Ціханава — не проста дачка. Яна — пераемнік. Унутры эліты ўжо не пытаюцца «Ці будзе яна?», а абмяркоўваюць «Калі?», — дзялілася крыніца.
Пры гэтым сама Кацярына застаецца адносна стрыманай публічна і не выступае з адкрытымі палітычнымі заявамі. Пры гэтым яна фактычна курыруе шматмільённыя кантракты, звязаныя з імпартазамяшчэннем, тэхнаразвіццём, штучным інтэлектам і вайсковымі тэхналогіямі.
Каментары
Лічы Рагнеда.