«Пабачыў шмат крыві». Сябар 43-гадовага Змітра Каспяровіча расказаў, як знайшоў яго цела
Зміцер Каспяровіч памёр у доме, дзе ён жыў пад Варшаваю, некалькі дзён таму. Напярэдадні цела мужчыны знайшоў ягоны сябар Юрый Фабішэўскі, які расказаў «Белсату», што пабачыў на месцы здарэння.

Фабішэўскі ўдакладніў, што той жыў не ў Варшаве, як ад пачатку паведамлялася, а ў паселішчы непадалёк ад польскай сталіцы — у Новым Двуры Мазавецкім.
Фабішэўскі сказаў «Белсату», што апошні раз размаўляў з сябрам у аўторак, 17 чэрвеня:
«Дамовіліся сустрэцца ў сераду ў Варшаве. Ён меўся прыехаць, мы мелі справы. А 19:00 званіў да яго, не здымаў слухаўкі, на спатканне не прыехаў. Ён мусіў прыехаць, таму я падумаў, што нешта здарылася».
На наступны дзень мужчына паехаў дадому да сябра:
«Ён не адгукаўся, да яго нельга было дазваніцца. У чацвер я пастанавіў прыехаць да яго, дзе ён жыў, гэта Новы Двур Мазавецкі. Прыехаў, там было зачынена. Запытаўся ў суседзяў, адна з суседак сказала, што яго не бачыла, не ведае, што здарылася».
Фабішэўскі знайшоў ключы ад дому і ў пятніцу прыехаў ізноў:
«Адчыніў дзверы, пабачыў шмат крыві пры ўваходзе. Сляды босых ног з крывёю, як ён падымаўся да сябе ў пакой. Падняўся на другі паверх, і ён ляжаў на матрацы, было шмат крыві. Адчыніў вокны, патэлефанаваў да паліцыі. Пачакалі паліцыю, прыехаў судмедэксперт».
Папярэдняя прычына смерці — тупая траўма галавы. Імаверна, Каспяровіч зваліўся з прыступак, аднак усе акалічнасці будзе высвятляць следства. На панядзелак прызначанае анатамаванне, пракурор вызначыць, ці было ўмяшанне трэціх асобаў, то бок няшчасны гэта выпадак ці злачынства.
Змітру Каспяровічу было 43 гады. Улетку 2022 года, калі выехаў з Беларусі ў Літву, прызнаўся, што супрацоўнічаў з КДБ.
Як сказаў «Белсату» яшчэ адзін сябар Каспяровіча, Зміцер Панкавец, спецслужбоўцы да актывіста не чапіліся:
«Пра тое, што былі нейкія пагрозы былі, ён мне ніколі не казаў. Шмат хто цяпер абмяркоўвае гэты момант, што ён у 2022 годзе супрацоўнічаў з КДБ. У адной з апошніх размоваў я пытаўся: ці пішуць яны табе зараз, ці нешта хочуць? Ён мне казаў, што не, не пішуць».
Панкавец назваў сябра «зацятым беларусам, які верыў у Беларусь, верыў у беларускую культуру, мову»:
«Ён ніколі не адступаў ад гэтага ні на крок. Самае галоўнае дасягненне Змітра, мне здаецца, што ён прыцягнуў шмат людзей да беларускасці. У нулявыя гады ён ладзіў экскурсіі па ўсёй Беларусі. Там былі цудоўныя экскурсаводы, вядомыя гісторыкі. І шмат людзей праз гэтыя экскурсіі вярталіся да беларускай веры, так бы мовіць, і прыходзілі да беларускасці».
Месца і час пахавання Каспяровіча пакуль не вядомыя.
Каментары
21.06.2025
Я уколаў не баюся, я чацвёрты год калюся. "
Гэта з каментаў пад чорнаю рамкаю. У вас на сайце.
Неяк у адным японскім фільме пра тэракт на хуткасным цягніку быў такі эпізод: вядучы, які прапрацаваў 20 гадоў на TV, звольніўся сам, зразумеўшы, што яшчэ тры гадзіны пасьля абясшкоджвання выбуховага прыстасавання, кіраўніцтва канала прымушала яго выдаваць у этэр хвалюючы кантэнт дзеля прыбытку.
Веру, што у вас мэта іншая - ісьціна. Толькі чым станеце вы самі для чалавека, якому памерлы быў блізкі?
З таго, што я прачытаў пра гэтага чалавека, я зразумеў, што нага у яго ужо была моцна пашкоджаная, а жыў ёй адзін. Пра астатняе вам ужо напісалі пад чорнаю рамкаю.